viasna on patreon

Сябры салігорскай арганізацыі ТБМ патрабуюць рэальнай роўнасці моваў

2015 2015-05-13T00:14:18+0300 2015-05-13T00:14:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/salig-mova-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Удзельнікі ўрачыстага сходу Салігорскай гарадской арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны” прынялі заяву да старшыні Палаты прадстаўнікоў і прэм’ер-міністра з патрабаваннем рэальнай моўнай роўнасці ў краіне.

Паседжанне з нагоды 25-гадовага юбілею з дня стварэння салігорскай арганізацыі ТБМ адбылося ўвечары 11 траўня ў мясцовым Клубе будаўнікоў. Удзельнікі сходу згадалі гісторыю з’яўлення мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы і доўгі шлях у барацьбе за свае моўныя правы. Нягледзячы на ўрачыстасць моманту, значная частка мерапрыемства была прысвечана абмеркаванню існуючых праблем, датычных дыскрымінаванага стану беларускай мовы ў рэгіёне і краіне.

Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі сходу звярнуліся да кіраўнікоў заканадаўчай і выканаўчай галін улады са зваротам:

“У дзяржаве існуе негатыўнае стаўленне да развіцця беларускай мовы. Адсутнічае раўнавага паміж дзьвюмя дзяржаўнымі мовамі, а таксама кантроль за выкананнем артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Паўсюль у краіне пануе руская мова. У гарадах Рэспублікі амаль адсутнічаюць беларускамоўныя садкі і школы. Тое ж самае назіраецца і ў вясковай адукацыі.

Амаль ва ўсіх сферах грамадскага жыцця кіраўніцтвам выканкамаў, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў не выконваецца ці выконваецца з парушэннямі артыкул 17 Канстытуцыі Беларусі і Закон “Аб мовах”, што з’яўляецца парушэннем права грамадзян на карыстанне роднай мовай,” - гаворыцца ў заяве.

Удзельнікі схода запатрабавалі надаць артыкулу 17 Канстытуцыі не толькі дэкларатыўны статус, але прывесці правапрымяняльную практыку ў адпаведнасць духу і сапраўднаму сэнсу асноўнага закона краіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства