Завяршыўся візіт беларускіх праваабаронцаў у Адэсу
З 7 па 13 снежня беларускія праваабаронцы наведалі з азнаямленчым візітам Адэсу. Гэтая паездка прайшла ў межах Беларускай праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне і мела на мэце наладжванне супрацоўніцтва з мясцовымі арганізацыямі для магчымых сумесных салідарных грамадскіх дзеянняў. Падчас візіту беларусы сустрэліся з прадстаўнікамі мясцовых грамадскіх арганізацый ды зладзілі шэраг публічных мерапрыемстваў.
Па словах удзельнікаў паездкі, зараз найбольш актыўна тэмай правоў чалавека ў Адэсе займаецца арганізацыя Queer Home Odessa. Профіль іх дзейнасці – абарона правоў ЛГБТ-супольнасці. Яны праводзяць шырокія адукацыныя і інфармацыйныя кампаніі, ладзяць вечарыны ды імпрэзы, і адначасова з тым займаюцца маніторынгам парушэнняў правоў ЛГБТ як меншасці. Арганізацыя таксама мае сваю юрыдычную і псіхалагічную кансультацыю.
Адбылася сустрэча з прадстаўнікамі арганізацыі дапамогі перасяленцам “Садружнасць” – гэта некалькі арганізацый, якія аб’ядналіся пасля падзей на Данбасе, калі ў Адэсе з’явілася каля 50 тысяч вымушаных ўнутраных перасяленцаў. У профіль іх дзейнасці ўваходзіць пошук жытла, працаўладкаванне, псіхалагічная ды юрыдычная дапамога, праца з дзецьмі. Адзін з кірункаў, якім у бліжэйшы час плануе займацца “Садружнасць” – праблема негатыўнага настрою да перасяленцаў у СМІ і грамадстве.
“Для ўдзельнікаў “Садружнасці” мы праводзілі семінар, дзе абмяркоўвалі стэрыатыпы, адкуль яны бяруцца, пазнаёмілі іх з канцэпцыяй гуманітарнага антыфашызма Данііла Горыцкага. Асобна закранулі асаблівасці праектнай дзейнасці для грамадскіх арганізацый, а менавіта магчымыя аналітычныя даклады па сітуацыі з правамі дзяцей-перасяленцаў у рэгіёне : як іх лепш пісаць, куды накіроўваць, якія міжнародныя механізмы выкарыстоўваць”, - распавяла праваабаронца Наста Лойка.
Падчас візіту беларусы сустрэліся з журналістам Сяргеем Дзібровым, які працуе на партале Думская.net . Ён уваходзіць у грамадскую журналісцкую камісію па раследванню падзей 2 траўня 2013 года, калі ў выніку масавых беспарадкаў і сутыкнення актывістаў Еўрамайдана і Антымайдана ў Адэсе загінулі людзі.
9 снежня прайшоў круг стол “Узаемадзеянне рэгіянальных прадстаўніцтваў Беларусь-Украіна па рашэнні грамадскіх праблем” з прадстаўнікамі васьмі мясцовых праваабаронцых арганізацый. Правабаронцы распавялі пра сітуацыю ў Беларусі і працу ПЦ “Вясна” ды асаблівасці працы праваабаронцаў у рэгіёнах.
Таксама беларускія праваабаронцы пазнаёміліся з дзейнасцю Камітэта Выбарцаў Украіны. Яны займаюцца назіраннем за выбарамі ды абаронай палітычных правоў.
“Мы прыйшлі да высновы, што такой арганізацыі вельмі не хапае ў Беларусі, таму што яны не толькі назіраюць за выбарамі, але і адсочваюць каб перадвыбарчая праграма кандыдата ў дэпутаты адпавядае яго дзейнасці пасля выбрання. У іх вельмі вялікая сетка назіранняў і падобны профіль частковай дзейнасці “Вясны”, таму мы плануем наладзіць далейшую супрацу”, - паведаміў прадстаўнік Вясны ў рэгіёне Алесь Капуцкі.
12 снежня прайшоў адкрыты семінар для моладзі па тэме “Міжнародная салідарнасць і гуманітарны антыфашызм”. А 10 снежня Міжнародны дзень правоў чалавека беларускія праваабаронцы адзначылі раздачай дэкларацый на вуліцах Адэсы.
“Нас уразіла разгалінаванасць украінскіх арганізацый. Ёсць арганізацыі менавіта рэгіянальныя, якія займаюцца кожны сваімі справамі асобна па кожным з кірункаў у рэчышчы правоў чалавека: дапамога інвалідам, дзецям, дыскрымінацыя ЛГБТ, назіранне за выбараміі ды масавымі акцыямі. У нас спецыфіка нашай працы на рэгіянальным узроўні палягае ў тым, што філіял “Вясны” ў рэгіёне займаецца ўсімі гэтымі праблемамі адначасова. Паездка была важнай у тым ліку і для пашырэння свядомасці, бо правы чалавека – гэта ўніверсальны механізм і пра гэта варта памятаць”, - распавёў юрыст ПЦ “Вясна” у Барысаве Алег Мацкевіч.
Беларускія правабаронцы адзначылі, што нягледзячы на тое, што зараз Украіна стаіць перад новымі выклікамі, у Адэсе фактычна няма арганізацый, якія менавіта профільна займаюцца тэмай правоў чалавека. У той жа час праца ў галіне правы чалавека стаецца вельмі важнай для Украіны і ўсе арганізацыі кіруюцца праваабарончай канцэпцыяй, актыўна убудоўваюць яе ў сваю дзейнасць.
“Ёсць сэнс асобнай працы з моладдзю, бо тых, хто працуе з гэтай аўдыторыяй мы не знайшлі. Ёсць асобныя летнікі для школьнікаў, але больш актыўных ініцыятыў для маладых людзей мы не ўбачылі”, - пракаментавала Наста Лойка.
Нагадаем, сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” і беларускіх НДА ладзяць азнаямленчыя візіты ў гарады Украіны ў межах Беларускай праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне. Беларусы ўжо пабывалі ў Харкаве, Чарнігаве, Львове ды Адэсе.