Брэст: кіраўніцтва парка не хоча заключаць дамову, якую ўлады патрабуюць для дазволу на правядзенне пікета
Заяўку на тое, каб зладзіць 10 снежня пікет, прымеркаваны да Міжнароднага дня правоў чалавека, брэсцкія праваабаронцы падалі ў мясцовы гарвыканкам. У гэтай заяўцы ў якасці месца, абранага для пікета, узгадваецца парк воінаў-інтэрнацыяналістаў – адна з пляцовак, якую ўлады самі вызначылі для правядзення масавых акцый у горадзе.
Як паведаміў адзін з ініцытятараў пікета, праваабаронца Уладзімір Вялічкін, згодна з цяперашнім заканадаўствам, для таго, каб правесці масавае мерапрыемства, трэба заключыць дамовы з шэрагам інстанцый, якія забяспечваюць вываз смецця, ахову парадку і медычнае абслугоўванне. Таксама брэсцкія ўлады зараз патрабуюць дамову з арганізацыяй, на тэрыторыі якой плануецца пікет. Аднак прадстаўнік парку зазначыў у размове з заяўнікамі, што гэта ўстанова не абавязана заключаць дамову, таму і рабіць гэтага не будзе.
У выніку да пакету дакументаў у Брэсцкі гарвыканкам праваабаронцы прыклалі толькі заяву да адміністрацыі парку воінаў-інтэрнацыяналістаў з просьбаю заключыць патрабуемую дамову.