Магілёўскі абласны суд не задаволіў наглядную скаргу па справе канфіскацыі незалежных газет
З гэтай нагоды намеснік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і рэдактар бюлетэня “НАШ Магілёў” Ігар Барысаў рыхтуе скаргу ў Вярхоўны суд, а таксама ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Старшыня Магілёўскага абласнога суда Ігар Прошка палічыў, што судзя Магілёўскага раённага суда Станіслаў Леўчанка прыйшоў да правільнай высновы аб тым, што канфіскаваная друкаваная прадукцыя валодае ўсімі прыкметамі, якія дазваляюць яе аднесці да прадукцыі СМІ. Па яго меркаванні, пра гэта сведчыць выраб прадукцыі ў фармаце газеты, лагатып, звесткі аб рэдактары, месцы, даце і накладзе выдання, умовах распаўсюду. Пра гэта таксама сведчыць і надпіс на друкаванай прадукцыі “НАШ Магілёў”, які азначае, што гэта незалежнае грамадска-палітычнае выданне горада.
Тое, што ў пратаколе агляда пазначана, што ў багажніку аўтамабіля знаходзяцца бюлетэні, а ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні – улёткі, не сведчыць пра невінаватасць Ігара Барысава, бо ён распаўсюджваў прадукцыю СМІ, не з’яўляючыся яе распаўсюднікам і, на думку Ігара Прошкі, быў абгрунтавана прызнаны вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ. Дзеянні былі правільна класіфікаваны па ч.2 арт.22.9 КаАП РБ.
Юрыст Алена Барысава, лічыць, што ў дадзеным выпадку быў парушаны арт.19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе права на свабодны распаўсюд інфармацыі. Абмежаванні на выкананне падпісанага Рэспублікай Беларусь дакумента можа накладацца толькі ў выпадку аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя альбо маральнасці насельніцтва.
- Судзя Леўчанка не ўстанавіў прыкметы друкаванай прадукцыі. Маю на ўвазе, што было ў аўтамабілі – улёткі, бюлетэні ці газеты. Але напісаў, што рабіў гэта ў матывіровачнай частцы пастановы суда. Таксама выклікае пытанне неабгрунтаваная прычыны спынення аўтамабіля інспектарамі ДАІ – нібыта здзяйсненае на ім хуліганства ў райцэнтры Бялынічы, што не пацвердзілася. Апроч таго, закон “Аб СМІ” распаўсюджваецца выключна на юрыдычную асобу, а не на фізічную, - кажа Алена Барысава.
Нагадаем, што 16 ліпеня намеснік старшыні БСДП Ігар Барысаў разам з намеснікам старшыні Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвам былі прыпынены супрацоўнікамі ДАІ ў прыгарадзе Магілёва. Паводле інспектараў, аўтамабіль, на якім ехалі палітыкі, здзейсніў хуліганства ў райцэнтры Бялынічы, і для разбіральніцтва ім прапанавалі праехаць у Магілёўскі РАУС. Падчас агляду аўтамабіля было канфіскавана 11 800 асобнікаў друкаваных выданняў.
Нумар газеты “НАШ Магілёў” быў прысвечаны захаванню гісторыка-культурнай спадчыны Магілёва, а “Сацыял-дэмакрат” -- пытанням “Народнага рэферэндуму”, у якім актыўна ўдзельнічае Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
Адметна тое, што суд вёў суддзя Магілёўскага раённага суда Станіслаў Леўчанка, які ў бягучым годзе праславіўся тым, што даў газеце “Вячэрні Магілёў” інфармацыю прыватнага характару – абвінавачаны ў крадзяжы жыхар раёна аказаўся трансгендэрам. За гэта суддзя атрымаў афіцыйную вымову.