У родных Яўгена Васьковіча не ўзялі мастацкую літаратуру ў калоніі
17 красавіка маці, бацька і бабуля Яўгена Васьковіча пабачыліся з хлопцам на кароткатэрміновым спатканні. Перадалі прадукты і сродкі гігіены, а таксама Біблію ў перакладзе ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага. Гэта ўжо другая беларускамоўная Біблія, якая патрапіла да Яўгена за краты. Першую, у перакладзе Васіля Сёмухі, хлопцу перадалі бабруйскія сябры яшчэ ў першы год зняволення. Хлопец нават адбыў за яе пакаранне карцарам, бо не хацеў аддаваць Біблію канваірам.
-Жэня адчувае сябе добра, дзякуе за лісты і паштоўкі, перадае ўсім прывітанні. Ён быў вельмі рады ўпершыню за чатыры гады пабачыцца з бацькам, усё не мог з ім наразмаўляцца, - распавядае Рушанія Васьковіч. - Таму не ўсе тэмы паспелі абмеркаваць. Пра тое, што Арцём Пракапенка напісаў прашэнне аб памілаванні, таксама не размаўлялі. Наколькі я ведаю, хлопцы нават не бачацца, бо знаходзяцца ў розных атрадах.
Сваякі хацелі перадаць Яўгену і іншыя кнігі, але пакуль дазволілі толькі Біблію. Рушанія Васьковіч кажа, што яны будуць спрабаваць яшчэ раз перадаць сыну мастацкую літаратуру.
У лісце да бабруйскіх сяброў Яўген прызнаецца, што зараз мала чытае газет, а ў асноўным увесь вольны час аддае кнігам. "У школе мала чытаў, дык хаця б зараз начытаюся", - піша Васьковіч з магілёўскай калоніі.