viasna on patreon

Мазырcкія ўлады не бачаць праблем з выкарыстаннем роднай мовы

2015 2015-03-07T08:47:00+0300 2015-03-07T08:47:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bel-mova-u.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мазырскі райвыканкам і Савет дэпутатаў адказалі на зварот праваабаронцы Уладзіміра Целепуна наконт сітуацыі ў раёне з выкарыстаннем роднай мовы. Нагадаем, заяўнік заклікаў мясцовых кіраўнікоў прыняць усе меры для рэальнага забеспячэння права грамадзян на родную мову. У Мазыры няма ніводнага дзіцячага садка з беларускай мовай выхавання, беларускамоўнага класа, школы ці гімназіі. Нават шыльды з назвамі вуліц апошні час размяшчаюць на рускай мове. Уладзімір Целяпун мае досвед, калі ў судзе яго заявы, сведчанні па-беларуску перакладалі потым, для рашэння, на рускую мову. У канцылярыі пракуратуры праваабаронцу неяк папярэдзілі, што адказ на заяву па-беларуску будзе дадзены на рускай мове.

У праваабаронцы ні з адным з чыноўнікам райвыканкама, дэпутатамі раённага Савета і Нацыянальнага сходу не атрымалася наўпрост пагаварыць на беларускай дзяржаўнай мове, аднак адказы на пісьмовыя заявы ён атрымлівае па-беларуску. Мясцовая газета «Жыццё Палесся», заснавальнікамі якога з’яўляюцца райвыканкам і райсавет, па-беларуску друкуюць толькі назву выдання. Змест СМІ цалкам падаецца на рускай мове.

Уладзімір Целяпун мяркуе, што такія падыходы парушаюць прынцып роўнасці (арт. 22 Канстытуцыі), прыводзяць да пераважнага ўжывання рускай мовы за кошт беларускай і могуць быць ацэнены як дыскрымінацыйныя.

Адказы чыноўнікаў што з райвыканкаму, што з Савету дэпутатаў напісаны як пад капірку. Прадстаўнікі ўлады пішуць, што ў раёне з мэтай папулярызацыі беларускай мовы праводзяцца мерапрыемствы ў галіне культуры і адукацыі: выставы, вечарыны, конкурсы і гэтак далей. Па інфармацыі чыноўнікаў, у Мазырскім раёне 30 устаноў адукацыі вядуць справаводства па-беларуску.

Між тым, праваабаронца звяртаў увагу на канкрэтныя рэчы: адсутнасць беларускамоўных школ, садкоў, публікацыі ў раённай газеце «жыццё Палессе», заснавальнік якой – райвыканкам, толькі на рускай мове, немагчымасць наўпрост пагаварыць з «вертыкаллю» і дэпутатамі на роднай беларускай мове, якой яны, як паказвае досвед, не валодаюць. На гэтыя пытанні адказу ў чыноўнікаў не знайшлося.

«Па сутнасці звароту - нічога канкрэтнага. Пра газету «Жыццё Палессе» - поўны маўчок. Адны робяць ціхай сапай сваю брудную справу русіфікацыі, а беларускім чыноўнікам - беларусам, як быццам гэта даспадобы. Прыкра», - пракаментаваў Уладзімір Целяпун.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства