viasna on patreon

Бяляцкі: падтрымліваючы Лукашэнку, Захад падтрымлівае і Пуціна

2014 2014-12-19T08:59:31+0300 2014-12-19T08:59:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/praga-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі ў Празе выступае на канфэрэнцыі «Замежная палітыка ў галіне правоў чалавека ў ХХІ стагодзьдзі»і

Алесь Бяляцкі ў Празе выступае на канфэрэнцыі «Замежная палітыка ў галіне правоў чалавека ў ХХІ стагодзьдзі»і

У дзень памяці Вацлава Гаўла старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» і былы палітвязень Алесь Бяляцкі прыехаў у Прагу на запрашэньне Міністэрства замежных справаў Чэхіі.

У інтэрвію Радыё Свабода праваабаронца распавёў, ці будзе ў Беларусі свой Вацлаў Гавэл, ці варта чакаць пацяпленьня ў дачыненьнях з ЗША і пра небясьпеку падтрыманьня Лукашэнкі з боку міжнароднай супольнасьці.

РС: Цяперашняе Міністэрства замежных справаў Чэхіі дыстанцуецца ад палітыкі Вацлава Гаўла ў галіне правоў чалавека. Вы асабіста бачыліся з Вацлавам Гаўлам. Што, па-Вашаму, зьмянілася ад таго часу?

Бяляцкі: Вядома, ёсьць пэўныя трывожныя сыгналы, як, напрыклад, выказваньні прэзыдэнта Зэмана. Ёсьць няпэўная пазыцыя Чэхіі ў адносінах да агульнай пазыцыі Эўразьвязу у сувязі з расейска-ўкраінскай вайной. Але мне падаецца, што здаровы пачатак, які заклаў Вацлаў Гавэл у чэскую палітыку, застаецца. Прынамсі калі казаць пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, чэскі ўрад займае дастаткова ясную і выразную пазыцыю.

РС: У Вас прайшла сустрэча ў Міністэрстве замежных справаў Чэхіі. Распавядзіце, калі ласка, ці памятаюць у Чэхіі пра Беларусь, ці атрымалі Вы там падтрымку?

Бяляцкі: Гэта была звычайная працоўная сустрэча ў аддзеле, які займаецца ўсходнеэўрапейскімі праблемамі, у тым ліку і Беларусьсю. У асноўным я там распавядаў пра сытуацыю з правамі чалавека, пра тое, што адбываецца ў нашай краіне.

Улады пачалі рыхтавацца да выбараў, якія адбудуцца ў наступным годзе. Гэта рэпрэсіі, якія маюць дачыненьні да канкрэтных людзей, а таксама прыняцьце паправак у закон, які датычыць распаўсюду інфармацыі ў Беларусі. Улады ствараюць законныя падставы для спыненьня плюралізму ў мэдыя-прасторы. Прычым гэтыя абмежавальныя папраўкі будуць датычыць і праваабарончага цэнтру «Вясна», таму што наш сайт унесены ў сьпіс забароненых да прагляду сайтаў у дзяржаўных установах. Усё гэта сьведчыць пра тое, што адной рукой улады выпусьцілі мяне, але другой рукой працягваюць рэпрэсіўныя дзеяньні.

РС: ЗША заявілі пра намер аднаўленьня дыпляматычных дачыненьняў з Кубай, нягледзячы на тое, што ў гэтай краіне ёсьць вязьні сумленьня і працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Чаго ў гэтым выпадку можна чакаць Беларусі?

Бяляцкі: Куба — гэта унікальны выпадак. Сытуацыя там не паляпшаецца ўжо доўгі час, хаця народ даведзены да галечы і да жабрацтва. Тым ня менш, ніякага супраціву мы там ня бачым, бо гэтая ізаляцыя яна дала магчымасьць стварыць такі вялікі канцлягер. Што да санкцыяў, якія ўжываюцца ў міжнароднай палітыцы, то я зьяўляюся іх прыхільнікам. Але яны як лекі: калі іх мала дасі хворай дзяржаве ці хвораму грамадзтву — яны не дапамогуць. Калі іх багата дасі — яны могуць нашкодзіць. І тут трэба вельмі індывідуальна вызначаць вось тую дозу, тую форму санкцыяў, якая магла бы дапамагчы спыніць супрацьпраўныя дзеяньні з боку дзяржавы.

Што тычыцца дачыненьняў зь Беларусьсю, то я ня думаю, што трэба чакаць сур’ёзных зьменаў. Таму што асноўныя прычыны, па якіх былі ўведзеныя палітычныя санкцыі, ня зьніклі. Таму лёгіка падказвае, што зьменаў і з санкцыямі ня будзе. Але падкрэсьліваю — палітычныя санкцыі, бо эканамічныя былі ледзь-ледзь і то цяпер яны амаль адмененыя ўсе.

РС: Ці ня будзе зьмена палітыкі Абамы ў дачыненьні краіны, дзе ёсьць рэпрэсіі, таксама прыкладам для Эўразьвязу, які можа адмовіцца ад ужываньня санкцыяў у дачыненьні Расеі?

Бяляцкі: У некаторых крытычных выпадках мэханізм санкцыяў — адзіны мірны мэханізм, які застаецца ў міжнародных дачыненьнях. Крызіс фінансавай сыстэмы ў Расеі ёсьць вынікам санкцыяў, празь якія Эўразьвяз дасягае пастаўленых задачаў, каб даць трывожны званок расейскім уладам наконт канфлікту ва Ўкраіне. Залежыць ад таго, ці Расея прыслухаецца. Але расейскія ўлады выкарыстоўваюць сытуацыю канфлікту і напружаных дачыненьняў з Эўразьвязам, каб расправіцца з няўрадавымі арганізацыямі і сродкамі масавай інфармацыі ў краіне. Расея становіцца клясычнай паліцэйскай дзяржавай.

РС: Як тады Эўропа мусіць паводзіць сябе ў дачыненьні Беларусі, калі існуюць рознагалосьсі ў тым, як сябе паводзіць з Пуціным?

Бяляцкі: Падтрымліваючы рэжым Лукашэнкі, міжнародная супольнасьць падтрымлівае і рэжым Пуціна. Я маю на ўвазе і эканамічную, і палітычную, і маральную падтрымку. Гэта вынікае з тых шчыльных эканамічных і палітычных сувязяў, якія ўсе гэтыя 20 гадоў беларускі рэжым наладжваў з расейскай дзяржавай. Мы паўлазілі ў такую колькасьць аб’яднаньняў: ЕЭС, ЭўрАзЭС і іншыя, што ўжо самі блытаемся ў такой вялікай колькасьці абрэвіятураў. А па сутнасьці гэта ёсьць паступовая страта незалежнасьці беларускай дзяржавы і ўваходжаньне яе ў гэтую ўсходнеазіяцкую карпарацыю, дзе не паважаюцца правы чалавека, адсутнічае чалавечая годнасьць, не забясьпечваюцца сацыяльныя правы і абароны.

Але калі казаць пра санкцыі, то ў 2011 годзе менавіта эканамічныя санкцыі — хай сабе і невялічкія — адыгралі вялізную ролю ў тым, што маштаб рэпрэсіяў у Беларусі спыніўся і вельмі хутка вызвалілі палітычных зьняволеных, якіх тады было за кратамі некалькі дзясяткаў чалавек. Гэта быў дзейны інструмэнт, які працаваў на вызваленьне палітычных зьняволеных.

РС: Сёньня ўвесь сьвет узгадвае Вацлава Гаўла. Ці зьявіцца ў Беларусі такая асоба, як першы прэзыдэнт Чэхіі?

Бяляцкі: Я перакананы, што калі ня Вацлаў Гавэл, то свой дэмакратычны лідэр у нас, безумоўна, зьявіцца. Але галоўнае, каб у нас зьявілася такая сытуацыя, якая магла б нарадзіць і падтрымаць гэтага дэмакратычнага лідэра.

Радыё Свабода

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства