Адказ пракурора: са здаровай галавы – на хворую
Жыхар Менскага раёна Дзмітрый Раслаўцаў звярнуўся ў Менскую раённую пракуратуру з просьбаю аб дапамозе аднавіць справядлівасць у грамадзянскай справе, якая тычылася ягоных маёмасных інтарэсаў. Адказ за подпісам намесніка пракурора І. Мурашкіна, моцна здзівіў заяўніка.
Падставай для звароту ў пракуратуру стаў прысуд суда Заводскага раёна Менска ад 19 траўня мінулага года, згодна з якім на ўласную маёмасць і зямельны ўчастак Дзмітрыя Раслаўцава было накладзенае спагнанне (арышт) ў межах крымінальнай справы ягонай жонкі. Пры гэтым суд не звярнуў увагу на тую акалічнасць, што “арыштаваны” дом – адзінае месца жыхарства Раслаўцава, дзе ён і зарэгістраваны. Нерухомасць жа была набытая за ўласныя сродкі Дзмітрыем у 2005 годзе, а шлюб заключаны напрыканцы 2010 года. Таму, - як справядліва лічыць заяўнік, - падстаў для прызнання гэтай маёмасці агульнай уласнасцю сям’і не маецца. У выніку – узнікла неабходнасць аспрэчваць гэтае судовае рашэнне ў судовым парадку. Думаецца, і пытанне б не паўстала, каб ён мог зрабіць гэта самастойна.
Але Дмітрый Раслаўцаў з’яўляецца інвалідам другой групы і атрымлівае пенсію у памеры 1 300 000– 1 400 000 рублёў. Апроч гэтага, рэгулярна знаходзіцца на стацыянарным лячэнні і самастойна звярнуцца ў суд проста не можа фізічна, улічваючы цяжкасці са складаннем працэсуальных дакументаў, запатрабаваннем з суду шматлікіх доказных матэрыялаў, якія знаходзяцца ў справе.
Зыходзячы з гэтага, Раслаўцаў прасіў пракурора Менскага раёна звярнуцца з зыскам у суд Мінскага раёна аб вызваленні капітальнай пабудовы і зямельнага надзелу ад арышту. Каму ж як не пракуратуры сачыць за захаваннем законнасці і правоў грамадзян?
Тым больш, што ў адпаведнасці з артыкулам 81 Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу РБ, пракурор мае права звярнуцца ў суд з заявай аб узбуджэнні грамадзянскай справы, падведамаснай суду, калі гэта неабходна для абароны правоў і інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, якія ахоўваюцца законам, а таксама юрыдычных асоб і грамадзян.
Адказ Пракуратуры Менскага раёна за подпісам намесніка пракурора І. Мурашкіна, моцна здзівіў заяўніка. З яго вынікае, што… “выратаванне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў”.
Фактычна ўхіліўшыся ад адказу па-сутнасці пракурор паведамляе Раслаўцаву, што “Вы маеце права самастойна звярнуцца ў суд з зыскавай заявай аб вызваленні маёмасці з-пад арышту. Вы можаце хадайнічаць перад судом аб запатрабаванні доказаў, якія вы не можаце атрымаць самастойна, без дапамогі суда”.
Вось дык дапамагла пракуратура, пераклаўшы праблемы са здаровай галавы – на хворую.
Дзмітрый Раслаўцаў плануе звяртацца па дапамогу ў Пракуратуру Менскай вобласці, а ў выніку адмоўнага адказу інваліду давядзецца ўзваліць усе судовыя клопаты на свае плечы.