Жыхара Брэста "завочна" аштрафавалі за партрэты зніклых палітыкаў
Жыхара Брэста Андруся Шарэнду аштрафавалі за партрэты зніклых палітыкаў — на 2,7 млн рублёў. Яго прызналі вінаватым у расклейцы інфармацыйных плакатаў.
Нагадаем, што ўжо традыцыйная за апошнія месяцы акцыя салідарнасці адбылася 16 студзеня. У шматлюдных месцах Брэста з'явіліся партрэты Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Дзмітрыя Завадскага. У той жа дзень у Брэсце быў затрыманы грамадскі актывіст Андрусь Шарэнда. Маладога чалавека літаральна "знялі" з тралейбуса супрацоўнікі АМАПу.
Спачатку на актывіста быў складзены пратакол за "дробнае хуліганства". Ён нібыта аблаяў матам тых самых амапаўцаў. Пасля быў складзены другі пратакол ужо непасрэдна за расклейку плакатаў — "Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населенных пунктаў". Па абвінавачанню ў дробным хуліганстве Андруся Шарэнду хацелі асудзіць праз некалькі гадзін пасля затрымання, аднак яго вызвалілі з залы суда. Склад правапарушэння ў дзеяннях актывіста суддзя не пабачыла, а адміністрацыйны пратакол загадала вярнуць у міліцыю на дапрацоўку.
Разгляд справы па другім артыкуле прайшоў 23 студзеня. Адміністрацыйная камісія Маскоўскага раёна Брэста прызнала Шарэнду вінаватым. У каментары Еўрарадыё Андрусь Шарэнда кажа, што даведаўся пра гэта толькі 27 студзеня з ліста, які атрымаў па пошце.
Шарэнда: "Я быў асуджаны гэтай камісіяй да 15 базавых велічынь штрафу па артыкуле 21.14 нібыта з-за забруджанне тэрыторыі і гэтак далей. З пратаколам я не пагадзіўся, але адміністрацыйная камісія на гэта не звярнула ўвагу, і спакойна без маёй прысутнасці асудзіла мяне".
Андрусь Шарэнда з рашэннем камісіі не згодны, але пакуль не вырашыў, ці будзе яго абскарджваць. Малады чалавек упэўнены, што наступныя інстанцыі пакінуць прысуд без зменаў.