viasna on patreon

Бабруйск: Чыноўнікі абяцаюць вырашыць праблему з пад'ёмнікамі ў бліжэйшыя пяць гадоў

2015 2015-05-26T23:03:55+0300 2015-05-26T23:03:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fedarava-anastasijaa-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бабруйску вельмі востра стаіць праблема адсутнасці электрапад'ёмнікаў у дамах, у якіх жывуць інваліды-вазочнікі. У некалькіх дамах яны ўжо з'явіліся, але ў асноўным мясцовым вазочнікам даводзіцца чакаць дапамогі ад сяброў і сваякоў, каб зайсці і выйсці з пад'езда. Нагадаем, Анастасія Фёдарава вядзе перапіску з мясцовымі і абласнымі чыноўнікамі ў надзеі, што ўсё ж зможа самастойна выбірацца на вуліцу з уласнай кватэры. Але напрыканцы красавіка дзяўчына атрымала адказ з Магілёўскага аблвыканкаму, у якім ёй прапанавалі вырашыць праблему за ўласныя грошы. Анастасія мае дабрачынны рахунак, збірае грошы на лячэнне, менавіта гэтыя сродкі ёй і параілі аддаць на выраб пад'ёмніка.  Вазочніца была вельмі абураная гэтым адказам, у якім, між іншым, гаварылася, што "бюджэтнае фінансаванне мерапрыемстваў па стварэнні безбар'ернага асяродка жыццядзейнасці фізічна аслабленых асобаў у камунальным жыллёвым фондзе на 2015 год не прадугледжана".

Але вазочнікі працягваюць скардзіцца на адсутнасць умоў для нармальнага перамяшчэння, і мяцовыя ўлады вымушаны рэагаваць. Газета "Вечерний Бобруйск" паведамляе, што на апошняй планёрцы ў гарвыканкаме абмяркоўваўся зварот бабруйчанкі, якая скрадзілася на адсутнасць пандусаў у доме №104 па вуліцы Ульянаўскай.

"У мінулым годзе горад пайшоў на эксперымент і ўсталяваў у трох жылых дамах спецыяльныя механічныя пад'ёмнікі для транспарціроўкі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Прылады вырабляліся ў Бабруйску і абышліся гораду ў 13 мільёнаў рублёў, тады як адзін механічны пад'ёмнік гомельскай вытворчасці каштуе каля 150 мільёнаў. Тым не менш, для «высотак» аптымальным варыянтам з'яўляюцца электрычныя пад'ёмнікі, якія каштуюць яшчэ даражэй", - цытуе выданне словы начальніка упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталлі Казаковай.

Таксама паведамляецца, што бабруйскія чыноўнікі ўзгаднілі сацыяльную праграму на 2016-2020-я гады. Згодна з ёй, пад'ёмнікі мусяць з'явіцца ў пад'ездах вазочнікаў. Гэта можа азначаць тое, што ў бягучым годзе Анастасія Фёдарава ўсё ж не зможа карыстацца пад'ёмнікам. Застаецца спадзявацца, што ёй не прыйдзецца яго чакаць і да 2020 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства