Свіслацкі суд пакараў Уладзіміра Хільмановіча штрафам у 40 базавых велічынь
8 снежня ў Свіслацкім раённым судзе адбыўся разгляд справы гродзенскага праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгу і шэсці. Менавіта так было кваліфікавана мясцовай міліцыяй ушанаванне у гэтым раённым цэнтры памяці паўстанцаў 1863-га года і ўсіх палеглых за Беларусь, што адбылося 31-га кастрычніка.
На самым пачатку працэсу, які вяла суддзя Жана Салагубік, Уладзімір Хільмановіч заявіў некалькі хадайніцтваў і звярнуў увагу на тое, што ідзе ўжо не першы аналагічны судовы працэс над удзельнікамі Дня памяці, ёсць асуджаныя да штрафаў, але самога факту правядзення мітынгу і шэсця суд юрыдычна так і не даказаў. У ходзе самога працэсу Хільмановіч неаднаразова задаваў пытанні на гэтую тэму сведкам, якімі былі тыя самыя супрацоўнікі міліцыі, што складалі пратакол, але ніхто з іх так і не змог растлумачыць, чаму дадзеная мемарыяльная акцыя падпадае пад вызначэнне мітынгу і шэсця, а не з’яўляецца наведваннем у знакавы памятны дзень магілаў славутых продкаў і памятных мясцін, звязаных з паўстаннем.
Таксама ніхто са сведкаў-міліцыянтаў не змог растлумачыць, якімі нарматыўнымі дакументамі яны кіраваліся, калі сцвярджалі, што трыманне ў руках бел-чырвона-белага сцяга ёсць парушэннем заканадаўства.
Хільмановіч звярнуў увагу суддзі і на тое, што фактычна паказанні сведкаў былі на яго карысць і пацвердзілі яго словы пра тое, што ён нічым не парушыў заканадаўства. І тое, што міліцыя ні разу за час правядзення мерапрыемства не папярэдзіла прысутных пра парушэнне заканадаўства, даказвае, што так яно і было насамрэч.
І хоць на пытанні Уладзіміра Хільмановіча, ці быў ціск на міліцыю зверху, каб тыя складалі пратаколы, самі яны адказвалі што не, ніхто з іх так і не давёў іншай версіі ўзнікнення гэтых пратаколаў. Хільмановіч таксама спасылаўся на непісьменныя з юрыдычнага гледзішча рапарты міліцыянтаў, якія фігуравалі ў справе, а таксама іншыя недарэчнасці матэрыялаў справы.
Уладзімір Хільмановіч спасылаўся на канкрэтныя артыкулы заканадаўства – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама апеляваў да таго, што ён аспрэчвае пакаранне за мінулагодняе аналагічнае пакаранне ў Камітэце па правах чалавека ААН.
Прысутных у залі суда праваабаронцаў і журналістаў вельмі здзівіла тое, што пасля выказвання ўсіх гэтых і іншых довадаў, пасля заканчэння прамовы Хільмановіча суддзі не спатрэбілася аніводнай хвіліны на абдумванне. Суддзя Жана Салагубік спешна агучыла рашэнне – 40 базавых велічынь штрафу і пакінула залу судовых паседжанняў.
Уладзімір Хільмановіч напісаў заяву, каб яму выдалі копію рашэння суда разам з матывіровачнай часткай, каб абскардзіць ў судзе касацыйнай інстанцыі. У выпадку адмоўнага рашэння праваабаронца і гэтым разам збіраецца давесці справу да разгляду ў КПЧ.