viasna on patreon

Крычаў: мясцовы ідэолаг адмовілася ад часткі сваіх патрабаванняў да газеты “Вольны горад”

2014 2014-12-02T15:08:53+0300 2014-12-02T15:08:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volny-gorad-krych-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2 снежня ў судзе Крычаўскага раёна працягнуўся разгляд пазову аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнай шкоды начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай да незалежнай газеты “Вольны горад”, яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава і рэдактара Сяргея Няроўнага.

На гэты раз судовае пасяджэнне працягвалася літаральна некалькі хвілін, бо на ім выступіла пазоўніца Марына Максімава з заявай да суда аб удакладненні судовых патрабаванняў, і судовае пасяджэнне ў сувязі з гэтым было перанесенае на 5 снежня.

Ва ўдакладненнях патрабаванняў да пазову Марына Максімава зняла патрабаванне абвяжэння ў газеце “Вольны горад” звестак, якія ганьбяць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, а менавіта тое, што ў яе ў душы “Баб’е лета” і яна ў ідэалагічнай працы разбіраецца, як вядомая жывёла ў апельсінах, шляхам друку абвяргаючага артыкула.

Павялічыліся грашовыя патрабаванні крычаўскага ідэолага да газеты “Вольны горад”. Зараз начальнік ідэалагічнага аддзела просіць спагнаць з адказчыкаў не толькі нанесеныя ёй маральныя страты ў памеры 10 000 000 рублёў і дзяржпошліну ў памеры 450 000 рублёў, якую яна аплаціла, але і выдаткі, звязаныя з удзелам яе прадстаўніка ў судзе ў памеры 3 600 000 рублёў.

Рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны мяркуе, што мясцовыя ўлады “не хочуць працягу інфармацыйнай вайны з нашага боку”. Газета “Вольны горад” рэгулярна асвятляе судовы працэс па пазову Марыны Максімавай, людзей вельмі цікавіць гэта інфармацыя, і колькасць наведвальнікаў сайта газеты рэзка вырасла. Таксама ў журналістаў “Вольнага горада” з’явілася інфармацыя, што супрацоўнікі мясцовага АБЭЗ зацікавіліся дзейнасцю начальніка ідэалагічнага аддзела і зараз праводзяць адпаведную праверку ў адносінах Марыны Максімавай.

Нагадаем, што ў сваім пешапачатковым пазове Марына Максімава прасіла суд Крычаўскага раёна абавязаць друкаванае выданне “Вольны горад” абвергнуць звесткі, якія ганьбяць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, а менавіта тое, што яна ў ідэалагічнай працы разбіраецца, як вядомая жывёла ў апельсінах, шляхам друку абвяргаючага артыкула. Таксама начальнік ідэалагічнага аддзела прасіла спагнаць з адказчыкаў нанесеныя ёй маральныя страты ў памеры 10 000 000 рублёў і дзяржпошліну ў памеры 450 000 рублёў, якую яна аплаціла. Марына Максімава сцвярджала, што публікацыя “Не ў сваім крэсле?” прынесла ёй маральныя пакуты, яна схуднела на чатыры кілаграмы, вымушана была звяртацца ў бальніцу і прымаць лекі, бо у яе падвысіўся ціск.

Журналісты ж “Вольнага горада”між тым упэўненыя, што змешчаная ў “Вольным горадзе” інфармацыя ніякім чынам не можа ганьбіць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю Марыны Максімавай, бо яна цалкам адпавядае сапраўднасці.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства