МЗС Беларусі: Рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН прымем да ведама
Адказваючы заснавальнікам ГА "За справядлівыя выбары" Сяргею Калякіну і Віктару Карняенка на пытанне, калі будзе выканана рашэнне Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (КПЧ ААН) аб пераглядзе рэгістрацыі асацыяцыі, намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў уступіў з КПЧ ААН у завочную палеміку.
На думку чыноўніка, КПЧ ААН наогул не меў права разглядаць гэтую справу, так як скаргу ад імя заснавальнікаў падавалі не самі ахвяры парушэння, а іншая асоба. Акрамя таго, Валянцін Рыбакоў лічыць, што па дадзенай справе ахвяры не вычарпалі ўсе даступныя сродкі прававой абароны, паколькі не звярнуліся з нагляднаю скаргаю да Генеральнага пракурора.
Па абазначаных прычынах МЗС не мае магчымасці прыняць да разгляду рашэнне КПЧ ААН. Акрамя таго, МЗС паведаміла, што ў краіны няма абавязку друкаваць, як таго патрабавалі заяўнікі, рашэнне КПЧ ААН у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Пасля атрымання афіцыйнага перакладу тэксту рашэння, яно будзе накіравана да ведама рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, - паведамляе намеснік міністра МЗС.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які якраз і прадстаўляў па даверанасці інтарэсы палітыкаў у КПЧ ААН так пракаментаваў адказ МЗС.
“Адмаўляючыся прызнаваць стандарты, практыку, метады працы і прэцэдэнты КПЧ ААН Беларусь адмаўляецца прызнаваць яго кампетэнцыю тлумачыць патрабаванні любых палажэнняў Пакта, што, несумненна, супярэчыць аб'екту і мэце самога Пакту. Лічу, што краіна, якая добраахвотна прызнала юрысдыкцыю Камітэта, не мае права закранаць яго паўнамоцтвы, а роўным чынам ігнараваць яго аўтарытэтнае меркаванне”, - падкрэсліў праваабаронца.
“Меркаванні (рашэнні) КПЧ ААН ўяўляюць сабой аўтарытэтнае вызначэнне, якое выносіцца органам у адпаведнасці з самім Пактам і на які ўскладзена задача тлумачэння гэтага дакумента. Беларусь абавязаная няўхільна выконваць не толькі рашэнні Камітэта, але таксама абавязаная прызнаваць яго стандарты, практыку, метады працы і прэцэдэнты. Дадзенае становішча заснавана на найважным прынцыпе міжнароднага права - прынцыпе "Pacta sunt servanda", у адпаведнасці з якім кожны дзеючы дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца”, - падвёў рысу Леанід Судаленка.
Нагадаем, у сувязі з прыняццем у КПЧ ААН рашэння, па якім беларуская ўлада абавязаная перагледзець заяўку на рэгістрацыю ГА "За справядлівыя выбары", заснавальнікі С. Калякін і В. Карняенка звярнуліся ў МЗС аб пераглядзе іх справы па наноў адкрыўшыхся абставінах.