viasna on patreon

Машчаніцкая чыноўніца ігнаруе патрабаванні закона

2015 2015-12-06T01:55:25+0300 2015-12-06T01:57:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belmova-vuchyce.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Журналіст Барыс Вырвіч 5 снежня атрымаў адказ з выканкама Машчаніцкага сельскага выканаўчага камітэта на свой зварот з прапановай у адпаведнасці з Законам “Аб мясцовым кіраванні і смакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” і Законам Рэспублікі Беларусь “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” ініцыяваць правядзенне агульнага сходу жыхароў аграгарадка Вялікая Машчаніца, на якім мясцовая грамадскасць змагла б разгледзець пытанне аб далейшым лёсе Машчаніцкай сярэдняй школы.

На здзіўленне журналіста, старшыня Машчаніцкага сельвыканкама Іна Напрэенка, праігнараваўшы Закон Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, даслала на яго беларускамоўны зварот адказ на рускай мове. Між тым, у ч. 1 арт. 18 Закона РБ “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” дакладна сказана, што “Пісьмовыя адказы (паведамленні) на пісьмовыя звароты выкладаюцца на мове звароту. Пісьмовыя адказы павінны быць адгрунтаванымі і матываванымі (пры неабходнасці – са спасылкамі на нормы актаў заканадаўства), утрымліваць канкрэтныя фармулёўкі, абвяргаючыя альбо пацвярджаючыя довады заяўніка”.

У сваім адказе старшыня Машчаніцкага сельвыканкама паведаміла Барысу Вырвічу, што пытанне рэарганізацыі Машчаніцкай сярэдняй школы ў базавую Бялыніцкім райвыканкамам, аддзелам адукацыі, спорту і турызму Бялыніцкага райвыканкама, і адміністрацыяй школы не разглядалася.

У выпадку разгляду пытання аб рэарганізацыі Машчаніцкай сярэдняй школы ў базавую “будзе прыцягнута бацькоўская грамадскасць аграгарадка Вялікая Машчаніца”.

Таксама Іна Напрэенка паведаміла журналісту, што згодна арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” яе адказ можа быць абскарджаны ў Бялыніцкім райвыканкаме.

Барыс Вырвіч кажа, што абавязкова будзе абскарджваць адказ старшыні Машчаніцкага сельвыканкама ў Бялыніцкім райвыканкаме, бо лічыць, што Іна Напрэенка нічога не адказала па сутнасці зварота і да таго ж парушыла закон, даслаўшы на яго адказ не на мове звароту.

“Я выдатна ведаю, што пытанне аб рэарганізацыі Машчаніцкай сярэдняй школы ў базавую пакуль не разглядалася Бялыніцкім райвыканкамам, - кажа Барыс Вырвіч. – Аднак таксама дакладна ведаю, што адпаведныя дакументы ўжо падрыхтаваны аддзелам адукацыі, спорту і турызму Бялыніцкага райвыканкама. Дарэчы, гэты факт мне неафіцыйна пацвердзілі і ў адміністрацыі Машчаніцкай школы, і ў тым жа Машчаніцкім сельвыканкаме, і ў аддзеле адукацыі. Таму я і прапаноўваў старшыні сельвыканкама ініцыяваць правядзенне агульнага сходу жыхароў аграгарадка Вялікая Машчаніца, на якім мясцовая грамадскасць змагла б разгледзець пытанне аб далейшым лёсе Машчаніцкай сярэдняй школы.

Аднак наша “народная” ўлада чамусьці баіцца параіцца з народам па пытанні, якое непасрэдна закранае многіх грамадзян. Яна аддае перавагу паабяцаць, што ў выпадку разгляду пытання аб рэарганізацыі школы “будзе прыцягнута бацькоўская грамадскасць аграгарадка Вялікая Машчаніца”. Проста сельскія і раённыя ўлады выдатна разумеюць, што можна адразу прыняць адпаведнае рашэнне, а пасля ўжо тлумачыць людзям, што гэта зроблена для іх жа выгоды, і нічога ўжо змяніць нельга”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства