viasna on patreon

Праваабаронца патрабуе ад МЗС публікаваць рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека

2014 2014-12-02T15:59:23+0300 2014-12-02T15:59:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalienkalieanid.jpg
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка. Фота: Аляксея Лапіцкага, prava-by.info

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка. Фота: Аляксея Лапіцкага, prava-by.info

1 снежня Леанід Судаленка, выканаўчы дырэктар ствараемага рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання "Рух за рэалізацыю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах "Пакт", накіраваў заяву ў МЗС Беларусі з просьбай публікаваць на афіцыйным сайце міністэрства рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека.

Праваабаронца звяртае ўвагу міністэрства, што пытанні выканання рашэнняў міжнародных органаў па правах чалавека ўрэгуляваны законам аб міжнародных дагмовах, згодна з якім МЗС кантралюе выкананне міжнародных дамоваў дзяржаўнымі органамі.

Пасля апублікавання вынікаў 112-й сесіі КПЧ ААН, якая прайшла ў кастрычніку 2014 года, стала вядома аб 73-х рашэннях (меркаваннях), прынятых Камітэтам па індывідуальных скаргах беларускіх грамадзян, большасць з якіх утрымліваюць рэкамендацыі, у тым ліку і аб публікацыі прынятых Камітэтам рашэнняў.

"Прымаючы да ўвагі той факт, што МЗС на заканадаўчым узроўні вызначана як дзяржаўны орган, які кантралюе выкананне на тэрыторыі краіны рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН, прапануем стварыць на афіцыйным сайце міністэрства спецыяльную рубрыку, дзе апублікаваць усе рашэнні (меркаванні) Камітэта па правах чалавека ААН, прынятыя па скаргах беларускіх грамадзян", - прапанаваў Судаленка ў сваёй заяве.

Па выніках апошняй сесіі КПЧ па колькасці рашэнняў Беларусь апынулася на другім месцы пасля Іспаніі (102 рашэнні).

Згодна з указам прэзідэнта ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь", 10 снежня адзначаецца Дзень правоў чалавека. "Да гэтай даты мы і просім МЗС пачаць рух у кірунку выканання рашэнняў КПЧ ААН, з простага - пачаць іх публікацыю на афіцыйным сайце. Бо ўсе рашэнні ААН утрымліваюць рэкамендацыі, у тым ліку і аб афіцыйным апублікаванні", - пракаментаваў БелаПАН праваабаронца.

Нагадаем, у Беларусі праваабаронцы і грамадзяне, якія падавалі скаргі ў КПЧ, ствараюць рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне "Рух за рэалізацыю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах "Пакт". Але Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала аб'яднанне. Адна з мэтаў ствараемага аб'яднання - дамагацца ад беларускіх уладаў выканання рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства