Міхал Карневіч абскарджвае свой штраф
Міхал Карневіч 3 снежня падаў у Гродзенскі абласны суд скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна (суддзя Алена Пятрова), які 25 лістапада аштрафаваў яго нібыта за “ўдзел у несанкцыянаванай акцыі” на 15 базавых велічыняў.
У скарзе ён падкрэслівае, што мае афіцыйную акрэдытацыю карэспандэнта Радыё “Свабода” ў Беларусі і рэдакцыйнае заданне асвятляць мерапрыемства, за “ўдзел” у якім яго асудзілі. Журналіст падкрэслівае, што ў судовай пастанове нават не ўзгадваецца, што ён – журналіст.
Міхал Карневіч перакананы, што сваім рашэннем суддзя Пятрова пазбавіла ёго права на працу.
– На самым пачатку суда я заявіў хадайніцтва, каб суд спынілі, бо гэта, хутчэй за ўсё, памылка міліцыянтаў. Я прадаставіў суду сваё пасведчанне, накіраванне рэдакцыі і раздрукоўку свайго матэрыялу, які ў той самы дзень быў апублікаваны на сайце Радыё “Свабода”.
Суддзя, канешне, не пагадзілася спыніць справу, але задаволіла хадайніцтва далучыць мае матэрыялы да справы. У той дзень судзілі 4 чалавекі, усё было даволі фармальна, адныя і тыя ж сведкі... Я зразумеў, што яны нават мяне не памятаюць. А можа, іх так навучылі – не гаварыць, што я там рабіў. Бо я хадзіў фатаграфаваў. На пытанне суддзі, ці трымаў я сцяг, ці выступаў, яны адказвалі – “быў сярод іншых”.
Мы сядзім у зале і бачым, што суддзя разгубілася і не ведае, што рабіць. Калі судзілі ўсіх астатніх – яна заслухоўвала і адразу зачытвала рашэнне, без перапынкаў. А тут – нават не ведала, пра што ў мяне пытацца, і абвясціла тэхнічны перапынак на 10 хвілін. Праўда, хвілін праз пяць ужо вярнулася і абвесціла рашэнне – 15 базавых, альбо 2 млн. 250 тысяч...
Я потым прагледзеў свае здымкі – на іх было каля 40 чалавек, а судзілі ўсяго чалавек 15. Думаю, яны прызначылі, каго судзіць, а каго – не, таму што ідэнтыфікаваць яны маглі кожнага.
Мяркую, яны мэтанакіравана меня выбралі і выдатна ведалі, хто я такі, калі складалі пратакол. Можа, каб у будучым не даць акрэдытацыю. Бо каго трэба першым “падрыхтаваць” да выбараў? Прэсу, зразумела. Каб не было ніякіх пытаняў потым.
А магчыма, гэта звязана з нядаўнімі выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі пра Гродзенскую вобласць – маўляў, нехта на яе прэтэндуе, і тут трэба навесці парадак. Я ж застаўся ледзьве не адзіным журналістам на Гродзеншчыне, хто афіцыйна працуе...
Нагадаем, што сябраў ГА “БАЖ” Міхала Карневіча і Уладзіміра Хільмановіча з Гроднапрызналі вінаватымі ў парушэнні арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў). “Правапарушэнне”, якое ім інкрымінуецца, адбылося 26 кастрычніка ў пасёлку Свіслач Гродзенскай вобласці падчас цырымоніі ўшанавання памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага 1863 года. Паводле пратаколаў,складзеных міліцыянтамі Ленінскага РАУС 21 лістапада, падставай для абвінавачання Хільмановіча стала яго фатаграфаванне на фоне бел-чырвона-белага сцягу, а Карневіча – у тым, што ён знаходзіўся побач з помнікам Каліноўскаму і “перасоўваўся ў складзе арганізаванай групы”. Між тым, Карневіч заўсёды рыхтуе рэпартажы з гэтага мерапрыемства для Радыё “Свабода”, і менавіта гэтым займаўся сёлета.