viasna on patreon

Вінаватых у крадзяжы самаробных мемарыяльных крыжоў так і не знайшлі

2015 2015-11-30T15:50:41+0300 2015-11-30T15:50:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-hajsy-ushanavanne-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аддзел міліцыі Віцебскага раёну паведаміў заяўніку, актывісту КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву, што крымінальную справу з нагоды знікнення крыжоў, усталяваных каля вёскі Хайсы, распачынаць не будуць. Вінаватых шукалі сярод асобаў асацыяльных паводзінаў, але так і не знайшлі.

Крыжы, усталяваныя ў гэтых мясцінах на знак памяці пра невядомых асобаў, чые парэшткі знайшлі ў лесе каля вёскі Хайсы, зніклі, меркавана, у канцы верасня гэтага года. Актывіст Ян Дзяржаўцаў, грунтуючыся на ўспамінах мясцовых жыхароў, упэўнены, што ў гэтых мясцінах расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. І ён быў ініцыятарам ушанавання іх памяці. У пачатку кастрычніка спадар Дзяржаўцаў падаў у міліцыю заяву, дзе прасіў знайсці злодзеяў, якія здзейснілі акт вандалізму.

Міліцыянты-следчыя паведамілі актывісту, што ў дадзеным выпадку адсутнічаюць склады злачынстваў, прадугледжаныя ў Крымінальным кодэксе артыкулам 344 (наўмыснае разбурэнне, знішчэнне або пашкоджанне помнікаў гісторыі і культуры) або артыкулам 346 (зневажэнне гісторыка-культурных каштоўнасцяў). Бо дзеянні вінаватых асобаў былі накіраваныя на самаробны мемарыял, а не на аб'ект, афіцыйна аднесены да помнікаў гісторыі і культуры. Таксама, паводле супрацоўнікаў міліцыі, адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны артыкулам 347 Крымінальнага кодэксу (зневажэнне трупа ці магілы), бо тут хоць і ёсць чалавечыя парэшткі і масавыя пахаванні, але яны зноў жа не маюць афіцыйнага статусу.

У сувязі з тым, што падчас праверкі 4 з 5 зніклых крыжоў знайшліся, у міліцыі лічаць, што іх уласнік Ян Дзяржаўцаў не панёс вялікай матэрыяльнай страты. Два крыжы, якія нехта зламаў і схаваў у лесе, знайшлі самі актывісты, ашчэ два былі знойдзены з удзелам міліцыі, якая выязжала на месца. Гэтыя крыжы перададзены спадару Дзяржаўцаву пад распіску, і грашовыя страты – кошт адзінага не знойдзенага крыжа – складаюць каля 100 тысяч рублёў. Таму ў дзеяннях невядомай асобы міліцыя бачыць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 10.5 (дробны крадзеж).

Ян Дзяржаўцаў не задаволены адказамі з міліцыі:

"Па-першае, падчас апытання я паведамляў следчаму, што 5 крыжоў каштавалі мне каля 700 тысяч рублёў. А ў матэрыялах праверкі, дасланых мне, фігуруе лічба "500". Па-другое, я звяртаў увагу следчых, што два крыжы, якія мы знайшлі з Сяргеем Каваленкам, былі зламаныя. А ў матэрыялах праверкі гаворыцца, што мне ўсё вернута "ў непашкоджаным стане". У рэшце рэшт, я так і не зразумеў, ці вядуцца нейкія дзеянні ў межах адміністрацыйнай справы. Бо мне напісалі толькі, што ў выпадку, калі знойдзецца вінаваты, да яго прыменяць адміністрацыйнае спагнанне".

Паводле намесніка начальніка Віцебскага РАУС І.Каваленка, з мэтай выяўлення відавочцаў здарэння міліцыя апытала жыхароў бліжэйшых вёсак, вайскоўцаў з пошукавага батальёну, якія вялі раскопкі на месцы, дзе былі знойдзены парэшткі, работнікаў Лосвідскага лясніцтва і Мазалаўскага сельскага савету. Пэўная праца была праведзена і з асобамі асацыяльных паводзін – з тым, хто злоўжывае алкаголем і схільны да дробных крадзяжоў.

Асобаў, якія здзейснілі акт вандалізму ў дачыненні да самаробнага мемарыялу і скралі крыжы, выяўлена не было. Ян Дзяржаўцаў мяркуе, што адміністрацыйную справу, калі яе і пачалі, хутка "зачыняць", не знайшоўшы вінаватых.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства