viasna on patreon

У Бабруйску перад выбарамі ажыў Каардынацыйны савет

2015 2015-08-20T14:25:28+0300 2015-08-20T14:25:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/deputaty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бабруйску зноў збіраўся Каардынацыйны савет грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Звычайна ён актывізуецца падчас выбарчых кампаній дзеля таго, каб заклікаць бабруйчан "галасаваць за стабільнасць", як гэта было ў 2010 годзе.

Раёнка "Трыбуна працы" піша, што прадстаўнікі Савету сабраліся, каб "адзінагалосна прагаласаваць за тое, каб падтрымаць на выбарах свайго кандыдата". Праўладныя актывісты збіраюцца "забяспечыць належнае правядзенне актыўнай агітацыйнай працы, накіраваць прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый і прафсаюзных арагнізацый для работы ў складзе выбарчых камісій і прыкласці ўсе высілкі для таго, каб грамадзяне нашай краіны ўзялі актыўны ўдзел у выбарах".

Якім чынам сябры Савету збіраюцца варушыць грамадства, не паведамляецца. Але гледзячы па выказваннях старшыні Савету Таццяны Бокач, яны зноў будуць пераконваць бабруйчан і жыхароў раёну ў тым, што "усё нармальна", і трэба ў гэткім жа накірунку рушыць далей. "За апошнія дзесяцігоддзі ў краіне ўжо шмат зроблена для народа і будзе зроблена яшчэ больш. А для гэтага сёння важна падысці да выбарчай кампаніі з усёй адказнасцю", - цытуе "Трыбуна працы" Таццяну Бокач.

У склад Каардынацыйнага савету ўваходзяць практычна ўсе праўладныя грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі Бабруйшчыны. Савет пазіцыянуе сябе як "пастаянна дзеючы калегіяльны орган па выпрацоўцы і ажыццяўленню ўзгодненых мерапрыемстваў, накіраваных на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі па падтрыманні стабільнасці ў грамадстве, а яго асноўнай задачай з'яўляецца згуртаванне канструктыўных грамадскіх сіл, умацаванне грамадзянскай згоды, каардынацыя дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый".

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства