Камітэт па правах чалавека ААН прыняў новы каментр адносна права на свабоду і асабістую недатыкальнасць
Пад час правядзення сваёй 112 сесіі Камітэт па правах чалавека ААН прыняў новыя Заўвагі агульнага парадку № 35, датычныя арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах: права на свабоду і асабістую недатыкальнасць.
Працэс прыняцця Заўваг пачаўся з іх абмеркавання на 106 сесіі Камітэта ў кастрычніку 2012 года і заняў 2 гады. Першы праект дадзенага агульнага каментара быў прадстаўлены Камітэту Джэральдам Л. Нойманам падчас 107 сесіі, на якой Камітэт пачаў першае чытанне. Яно было завершана падчас 110 сесіі. Пасля гэтага праект Заўваг агульнага парадку быў апублікаваны, каб дзяржавы і няўрадавыя арганізацыі маглі прадставіць свае пісьмовыя заўвагі. На 111 сесіі Камітэта ў ліпені 2014 года пачалося другое чытанне праекта, які быў канчаткова прыняты падчас 112-ай сесіі ў кастрычніку бягучага года.
Дадзены агульны каментар замяняе аналагічны дакумент 1982 года, які складаўся з 4 пунктаў на адной старонцы. У адрозненне ад яго, новы каментар складаецца з 68 пунктаў на 19 старонках. Дадзеныя Заўвагі уключаюць у сабе раздзелы:
-Агульнае становішча.
-Адвольнае затрыманне і незаконнае ўтрыманне пад вартай.
-Паведамленне прычыны арышту і любых крымінальных абвінавачванняў.
-Судовы кантроль утрымання пад аховай у сувязі з крымінальным абвінавачваннем.
- Права на разбіральніцтва справы аб вызваленні ад незаконнага або адвольнага затрымання.
- Права на кампенсацыю за незаконны адвольны арышт або ўтрыманне пад вартай.
- Адносіны арт. 9 з другімі артыкуламі Пакта.
Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, у Заўвагах ёсць спасылкі на 5 беларускіх спраў, разгледжаных па індывідуальных паведамленнях: Levinov v. Belarus 1812/2008, Marinich v. Belarus 1502/2006, Gavrilin v. Belarus 1342/2005, Smantser v. Belarus 1178/2003, Kovsh v. Belarus 1787/2008.
У апошняй справе Камітэт упершыню пры разглядзе індывідуальных паведамленняў адзначыў тое, што тэрмін у 48 гадзін занадта доўгі для дастаўлення чалавека, якому прадстаўлены абвінавачванні, да суддзі, каб той вырашыў адносна ягонай меры стрымання: пакінуць пад вартай ці адпусціць пад залог або іншае. Дадзеная норма ўжо працяглы час уключана ў заканадаўства суседніх з намі краін: Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Расіі па прычыне таго, што яны – сябры Савета Еўропы. Але цяпер гэтая норма дзейнічае і на іншыя краіны – удзельнікаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, кажа праваабаронца Раман Кісляк.
Заўвагі агульнага парадку -- гэта па сваёй сутнасці абагульненне практыкі. Іх выпрацоўка -- адна з кампетэнцый Камітэта, акрамя разгляду перыядычных дакладаў дзяржаў і індывідуальных паведамленняў.