Праваабаронцы прэзентавалі “Справаздачу па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання”
10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентаваў аналітычнае даследванне “Справаздача па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь”. Справаздача была падрыхтаваная праваабаронцамі ў супрацоўніцтве з экспертам, юрыстам Паўлам Сапелкам.
Маніторынг, які ахоплівае перыяд з 2013 па 2014 год, праводзіўся шляхам аналізу пенітэнцыярнага заканадаўства, атрымання аб'ектыўных звестак як з адкрытых крыніц, так і шляхам інтэрв'юіравання зняволеных. Адначасова рабіліся захады ў рамках нацыянальнага заканадаўства па паляпшэнню ўмоў утрымання зняволеных.
Выступаючы пад час прэзентацыі справаздачы яе аўтар Павел Сапелка адзначыў, што ў даследванні прыводзяцца актуальныя дадзеныя аб колькасці месцаў зняволення і колькасці саміх зняволеных, падрабязны аналіз працоўных правоў зняволеных, якія, як паказвае маніторынг, паўсюдна парушаюцца. Прыведзены таксама аналіз заканадаўства, якое рэгламентуе правы зняволеных на перапіску і на звароты ў розныя інстанцыі, якія неабгрунтавана абмяжоўваюцца.
Асаблівая ўвага нададзеная аналізу магчымасцей грамадзянскага кантролю месцаў абмежавання свабоды і зроблена выснова пра татальны закрыты характар такіх устаноў. Праваабаронцы канстатуюць практычную адсутнасць магчымасці заканадаўча весці такі кантроль.
Вывучаўся таксама стан закрытых устаноў адукацыі (спецПТВ і іншых), што дазволіла зрабіць выснову аб тым, што такія ўстановы маюць прыкметы месцаў пазбаўлення волі.
У даследванні ўдзялялася пэўная ўвага праблеме катаванняў і жорсткаму, бесчалавечаму абыходжанню ў месцах пазбаўлення волі. Прыводзяцца задакументаваныя прыклады падобнага абыходжання і робіцца выснова аб тым, што такія выпадкі, як правіла не раследваюцца незалежнымі і аб’ектыўнымі інстанцыямі.
Павел Сапелка прызнаў, што “у праваабаронцаў абмежаваныя магчымасці, каб уплываць на сітуацыю ў месцах прымусовага ўтрымання ў
поўнай меры, аднак ёсць магчымасць рабіць такія факты публічнымі і прапаноўваць дзяржаве прымаць пэўныя захады па выключэнню такіх парушэнняў.
На прэзентацыі справаздачы таксама выступіла жонка аднаго са зняволеных Людміла Кучура, якая на сваім уласным досведзе сутыкнулася з сітуацыяй, калі ў адносінах да яе мужа, які знаходзіцца ў зняволенні ў Магілёўскай турме №15, выкарыстоўваліся катаванні. Працяглы час жанчына паслядоўна, з дапамогай ПЦ “Вясна”, намагаецца прыцягнуць да адказнасці асобаў, датычных да выпадкаў катавання яе мужа, Пятра Кучуры. Яе мужа адміністрацыя калоніі змясціла ў камеру з рассыпанай хлоркай, з-за чаго ён ледзь не памёр. Яна мяркуе, што гэтак яму адпомсцілі за скаргі на ўмовы ўтрымання і спробы дамагчыся перагляду сваёй справы.
Дадзены выпадак падрабязна прыводзіцца ў прэзентуемай справаздачы.
Па выніках маніторынгу даследчыкамі прапанаваныя меры як у галіне нарматыўнага рэгулявання, так і ў галіне правапрымянення, якія дазваляюць палепшыць становішча зняволеных.
Так, упаўнаважаным дзяржаўным органам прапаноўваецца прымаць меры па выключэнню выпадкаў катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання у месцах несвабоды, па кожнаму выпадку праводзіць аб’ектыўную праверку і прыцягваць вінаватых у гэтым да крымінальнай адказнасці.
Неабходна таксама забяспечыць права зняволеных на атрыманне юрыдычнай дапамогі, а таксама ліквідаваць інстытут лячэбна-працоўных прафілакторыяў,
Рэкамендуецца прыняць меры па прадухіленню дыскрымінацыі зняволеных у сферы працы, паслядоўна паляпшаць да належнага ўзроўню умовы ўтрымання зняволеных у калоніях і турмах, стварыць умовы для арганізацыі грамадскага кантролю за месцамі несвабоды.
“Справаздача па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь” на рускай мове