viasna on patreon

Магілёўскаму журналісту адмовілі ў азнаямленні з матэрыяламі праверкі, якая праводзілася па яго заяве

2015 2015-12-23T16:27:02+0300 2015-12-23T16:27:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/supracounik_milicyji.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Маёр міліцыі Віктар Ярашкоў патлумачыў, што адказ на сваю заяву Ігар Барысаў атрымае ў адпаведнасці з Законам “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб”, а не ў межах Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

22 снежня рэдактар і журналіст Ігар Барысаў разам з юрыстам Аленай Барысавай наведалі Кастрычніцкі РАУС Магілёва, дзе ў пісьмовай форме прасілі азнаёміць іх з матэрыяламі праверкі, якая праводзілася па іх заяве з прычыны спробы невядомых асоб у суправаджэнні двух супрацоўнікаў міліцыі патрапіць да іх у кватэру.

Адразу пасля гэтага інцыдэнта была пададзена заява ў міліцыю з просьбай устанавіць невядомых асоб, а таксама прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці за спробу незаконнага пранікнення без належных падстаў у прыватнае жытло. Аднак ужо 10 снежня ўчастковы Данькоў, які праводзіў праверку, вынес адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, нават не апытаўшы заяўнікаў.

Маёр міліцыі Віктар Ярашкоў патлумачыў, што ён можа азнаёміць толькі з часткай матэрыялаў праверкі, а менавіта тлумачэннямі, якія даваліся Барысавым і Барысавай, аднак не можа прадаставіць для азнаямлення іншыя матэрыялы.

Тым часам арт.7 Закона “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб” дае права заяўніку знаёміцца з матэрыяламі, якія адносяцца да разгляду зваротаў, калі гэта не закранае інтарэсы іншых асоб і ў матэрыялах няма дзяржаўнай, камерцыйнай альбо іншай таямніцы.

Юрыст Алена Барысава лічыць, што дзеянні супрацоўніка міліцыі Віктара Ярашкова не былі законнымі і нанеслі шкоду іх правам і законным інтарэсам:

-          Невядомыя асобы, якія назваліся прадстаўнікамі ТДА “Камунальнік”, спрабавалі да нас патрапіць у кватэру разам з міліцыяй калі знаходзіліся на працы і выконвалі ўказанні свайго начальства. Ніякія абмежаванні на азнаямленне з пазначанымі намі матэрыяламі не распаўсюджваюцца, калі гэта закранае нашы інтарэсы і правы. Мяркую, што міліцыянт схітраваў, каб стварыць нам дадатковыя перашкоды і прыхаваць чужыя парушэнні заканадаўства. Адзначу, што праверка прайшла аднабакова і няпоўна, участковы нават не правёў адпаведнае з заканадаўствам апазнанее асоб, якія спрабавалі патрапіць у кватэру.

У сувязі з адмовай азнаёміцца з матэрыяламі праведзенай міліцыяй праверкі пададзена скарга на імя начальніка Кастрычніцкага РАЎСа Сяргея Клімава.

Нагадаем, што 13 лістапада пяцера невядомых асоб, якія назваліся супрацоўнікамі ТДА “Камунальнік”, у суправаджэнні двух супрацоўнікаў міліцыі спрабавалі патрапіць у прыватную кватэру Ігара Барысава. Папярэдне называлася некалькі прычын, каб патрапіць унутр – сезонны агляд кватэр, праверка пажарнай бяспекі, а таксама наяўнасць у кватэры перапланіроўкі. Ні адна з агучаных прычын не вытрымалівала крытыкі – сезонны агляд кватэр адбываецца да пуску ацяплення, пажарную бяспеку могуць праверыць толькі супрацоўнікі МНС, і пажарныя апавяшчальнікі не з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх, а пра наяўнасць перапланіроўкі было вядома амаль год таму, і ніякіх прэтэнзій тады камунальнікі не выстаўлялі. Раней у кватэры журналіста было як мінімум тры падобныя камісіі.

Барысаў перакананы, што ў яго, як у журналіста, спрабавалі праверыць наяўнасць незарэгістраваных незалежных газет, а як у намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) -- ці ёсць якія палітычныя ўлёткі, альбо іншая літаратура для распаўсюду. Гэта і стала сапраўднай прычынай для візіту прадстаўнічай дэлегацыі ў колькасці сямі чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства