viasna on patreon

Старшыня Салігорскага ТБМ: Міністэрства адукацыі і народ жывуць у розных краінах

2015 2015-08-01T11:56:07+0300 2015-08-01T11:56:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tbm-logotip.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Салігорская арганізацыя Таварыства беларускай мовы атрымала ад Міністэрства адукацыі адказ на сваю заяву аб неабходнасці надання беларускай мове не дэкларатыўнага, а сапраўднага дзяржаўнага статусу і забеспячэння рэальнай роўнасці дзьвюх дзяржаўных моваў ва ўсіх сферах жыцця.

Надзвычай пазітыўны адказ уладаў выклікаў непаразуменне ў сяброў арганізацыі:

- Савет Міністраў чамусці перанакіраваў наш запыт у Міністэрства адукацыі, хаця нашы патрабаванні тычыліся не толькі і не столькі гэтага ведамства. Намеснік міністра Сідарэнка ж у сваім адказе так расхавальваў нашую рэчаіснасць, што склалася ўражанне нібыта мы жывем у нейкай абсалютна іншай краіне, - кажа старшыня Салігорскага ТБМ Уладзімір Масакоўскі. - Аказваецца, дзеці ў нашых садках актыўна далучаюцца да багацця беларускай мовы, знаёмяцца з беларускімі народнымі святамі, творамі нацыянальных пісьменнікаў і кампазітараў. А яшчэ ў іх нібыта выхоўваецца пачуццё этнічнай прыналежнасці, культура маўленчых зносін і нават граматычны лад маўлення ды правільнае вымаўленне гукаў. І яшчэ дзьве старонкі тэксту пра тое, як у нас усё акей і будзе яшчэ лепш. Вось толькі на вуліцах Салігорску у выніку гэткай “грандыёзнай” працы беларускай мовы чамусці амаль не чуваць.

Абурае прадстаўнікоў ТБМ і маніпуляванне з боку чыноўнікаў статыстычнымі дадзенымі.

-- Паводле прыведзенай Міністэрствам адукацыі статыстыкі, больш чым у палове школаў краіны адукацыйны працэс здяйсняецца на беларускай мове. Аднак гэтыя лічбы абсалютна не карэлююць з колькасцю навучэнцаў беларускамоўных школаў. У стотысячным Салігорску, напрыклад, няма ніводнага класу з беларускай мовай навучання, - канстатуе кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі ТБМ.

Сябры Салігорскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы па-ранейшаму будуць патрабаваць ад уладаў вырашыць пытанне аб увядзенні з боку ўлады жорсткага кантролю на ўсіх узроўнях за выкананнем моўнага заканадаўства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства