У Віцебску так і не адбыліся пікеты КХП-БНФ «за ўдзел у сумленных выбарах»
Мясцовыя чыноўнікі Віцебску ніяк не адрэагавалі на прапанову актывістаў КХП-БНФ далучыцца да пікетаў, якія тыя меркавалі правесьці 9 жніўня. А самі пікеты забаранілі.
На пікетах, якія так і не адбыліся, пяцёра заяўнікаў-апазыцыянэраў хацелі супольна з прадстаўнікамі ўлады, калі б тыя адгукнуліся на іх прапанову і далучыліся да акцыі, «нагадаць жыхарам Віцебску пра іх абавязак – браць удзел у сумленных выбарах, якія адпавядаюць міжнародным стандартам і абавязацельствам Рэспублікі Беларусь, пры якіх уладамі захоўваюцца фундамэнтальныя правы і свабоды беларускіх грамадзян».
Калі б прадстаўнікі ўлады станоўча адказалі на прапанову актывістаў пра супольны удзел у імпрэзе, з арганізатараў зьняўся б цяжар заключэньня дамоваў зь міліцыянтамі, мэдыкамі і камунальнікамі, праз адсутнасьць якіх у Віцебску традыцыйна забараняюць пікеты, мітынгі і вулічныя шэсьці апазыцыі. Мець такія дамовы для атрыманьня дазволаў на масавыя мерапрыемствы, што праходзяць без удзелу дзяржавы, вымагае сумна вядомае рашэньне № 881 Віцебскага гарвыканкаму.
З традыцыйнай прычыны не дазволілі мерапрыемствы і гэтым разам. Намесьніцы старшыняў адміністрацыяў Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў Віцебску Вольга Гурчанка і Натальля Ляпёшкіна забаранілі пікеты менавіта на той падставе, што няма патрэбных дамоваў. Хаця апазыцыянэры спрабавалі гэтыя дамовы заключыць, дзеля чаго адначасова з заяўкамі на пікеты даслалі лісты ў адпаведныя ўстановы.
Распавядае адзін з заяўнікаў, Ян Дзяржаўцаў: «На нашу прапанову, каб улады ўзялі ўдзел у пікетах разам з намі, чыноўнікі не адказалі ані слоўца. Што ж да патрабаваньня пра дамовы – выканаць яго аказалася немагчымым: толькі «Зелянгас» адказаў нам пра сваю згоду заключыць дамову. А мэдыкі і міліцыянты наогул праігнаравалі нашы звароты – мы так і не атрымалі ніякіх адказаў на нашы прапановы пра дамовы ані ад Упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму, ані ад Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікі».