viasna on patreon

Васіль Палякоў: «Пільныя асабістыя дагляды на мытні – дыскрымінацыя па палітычных матывах»

2015 2015-01-02T16:21:54+0300 2015-01-02T16:21:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paliakou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Васіль Палякоў.

Васіль Палякоў.

2 студзеня намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў накіраваў заяву старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта, у якой просіць правесці службовую праверку і даць прававую ацэнку дзеянням службовых асоб Ашмянскай мытні, а таксама паведаміць – якія ў мытнікаў былі падставы для правядзення асабістага дагляду.

Нагадаем, 28 снежня пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы на цягніку «Вільня-Мінск» у мытным пункце «Гудагай» Васіль Палякоў быў падвергнуты пільнаму дагляду. Яму прапанавалі нават зняць вопратку і абутак. Як вынікае з Акта аб правядзенні асабістага мытнага дагляду, ён быў праведзены згодна з артыкула 117 Мытнага кодэксу Мытнага саюзу і на падставе рашэння начальніка Ашмянскай мытні.

«З дзеяннямі службовых асоб Ашмянскай мытні па правядзенні асабістага мытнага дагляду я не згодны і заяўляю, што ў дачыненні да мяне, як намесніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, супрацоўнікі мытні ўжываюць ярка выяўленую дыскрымінацыю па палітычных матывах», - падкрэсліў у заяве палітык.

Як патлумачыў праваабаронца Леанід Судаленка, згодна з артыкулам 117 Мытнага кодэкса Мытнага саюзу асабісты мытны дагляд з'яўляецца выключнай формай мытнага кантролю, які праводзіцца па пісьмоваму рашэнню кіраўніка (начальніка) мытнага органа, упаўнаважанага iм намесніка кіраўніка, пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што фізічная асоба хавае пры сабе і добраахвотна не выдае тавары, што перамяшчаюцца з парушэннем мытнага заканадаўства Мытнага саюзу.

«У дадзеным выпадку рашэнне аб асабістым мытным даглядзе было прынята службовай асобай пагранічнага камітэту, які выклікаў свайго начальніка, а той аддаў распараджэнне службовым асобам мытні правесці асабісты дагляд і дагляд рэчаў Васіля Палякова. У выніку правядзення ў дачыненні да палітыка выключнай формы мытнага кантролю без яўнай наяўнасці на тое дастатковых падстаў ён быў вымушаны мяняць свае планы, несучы пры гэтым матэрыяльныя выдаткі, звязаныя з неабходнасцю здачы праязных білетаў і набыцця білетаў на іншыя цягнікі», - дадаў праваабаронца.

Раней, а менавіта 4 снежня, аналагічная сітуацыя ўзнікла ў Васіля Палякова ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск», калі супрацоўнікі пагранічнага камітэту з выкарыстаннем супрацоўнікаў мытнага камітэту правялі ў дачыненні да яго асабісты мытны дагляд.

«Такім чынам, наяўныя ў маім распараджэнні доказы і факты адназначна сведчаць аб тым, што мае асабістыя дадзеныя ўнесены ў так званыя «спісы па даручэнні праваахоўных органаў», існаванне якіх на дзяржаўнай мяжы не ўрэгулявана ні адным нарматыўна прававым актам, а супрацоўнікі мытнага камітэту, знаходзячыся ў залежнасці ад супрацоўнікаў памежнага камітэту, праводзяць у дачыненні да мяне без наяўнасці на тое дастатковых падстаў выключную форму мытнага кантролю», - адзначыў у заяве намеснік старшыні АГП.

Калі кіраўніцтва ДМК не адрэагуе належным чынам на заяву, палітык мае намер звярнуцца ў суд.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства