viasna on patreon

Месяц польскай літаратуры ў Менску. Дырэктара Інстытуту кнігі не ўпусьцілі ў Беларусь

2015 2015-10-28T15:11:09+0300 2015-10-28T15:11:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miazha-belarus.jpg

 

Насуперак ранейшым абяцаньням, дырэктар польскага Інстытуту кнігі Гжэгаж Гаўдэн не атрымаў беларускай візы. Ён ня зможа прысутнічаць на адкрыцьці Месяца польскай літаратуры, заплянаваным на 29 кастрычніка, паведамляе «Газэта Выборча».

— Гэта выразны сыгнал з боку ўладаў Беларусі: Польшча занадта шмат падтрымлівае незалежных беларускіх пісьменьнікаў, — кажа Гаўдэн.

У праграме Месяца польскай літаратуры ў Менску — сустрэчы, прысьвечаныя Віславе Шымборскай, Чэславу Мілашу, а таксама польскаму коміксу. У плянах таксама канцэрт Андрэя Хадановіча ў памяць Яцка Качмарскага.

— Я меўся ляцець у Менск у сераду, — распавядае Гжэгаж Гаўдэн. — Наш Інстытут кнігі фінансуе, сярод іншага, пераклады польскіх кніг на беларускую мову, запрашае апазыцыйных пісьменьнікаў і выдаўцоў у Польшчу. Месяц польскай літаратуры павінен быў стаць нагодай для спатканьня зь незалежнымі беларускімі выдаўцамі і пісьменьнікамі. На мінулым тыдні я здаў у беларускае пасольства ў Варшаве запрашэньне ад Польскага інстытуту ў Менску і ад тамтэйшага польскага пасольства.

Дырэктар Інстытуту кнігі шмат разоў бываў ва Ўкраіне і Літве, Беларусь ён зьбіраўся наведаць упершыню. У аўторак спадар Гаўдэн меўся атрымаць пашпарт зь беларускай візай — у гэтым яго яшчэ тыдзень таму запэўнілі чыноўнікі. Аднак замест візы яму паставілі пячатку «Адмоўлена». Чаму?

— Гаворка не пра мяне як прыватную асобу, а пра ўрадавую ўстанову, якую я прадстаўляю, — кажа Гаўдэн. — Інстытут кнігі падтрымлівае беларускіх апазыцыйных пісьменьнікаў стыпэндыямі ў Польшчы. У нас добрыя кантакты зь незалежнымі выдаўцамі ў Беларусі. Я расцэньваю гэтую адмову як сыгнал ад уладаў Беларусі: Інстытут кнігі не павінен падтрымліваць беларускіх апазыцыйных пісьменьнікаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства