viasna on patreon

Баранавічы: Генеральная пракуратура падтрымала дзеянні мясцовых і міністэрскіх чыноўнікаў

2015 2015-04-03T11:10:39+0300 2015-04-03T11:10:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/malashhc-filipchyk.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бацькі вучняў былога беларускамоўнага класа ў Баранавічах Таццяна і Алег Малашчанкі, а таксама Антаніна і Васіль Філіпчыкі атрымалі ліст з Генеральнай пракуратуры за подпісам начальніка аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян М.В. Паповай. У адказе паведамляецца, што зварот бацькоў па пытанні арганізацыі навучання дзяцей на беларускай мове разгледжаны, але ў гімназіі № 4 горада Баранавічы няма магчымасці навучацца па-беларуску.

– Мы ўпэўнены, што такія магчымасці ёсць, і яны навідавоку, але ў рэальным жыцці аказалася, што беларуская дзяржава супраць навучання нашых дзяцей на роднай мове. Таму мы вось ужо цэлы навучальны год змагаемся з баранавіцкімі, брэсцкімі і мінскімі чыноўнікамі за тое, каб нашыя дзеці працягвалі вучыцца па-беларуску ў гімназіі № 4. Вялікая надзея была на Генеральную пракуратуру, і мы разлічвалі, што з яе дапамогай мы станоўча вырашым нашае пытанне. Але замест таго, каб прыцягнуць да адказнасці парушальнікаў закона і прымусіць гарадскіх, абласных і міністэрскіх чыноўнікаў выконваць заканадаўства аб мовах, Генеральная пракуратура наш першы зварот адправіла для адказу тым, хто парушае законы і нашыя правы. А з цяперашняга адказу вынікае, што Генеральная пракуратура не бачыць у дзеяннях дзяржаўных чыноўнікаў парушэння закона аб мовах і Канстытуцыі, таму і падтрымала дзеянні мясцовых і міністэрскіх чыноўнікаў, якія не хочуць адкрыцця беларускамоўнага класа ў Баранавічах, – паведаміла Таццяна Малашчанка.

Яна адзначыла, што ў склаўшыхся ўмовах будзе звяртацца ў суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы.

 

Фота: Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык, якія хочуць навучацца па-беларуску

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства