Скарга да Генпракурора – апошняя надзея былога кандыдата ў дэпутаты
Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч, былы кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13, 21 сакавіка накіраваў скаргу на імя Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.
У сваёй скарзе Валерый Каранкевіч распавядае пра сваё незаконнае затрыманне 23.03.2014 г. непасрэдна на выбарчым участку ў Хоцімску, а таксама пра свае безвыніковыя звароты ў органы пракуратуры розных узроўняў са скаргамі на дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС. Грамадскі актывіст просіць Генеральнага пракурора правесці дадатковую праверку па факту яго незаконнага затрымання непасрэдна перад пачаткам падліку галасоў выбаршчыкаў 23 сакавіка 2014 года.
“Я напісаў гэту скаргу на імя Генеральнага пракурора, каб канчаткова прайсці ўсе інстанцыі з надзеяй усё ж дабіцца справядлівасці, - кажа Валерый Каранкевіч. – На нейкі станоўчы вынік, шчыра кажучы, я ўжо не спадзяюся, бо безвынікова прайшоў са сваімі скаргамі чатырнаццаць розных інстанцый і ўся “вертыкаль” пракурорскага нагляду нашай краіны не змагла ўбачыць у дзеяннях хоцімскіх супрацоўнікаў міліцыі парушэння маіх канстытуцыйных правоў. Аднак я лічу, што патрэбна ісці да канца, бо калі я не буду адстойваць свае правы, то я не змагу дапамагчы зрабіць гэта іншым. Ужо хутка павінна стартаваць кампанія па выбарах прэзідэнта нашай краіны, думаю, што ціск на грамадскіх актывістаў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і ўладных структур будзе толькі ўзрастаць”.
Нагадаем, 23 сакавіка каля 20-00 кандыдат у дэпутаты Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3 у Хоцімску. Двумя супрацоўнікамі мясцовай міліцыі ў чыне маёра кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэняў.
Былы кандыдат у дэпутаты неаднаразова спрабаваў абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС у пракуратуры Хоцімскага раёна і Магілёўскай вобласці, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, аднак тыя прыходзілі да высновы, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі “з’яўляліся правамернымі і не супярэчылі дзеючаму заканадаўству”.
Сам Валерый Каранкевіч лічыць, што супрацоўнікі хоцімскай міліцыі затрымлівалі яго неабгрунтавана і незаконна з мэтай перашкодзіць яму прысутнічаць пры падліку галасоў выбаршчыкаў, а таксама з мэтай запалохвання грамадскіх актывістаў Хоцімскага раёна.