viasna on patreon

Леаніда Аўтухова асудзілі без адваката, не задаволіўшы ніводнага хадайніцтва

2015 2015-04-10T14:49:30+0300 2015-04-10T14:49:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autuhou-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кандыдат па Віцебскай сельскай акрузе №21 ад ПБНФ Леанід Аўтухоў

Кандыдат па Віцебскай сельскай акрузе №21 ад ПБНФ Леанід Аўтухоў

Падставай для адміністрацыйнай справы, якую разглядаў Гарадоцкі райсуд, стаў запіс у кнізе скаргаў, зроблены сябрам Партыі БНФ Леанідам Аўтуховым. Ён параўнаў начальніка раённай управы па працы, занятасці і сацыяльным забеспячэнні Пятра Прасолава з «тэрарыстам у Луганску і Данецку» . Суд прызначыў пакаранне – 30 базавых штрафу.

Судзіць Леаніда Аўтухова пачалі яшчэ 30 сакавіка. 9 красавіка суддзя Аляксандра Носава вынесла пастанову пра штраф. За гэты час у Гарадоцкім РАУС паспелі памяняць абвінавачанне супраць актывіста.

Запіс, які стаў падставай для судовага разбіральніцтва, з'явіўся пасля таго, як Аўтухова знялі з уліку па беспрацоўі ў цэнтры занятасці. Актывіст перакананы, што гэта было незаконна. І зрабіў запіс у кнізе скаргаў, хочучы падкрэсліць, што начальнік раённай управы па працы, занятасці і сацыяльным забеспячэнні спадар Прасолаў падтрымлівае несправядлівае рашэнне. Аднак чыноўнік убачыў у словах пра "тэрарыста ў Луганску і Данецку" абразу, распавёў Леанід Аўтухоў:
"Я хацеў, каб на запіс у кнізе скаргаў звярнула ўвагу начальства Пятра Прасолава. А ён напісаў заяву ў міліцыю. На мяне склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкула 9.3 — за «абразу, свядомае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме». 30 сакавіка распачаўся суд, і ў першы ж дзень суддзя Аляксандра Носава абвясціла перапынак больш як на тыдзень. Не паведаміўшы пра гэта падчас працэсу, яна пастанавіла адправіць пратакол на дапрацоўку ў райаддзел міліцыі. Я даведаўся пра гэта выпадкова, калі прыйшоў у суд больш падрабязна вывучыць матэрыялы справы. А іх там ужо не было."

Суддзя сказала спадару Аўтухову зайсці да яе па абедзе 3 красавіка. Маўляў, матэрыялы справы ўжо будуць у яе. Аднак тут жа ў суд з'явіліся міліцыянты і заявілі, што склалі на актывіста новы пратакол - ужо па іншым артыкуле — 23.5 КаАП за «абразу службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў асобай, не падначаленай па службе».

Пра лёс першага пратаколу і першай сваёй справы Леаніду Аўтухову засталося толькі здагадвацца – у пачатку судовага пасяджэння 8 красавіка суддзя сказала, што ранейшай справы няма, і што яна разбірае ўжо новую.

"У маім запісе не было ніводнага нецэнзурнага слова, аднак міліцыянты спярша склалі пратакол менавіта з такім абвінавачаннем. Суддзя адправіла дакументы "на дапрацоўку". Аднак ніхто нічога дапрацоўваць не стаў. У міліцыі проста склалі іншы пратакол", - працягвае Леанід Аўтухоў.

Падчас судовага працэсу ён хадайнічаў, каб у якасці сведак выклікалі капітана міліцыі Собалева, які склаў новы пратакол, нават не ўзяўшы тлумачэнняў. Аднак суддзя не задаволіла ні гэтае хадайніцтва, ні яшчэ 4 хадайніцтвы, з якімі звяртаўся Л.Аўтухоў. Істотна, што адно з іх тычылася ўдзелу ў працэсе адваката. Таму актывіст лічыць, што суд незаконна пазбавіў яго права на абарону:
"8 красавіка, калі суд распачаўся ўжо па новым пратаколе, я ўсё ж вырашыў звярнуцца па дапамогу адваката. Заявіў пра гэта на судзе, і суддзя Аяксандра Носава абвясціла перапынак на адны суткі. Пошукі адваката я пачаў у Віцебску, але ў адвакацкай канторы вольных адвакатаў не было. Вярнуўся ў Гарадок, знайшоў адваката, але гэтая спадарыня была вольная 9 красавіка толькі з 16 гадзін. Яна пагадзілася мяне бараніць, але зранку на працы яе не было, і дамову заключыць я не змог. Суд распачаўся ў 14, я папрасіў дадатковы перапынак, каб да 16 прыйсці да адваката па дамову. Але суддзя сказала, што чакаць не будзе. Перад тым яна спытала меркаванне на гэты конт у Пятра Прасолава, і той сказаў "не трэба цягнуць ката за хвост".

Леанід Аўтухоў упэўнены, што яго судзілі з парушэннямі заканадаўства і ягоных правоў. А яшчэ ў тым, што ягоныя правы былі парушаны і падчас зняцця з уліку па беспрацоўі, і яшчэ раней – калі ў 2008 годзе яго скарацілі перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, куды ён балатаваўся. З тае пары ён меў больш за 40 спробаў уладкавацца на працу, але гэта яму так і не ўдалося, у тым ліку з дапамогай рэгіянальнага цэнтру занятасці.

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства