Завяршыўся першы этап Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне
За два з паловай месяцы больш за 20 беларускіх валанцёраў паспелі дапамагчы арганізацыі “Станцыі Харкаў” у працы з вымушанымі перасяленцамі з зоны АТА. У планах – пашырэнне місіі на іншыя ўкраінскія гарады.
“Самае галоўнае з таго, што мы рабілі – праца для перасяленцаў на “Станцыі Харкаў”, дапамаглі тысячам людзей. Для нас гэта акт салідарнасці з імі. Не справядліва, што ў 21 стагоддзі людзі вымушаныя пакутваць ад розных праблемаў праз вайну. Яны вымушаныя з’язджаць са сваіх дамоў, маюць цяжкасці з тым, каб пасля перавезці адтуль сваякоў і дзяцей. Асноўная мэта нашай місіі – прыцягнуць увагу да праблемаў унутрана перамешчаных асобаў і распавесці насельніцтву Беларусі праўдзівую інфармацыю. Нашыя валанцёры запісвалі шмат гісторый уцекачоў і дзяліліся імі на нашай старонцы ў Facebook. Гэтая інфармацыя важная для беларусаў, бо адрозніваецца ад тых штампаў, якімі апелююць расійскія і беларускія СМІ”, - распавёў каардынатар Місіі Зміцер Салаўёў.
Кіраўніца “Станцыі Харкаў” Ева Гукалава высока ацаніла працу беларускіх валанцёраў:
“З чэрвеня па сярэдзіну жніўня на “Станцыі Харкаў" гасцявалі выдатныя людзі - нашы беларускія сябры, валанцёры і праваабаронцы з цэнтра "Вясна" і Беларускай праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне. Яны дапамагалі на гарачай лініі, праводзілі маніторынгавыя апытанні, грузілі, разгружалі машыны, дапамагалі з пераездам, кансультавалі, пісалі артыкулы, праводзілі інтэрв'ю, спявалі, танцавалі і рабілі яшчэ шмат чаго карыснага і важнага, не грэбуючы ніякай працай. Два месяцы праляцелі хутка і вось мы ўжо сумуем па новых сябрах. Дзякуем ім за дапамогу. Дзякуем за падтрымку. Дзякуем усім, дзякуючы каму стала магчымая гэтая місія. Вельмі спадзяюся на далейшае супрацоўніцтва. Жадаю міру і свабоды вашай краіне! Жыве Беларусь!”
Падчас працы ў Місіі беларускія ўдзельнікі змаглі ўпэўніцца, што ўнутры ўкраінскага грамадства вельмі моцная салідарнасць, многія з валанцёраў на “Станцыі Харкаў” – перасяленцы, якія дапамагаюць людзям, што трапілі ў такія ж жыццёвыя абставіны.
“Асобным кірункам нашай дзейнасці была праца па наладжванні кантактаў з мясцовымі няўрадавымі арганізацыямі і ініцыятывамі. Ужо зараз мы маем шэраг дамоўленнасцяў аб тым, што і надалей будзем прыязджаць і дапамагаць ім у якасці валанцёраў, паспрабуем збіраць гуманітарную дапамогу ў Беларусі. Нам хацелася б актывізаваць нашае грамадства, каб больш шырокае кола людзей удзельнічала ў дапамозе ўкраінцам. Каб кожны ахвотны мог дапамагчы сабраць гуманітарную дапамогу і неабходныя рэчы”, - адзначае Зміцер Салаўёў.
Таксама арганізатары Місіі плануюць серыю канферэнцый і семінараў, прысвечаных супрацоўніцтву беларускіх і ўкранскіх правабарончых арганізацый.
Нагадаем, Праваабарончая гуманітарная місія ва Украіне, ініцыяваная ПЦ “Вясна”, стартавала на пачатку чэрвеня ў Харкаве. Цягам двух месяцаў беларускія валанцёры працавалі ў арганізацыі “Станцыя Харкаў”, якая аказвае дапамогу перасяленцам з зоны АТА. Сярод напрамкаў яе дзейнасці - усе магчымыя спосабы дапамогі ўцекачам, ад выдачы адзення, ежы і сродкаў асабістай гігіены да юрыдычных кансультацый, пошуку працы, жытла і правядзення адукацыйных трэнінгаў. Акрамя таго, у межах Місіі ў чэрвені берасцейскія праваабаронцы з тыднёвым візітам наведалі Львоў, дзе таксама наладжвалі кантакты з мясцовымі праваабарончымі арганізацыямі. У далейшым да Львова і Харкава арганізатары плануюць далучыць Адэсу, Чарнігаў і Чаркасы.