viasna on patreon

Баранавічы: суд прызнаў законнай забарону пікета да Дня правоў чалавека

2015 2015-01-27T22:25:12+0300 2015-01-27T22:25:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gousha-siargej-sud-piket.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Гоўша.

Сяргей Гоўша.

У судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы 27 студзеня адбыўся працяг разгляду скаргі праваабаронцы Сяргея Гоўшы на рашэнне Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта ад 05.12.2014г., згодна якому быў забаронены пікет, прысвечаны 66-м угодкам прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Судовае паседжанне вяла суддзя Вольга Апановіч, сакратар – Анастасія Царык.

Напачатку Сяргей Гоўша хадайнічаў, каб суддзя далучыла да справы заявы грамадскіх актывістаў Рыгора Грыка, Віктара Сырыцы, Мікалая Чарнавуса, Вячаслава Болбата, Анжэлы Камбалавай са сведчаннем таго, што Баранавіцкі гарвыканкам на працягу некалькіх гадоў парушаў закон “Аб масавых мерапрыемствах у РБ” ад 30.12.1997 года. Праваабаронца тлумачыў суду, што гарвыканкам шмат гадоў запар незаконна патрабаваў ад заяўнікаў заключэння дамоў з міліцыяй па ахове грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў, а міліцыя, у сваю чаргу, патрабавала ад грамадскіх актывістаў, перш чым заключыць пісьмовую дамову, паказаць дазвол гарвыканкама на правядзенне мерапрыемства. У прыватнасці, ён зачытаў адказ начальніка міліцыі ГАУС Герасімовіча В.В. грамадскаму актывісту Рыгору Грыку, у якім паведамлялася, што Баранавіцкі гарадскі аддзел унутраных спраў заключыць з ім дамову аб ахове грамадскага парадку толькі тады, калі будзе дазвол гарвыканкама на правядзенне пікета. У дадатак да сказанага Сяргей Гоўша таксама зачытаў скаргу Віктара Сырыца пракурору г. Баранавічы, у якой ён прасіў дзяржаўнага чыноўніка, які ажыццяўляе нагляд за дакладным і аднастайным выкананем законаў, абавязаць маёра Кульгавіка П.С. выконваць рашэнне гарвыканкама ад 16.06.2009 года № 1497 і заключыць дамову па ахове грамадскага парадку падчас пікета 25 сакавіка 2013 года.

Аднак не ўсе хадайніцтвы Сяргея Гоўшы прыняў да разгляду суд. У прыватнасці, суддзя Вольга Апановіч адмовілася далучыць да гэтай грамадзянскай справы рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН ад 2012 года, якое прызнае, што Баранавіцкі гарвыканкам парушыў правы Сяргея Гоўшы, Віктара Сырыцы і Віктара Мезяка на мірныя сходы, і незаконна забараніў ім праводзіць сход грамадзян.

Але найбольшыя спрэчкі паміж заяўнікам і прадстаўнікамі гарадской улады ў судзе вяліся вакол п. 4 рашэння гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы”, якое, на думку Сяргея Гоўшы, не адпавядае Пастанове Савета Міністраў ад 05.03.2012г. № 207.

Гэты факт пацвердзіла і сама прадстаўніца Баранавіцкага гарвыканкама Святлана Паўловіч, якая паказала ў судзе праект новага рашэння гарвыканкама аб масавых мерапрынемствах у г. Баранавічы, і якое, па словах спадарыні Паўловіч, цяпер прыведзена ў адпаведнасць з Пастановай Саўміна.

Тамуправаабаронца Сяргей Гоўша і патрабаваў, каб суд вынес прыватную пастанову на незаконныя рашэнні горвыканкама, якія, на яго думку, амаль тры гады незаконна абавязвалі грамадскіх актывістаў заключаць дамовы з міліцыяй па ахове грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў. Яшчэ праваабаронца прасіў суд прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў Баранавіцкага гарвыканкама за сістэматычнае невыкананне Пастановы Савета Міністраў ад 05.03.2012г. № 207. Але суддзя Вольга Апановіч праігнаравала гэтыя патрабаванні.

ТаксамаСяргей Гоўша прасіў суд адмяніць як незаконнае і парушаючае правы заяўнікаў рашэнне гарвыканкама ад 05.12.2014г., згодна якому быў забаронены пікет, прысвечаны 66-м угодкам прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Прадстаўнікі гарвыканкама – начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Святлана Паўловіч, начальнік юрыдычнага аддзела Іна Долмат не прызналі патрабаванняў Сяргея Гоўшы да гарвыканкама. Яны паведаміла суду, што гарвыканкам забараніў запланаваны пікет на 10 снежня 2014 года законна, бо заяўнікі не ўказалі ў сваёй заяве меры, звязаныя з аховай грамадскага парадку, медычным абслугоўваннем і прыборкай тэрыторыі пасля правядзення пікета.

Праваабаронца Сяргей Гоўша даказваў, што заяўнікі заключылі дамову з ЖКГ і гарадской бальніцай аб прыборцы тэрыторыі і медычным абслугоўванні пасля пікету і прыклалі гэтыя дамовы разам з абавязацельствам да сваёй заявы.

Але суд традыцыйна прыняў бок гарвыканкама і адмовіў Сяргею Гоўшы ў задавальненні яго скаргі на дзеянні Баранавіцкага гарвыканкама.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства