Віцебскія актывісты патрабуюць высветліць, хто знішчыў мемарыяльныя крыжы
5 драўляных крыжоў былі ўсталяваныя ў лесе каля вёскі Хайсы. Паводле ўспамінаў старажылаў, тут у 1937-38 гадах адбываліся "сталінскія расстрэлы", і актывісты ўладкавалі там самаробны мемарыял. У верасні крыжы зніклі.
Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў падаў заяву ў аддзел міліцыі Віцебскага раёну, аднак не ведае, ці распачатае па гэтым факце крымінальная справа:
"7 кастрычніка мы з міліцыяй і прадстаўніцай следчага камітэту выязжалі на месца. Яны склалі пратакол, колькі каштавалі крыжы і іх дастаўка ў лес. Потым размаўлялі з прадстаўнікамі Мазалаўскага сельсавета. Мяне пры гэтай размове не было, аднак раней намесніца старшыні сельсавета Кацярына Каралёва мне казала, што не ведае, хто здзейсніў гэты акт вандалізму".
Ян Дзяржаўцаў згадвае размову з мясцовым ляснічым, калі той казаў, што крыжы зніклі пасля прыезду прадстаўнікоў адмысловага пошукавага батальёну. Іх выклікаў старшыня сельсавету, распавёўшы, што ў лесе дагэтуль знаходзяць непахаваныя чалавечыя парэшткі, і неабходна высветліць, каму яны належаць. Прадстаўнікі пошукавага батальёну прыязжалі ў верасні, каб ацаніць аб'ем працаў на мясцовасці.
Ужо тыдзень, як байцы-пашукавікі прыехалі і стала працуюць у лесе. Паводле адной з версій, парэшткі могуць належаць мірнаму насельніцтву і вайскоўцам, загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны. Аднак Ян Дзяржаўцаў упэўнены, што трагедыя адбылася раней, і што ў лесе ляжаць косткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Актывіст са сваімі аднадумцамі не аднойчы пабываў у гэтых мясцінах на працягу мінулага тыдня. У адзін з такіх прыездаў два крыжы з пяці выпадкова знайшоў сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка:
"Мы крыху заблукалі, адыйшлі ў бок ад ям, дзе ляжалі парэшткі. І вось тут, у забалочанай нізіне, я ўбачыў пад імхом два крыжы. Яны былі прытопленыя ў мох, і відаць, што знізу паламаныя. Мы крыжы пачысцілі і ўсталявалі на ранейшае месца. Астатнія тры – так і не знайшліся".
Пра знаходкі Ян Дзяржаўцаў ізноў паведаміў у міліцыю. Яго запэўнілі, што супрацоўнікі міліцыі разам з ім зноў паедуць у лес, каб зафіксаваць месца і акалічнасці, дзе знайшліся крыжы. Актывіст настойвае, каб міліцыя працягвала пошукі вандалаў, у якіх паднялася рука знішчыць асвенчаныя сімвалы памяці.