viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2014 года

2014 2014-10-09T07:37:00+0300 2014-11-09T07:40:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У верасні не адбылося пазітыўных зменаў у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, сістэмны і сістэматычны характар іх парушэнняў заставаўся стабільным. На працягу месяца адбывалася далейшае замацаванне самых негатыўных практык, выпрацаваных у папярэдні перыяд: адвольныя прэвентыўныя затрыманні і пакаранні грамадскіх і палітычных актывістаў, пераслед журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, немагчымасць правядзення мірных сходаў з выказваннем альтэрнатыўных меркаванняў, адмовы ў стварэнні незалежных асацыяцыяў.

Не адбылося станоўчых зрухаў па праблеме палітычных зняволеных, за кратамі працягвалі ўтрымлівацца Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Васіль Парфянкоў. Улады не прадпрынялі ніякіх крокаў для іх вызвалення ні па ўласнай ініцытыве, ні пад ціскам знешніх фактараў, найперш датычных вылучаемых Еўрапейскім Саюзам і ЗША патрабаванняў вызвалення палітычных зняволеных як перадумовы ўзнаўлення паўнавартасных адносінаў. Разам з тым, варта адзначыць, што падобныя патрабаванні сталі гучаць усё радзей і не так моцна, адбывалася відавочнае нарошчванне супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі. Пры гэтым, акрамя агучваемых пазіцыяў адносна палітвязняў астатні змест перамоваў з беларускім афіцыйным бокам заставаўся фактычна невядомым для грамадскасці.

Так, з 8 па 11 верасня ў Мінску знаходзілася міжведамасная дэлегацыя ЗША. Па выніках візіту і сустрэч намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Меліа заявіў, што пытанне пра палітвязняў узнімалася падчас сустрэчы міжведамаснай урадавай дэлегацыі ЗША ў МЗС Беларусі, якая адбылася 9 верасня. Томас Меліа падкрэсліў, што пазіцыя Злучаных Штатаў застаецца нязменнай. "ЗША заўсёды заклікалі да вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі, - сказаў ён. - У нас таксама адбылася сустрэча са сваякамі палітвязняў, на якой я запэўніў іх, што гэта пытанне застаецца для нас важным". Адказваючы на пытанне, што па гэтым пытанні сказалі прадстаўнікі беларускага МЗС, Меліа адзначыў: "Іх пазіцыя на працягу некалькіх гадоў не мяняецца. Яны працягваюць называць іх" так званымі палітвязнямі ". І учорашняя заява МЗС [па выніках сустрэчы] адлюстроўвае тыя разыходжанні, якія ёсць у нас па гэтым пытанні".

Адначасова, ацэньваючы дадзены візіт, намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў 17 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў, што “нашы адносіны з Еўрапейскім Саюзам, бліжэйшымі суседзямі з ЕС, са Злучанымі Штатамі знаходзяцца ў дынаміцы". Ён ізноў падкрэсліў зацікаўленасць Беларусі ў прагматычным дыялогу і супрацоўніцтве найперш у эканамічнай сферы: "Мы неаднаразова падкрэслівалі, што эканоміка і ў цэлым сацыяльна-эканамічнае развіццё для Беларусі - гэта прыярытэт. Таму зацыклівацца выключна на палітычных працэсах не ў інтарэсах нашай краіны". Гур'янаў адзначыў, што, "на шчасце, сёння пэўнае разуменне надыходзіць у частцы таго, што Беларусь гатовая абмяркоўваць і палітычныя пытанні, якія цікавяць нашых заходніх калегаў, але і паралельна рухаць эканамічныя праекты, якія цікавіць бізнэс".

Такім чынам, ніводным з бакоў не агучвалася, ці быў дасягнуты баланс інтарэсаў палітычнага і эканамічнага характару падчас перамоваў і які гэта можа мець уплыў на сітуацыю з дэмакратыяй, правамі чалавека ў Беларусі і лёсы палітычных зняволеных.

 

Важнай падзеяй у ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стала прадстаўленне ў офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека альтэрнатыўнага дакладу беларускімі няўрадавымі арганізацыямі ў межах працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду. Адзначыўшы пэўныя крокі па выкананні рэкамендацый, дадзеных па выніках першага цыкла УПА і прынятых Беларуссю, праваабаронцы выказалі заклапочанасць адсутнасцю рэальнага прагрэсу па ключавых праблемных сферах з правамі чалавека ў краіне: “Улады Беларусі не прадэманстравалі мінімальна неабходны ўзровень палітыкі падтрымкі і павагі да правоў чалавека. Рэкамендацыі ў рамках УПА аб вызваленні палітвязняў, лібералізацыі заканадаўства аб свабодзе выказвання і выбарах прызнаныя непрымальнымі і не выкананы, па асобных пазіцыях прававыя рамкі яшчэ больш жорсткімі. У краіне няма органаў і структур, адказных за выпрацоўку і прасоўванне палітыкі ў галіне правоў чалавека, не прымаюцца перыядычныя комплексныя планы ў гэтай сферы. Дзейнасць парламенцкай камісіі, у кампетэнцыю якой, сярод іншага, уваходзяць пытанні правоў чалавека, за справаздачны перыяд практычна невядомая”.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

3 верасня палітвязень Яўген Васьковіч падзякаваў за цёплыя словы і падтрымку супрацоўнікаў офісу БАЖ, якія павіншавалі зняволенага калегу са 100-годдзем “Бобруйского курьера”, дзе ён працаваў да арышту. “Вядома, я тут не магу займацца журналісцкай дзейнасцю, пісаць у выданні. Аднак, тое, чаму я меў навучыцца ў “БК” і “БАЖ”, дало мне добрую жыццёвую школу і дапамагло не знікнуць, заставацца жыццярадасным і не смуткаваць», -- адзначыў палітвязень. 20 верасня Рушанія Васьковіч, маці Яўгена Васьковіча, паведаміла, што ў сярэдзіне кастрычніка чакаецца перавод яе сына ў магілёўскую калонію № 15, дзе ён адбываў пакаранне да перавода ў турму №4. Гэта звязана з заканчэннем 3-гадовага тэрміна ўтрымання Яўгена ў турме, вызначанага судом.

 

4 верасня ў горацкай калоніі палітвязня Васіля Парфянкова, ад якога два месяцы не было вестак, наведала адвакат Вольга Безбародкіна. Падчас сустрэчы адвакат узгадніла тэкст нагляднай скаргі на прысуд Васілю Парфянкову і даведалася ад яго пра ўмовы ўтрымання. Па словах адваката, Васіль не змог растлумачыць, чаму ад яго сябры не атрымлівалі лістоў, бо ён пісаў. Васіль Парфянкоў па-ранейшаму ўтрымліваецца адзін у ПКТ -- памяшканні камернага тыпу. Адвакат адзначыла бледнасць палітвязня і тое, што ён схудаў. 28 верасня актывістка Вольга Мікалайчык, якая рэгулярна лістуецца з Васілём Парфянковым, паведаміла пра тое, што да палітвязня зноў перасталі прапускаць лісты. У сярэдзіне верасня Вольга Мікалайчык прыяжджала ў калонію ў Горках, але сустрэчу з Васілём Парфянковым ей не дазволілі і не прынялі перадачу. З таго часу Вольга накіравала Парфянкову некалькі лістоў з часопісамі, газетамі, пустымі паштоўкамі і атрымала ад яго паведамленне, з якога вынікае, што яе лісты і пасланні іншых сяброў-адзінадумцаў да зняволенага не даходзяць.

 

6 верасня Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, паведаміла, што з ліста мужа ёй вядома пра канфіскацыю адміністрацый турмы 7 лістоў палітыка з каментарамі падзей ва Украіне. 8 верасня Статкевіч Віктар Паўлавіч, бацька Мікалая Статкевіча, атрымаў ананімны ліст з пагрозамі ў свой і адрас сына Мікалая і яго жонкі Марыны Адамовіч. Ліст знаходзіўся ў паштовай скрыні, тэкст напісаны невядомай рукой вялікімі літарамі. Аўтар ананімкі паведаміў, што калі Мікалай выйдзе з турмы, яго заб’юць. 10 верасня 88-гадовы Статкевіч-старэйшы, які жыве адзін у Баранавічах, і  жонка Мікалая падалі заяву ў міліцыю з нагоды атрымання ананімнага ліста з пагрозамі. 15 верасня Марына Адамовіч паведаміла, што цэнзары магілёўскай турмы, дзе адбывае пакаранне Мікалай Статкевіч, канфіскавалі ягоны ліст да бацькі. Гэта адбылося ўпершыню за амаль 4 гады зняволеньня палітвязня. 12 верасня Мікалая Статкевіча ў турме наведаў адвакат. 29 верасня Марына Адамовіч з  тэлефанавання Мікалая Статкевіча даведалася, што перамогай скончылася змаганне мужа з турэмшчыкамі наконт таго, як быць апранутым падчас заняткаў фізкультурай. Раней палітвязню забаранілі займацца фізкультурай, зняўшы турэмную робу, і зрабілі заўвагу, якая магла скончыцца пакараннем. Мікалай Статкевіч з гэтым не пагадзіўся і дамогся адмены незаконнага абмежавання. Марына Адамовіч паведаміла, што ў верасні Мікалая Статкевіча і іншых вязняў магілёўскай турмы наведаў назіраючы пракурор. Паводле яе звестак, пракурор адзначыў, што «Статкевіч у турме выглядае добра». Жонцы палітвязня невядома пра тое, каб муж на нешта скардзіўся пракурору.

 

8 верасня Марына Лобава, маці палітвязня Эдуарда Лобава, паведаміла, што нягледзячы на тое, што ў пачатку лета яе сын у Івацэвіцкай калоніі атрымаў прафесію зваршчыка, працы па гэтай спецыяльнасці ў калоніі яму не знайшлося. Па словах Марыны Лобавай, яе сын часам выходзіць на прамысловую зону, выконвае нейкія працы, але не па спецыяльнасці.

 

15 верасня Уладзімір Аліневіч, бацька палітвязня Ігара Аліневіча, паведаміў, што сын атрымаў у калоніі “Віцьба-3” працу на дрэваапрацоўцы. Ён дакладна пакуль не змог удакладніць, што менавіта робіць ягоны сын, якога ў «Віцьбу-3» перавялі толькі ў ліпені. Паводле Уладзіміра Аліневіча, у калоніі пад Віцебскам ягонаму сыну ўжо выдалі тэлефонную картку, і ён можа хоць зрэдку, але рэгулярна тэлефанаваць дадому. У наваполацкай калоніі, дзе Ігар Аліневіч адбыў больш за 3 гады зняволення, гэтай магчымасьці ён фактычна быў пазбаўлены. Рэгулярна ад Ігара Аліневіча даходзяць і лісты.

 

16 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы, узбуджанай супраць актывіста з Гомеля Юрыя Рубцова па абвінавачанні у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 391 Крымінальнага кодэкса “Абраза суддзі або народнага засядацеля”. Суддзя -- Наталля Вайцэховіч. У аснове абвінавачання – заява суддзі суда Савецкага раёна Мінска Кірылы Палулеха, які сцвярджае, што падчас разгляду адміністрацыйнай справы Юрыя Рубцова 28 красавіка той нібыта яго абразіў. Суддзя дапытала Юрыя Рубцова. Ён патлумачыў, што 28 красавіка яго даставілі ў суд Савецкага раёна Мінска напаўаголеным і без акуляраў, што абражала ягоную годнасць. Апроч таго, ён не змог азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, паколькі быў без акуляраў. Таму і сказаў, што гэта “не суд, а судзілішча”. Затым адбыўся допыт пацярпелага – Кірылы Палулеха і сведкаў: супрацоўнікаў АМАП Шарко і Андрэя Белага, а таксама супрацоўніка РУУСа Паўла Нелюбовіча, якія прысутнічалі пры разглядзе адміністрацыйнай справы, і сакратара Дар’і Стасюк, якія пацьвердзілі словы суддзі Палулеха, што Рубцоў яго абразіў. Яны паведамілі, што Рубцоў нецэнзурна выказваўся, казаў, што гэта не суд, а судзілішча, і назваў суддзю Кірыла Палулеха “падонкам”. У сувязі з тым, што на працэс з’явіліся не ўсе сведкі, судовае паседжанне перанесена на 6 кастрычніка.

20 верасня Віялета Пракапенка, маці палітвязня Арцёма Пракапенкі, паведаміла, што яе сын атрымаў у калоніі № 15 Магілёва, дзе ён адбывае пакаранне, часовую працу. Па яе словах, ад сына сям'я атрымала некалькі лістоў і тэлефанаванняў. У размове з сястрой Арцём паведаміў, што яшчэ ў ліпені атрымаў спагнанне за парушэнне, якое выявілася ў неадпаведным адзенні. Тады была спякота, ён зняў робу, а мусіў быць у робе. Іншым вязням гэта дазваляюць.

 

22 верасня Аляксандр Дзядок, бацька палітвязня Мікалая Дзядка, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме №4, паведаміў, што сын правёў у штрафным ізалятары 20 сутак. Турэмная адміністрацыя пакарала яго за парушэнне ўстаноўленай для зняволеных формы адзення. Пакаранне было вынесена літаральна праз дзень пасля Дня народзінаў палітвязня, 23 жніўня. За ўвесь час знаходжання пад вартай М. Дзядок атрымаў больш за 20 спагнанняў ад адміністрацыі калоніі і турмы. Пасля вызвалення са штрафнога ізалятара палітвязня наведаў адвакат.

 

Гвалтоўныя знікненні

 

1 верасня кіраўнік "Беларускага дакументацыйнага цэнтра" Раіса Міхайлоўская паведаміла, што Ульяна Захаранка прызнаная пацярпелай па справе свайго сына Юрыя Захаранкі і можа азнаёміцца ​​з матэрыяламі расследавання справы па факце ягонага знікнення. Праваабаронца адзначыла, што яшчэ ў траўні 2014 года БДЦ дапамог Ульяне Рыгораўне напісаць хадайніцтва аб прызнанні яе пацярпелай, абапіраючыся на арт. 252 КПК, дзе зафіксаваныя правы пацярпелых. Следчы ў задавальненні хадайніцтва спачатку адмовіў. Гэтая адмова быў абскарджана двойчы, і ў выніку 14 ліпеня Ульяна Захаранка была прызнаная пацярпелай. Ульяна Рыгораўна даведалася аб прызнанні яе пацярпелай толькі 28 жніўня пасля двух скаргаў на следчага Юрыя Вараўку, які не рэагаваў на яе хадайніцтва. Калі б са Следчага камітэта не паведамілі пра вынікі праверкі па яе скарзе, яна б так і не даведалася пра тое, што следчы вынес станоўчае рашэнне. У дадзеным выпадку мае месца найгрубейшае парушэнне Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, паколькі ў адпаведнасці з артыкулам 50 КПК РБ пацярпелы мае права не толькі ведаць сутнасць абвінавачвання, але і мае права атрымліваць паведамлення аб прыняцці рашэнняў, якія закранаюць яго правы і інтарэсы, а таксама атрымліваць копіі гэтых рашэнняў . Пры гэтым нават дакумент аб прызнанні Ульяны Захаранкі пацярпелай следчы Ю.Вараўка прыехаў падпісваць дзіўным чынам. З'явіўся ў суправаджэнні некалькіх чалавек проста ў дом, не прадставіўся, напалохаў пажылую жанчыну, сунуў у рукі паперу і сказаў падпісаць. Яна падпісала, а потым спалохалася, і два месяцы 90-гадовая жанчына перажывала, што падпісала паперы, якія пазбаўляюць яе ўнукаў кватэры ў Мінску - гэта ўсё, што ў сям'і засталося ад Юрыя Захаранкі. Сям'я не магла распарадзіцца гэтай кватэрай на працягу 15 гадоў, таму што грамадзянская справа аб прызнанні генерала памерлым не завершана. Р. Михайлоская паведаміла таксама, што юрыстамі БДЦ было падрыхтавана і накіравана ў адрас Следчага камітэта РБ хадайніцтва ад імя пацярпелых Вольгі Захаранкі і Ірыны Красоўскай аб аб’яднанні крымінальных спраў у адну вытворчасць. А таксама аб кваліфікацыі дзеянняў асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынства, па арт. 128 КК РБ, паколькі ў дачыненні Ю. Захаранкі, В. Ганчара, А. Красоўскага здзейсненыя злачынныя дзеянні, накіраваныя супраць бяспекі чалавецтва (сістэматычнае ажыццяўленне пакаранняў смерцю без суда, выкраданне людзей, за якімі наступае іх знікненне). Пастановай ад 17 ліпеня 2014 года, вынесенай тым жа следчым Ю. Вараўкам, у задавальненні хадайніцтва было зноў нематывавана адмоўлена. У якасці прычыны ўказана адсутнасць дастатковых на тое падстаў.

 

8 верасня “Беларускі дакументацыйны цэнтр” (БДЦ) падрыхтаваў асобнае прадстаўленне для раздзела “Права на жыццё” для сумеснага альтэрнатыўнага дакладу НВА Беларусі, падрыхтаванага ў межах працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду. У прадстаўленым дакуменце выкладаецца праблема, звязаная з гвалтоўнымі знікненнямі ў Беларусі палітычных апанентаў улады Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. БДЦ глыбока занепакоены той акалічнасцю, што ў 2014 годзе мінае 15-гадовы тэрмін даўніны прыцягнення да крымінальнай адказнасці па фактах названых знікненняў, што дазволіць уладам спыніць крымінальныя справы, і асобы, якія ўчынілі злачынствы супраць чалавецтва, застануцца беспакаранымі. Названыя дакументы па Рэспубліцы Беларусь будуць разгледжаны на 22-й сесіі Савета па правах чалавека ААН у траўні-чэрвені 2015 года.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

23 верасня ў Магілёўскім абласным судзе адбылося першае пасяджэнне па справе аб прыпыненні на тры месяцы дзейнасці "Магілёўскага праваабарончага цэнтра" (МПЦ). У пазове ўпраўлення юстыцыі гаворыцца, што аб'яднанне "не прадстаўляла ў вызначаны час дакументы, неабходныя для рэгістрацыі зменаў юрыдычнага адрасу". У сувязі з гэтым грамадскаму аб'яднанню былі вынесеныя два папярэджанні, якія не былі абскарджаны, выяўленыя парушэнні не выпраўленыя. МПЦ зарэгістраваны ў памяшканні, заяўленая плошча якога складае 17 квадратных метраў, і гэтая лічба ўказана праваабаронцамі ў дакументах. Супрацоўнікі ўпраўлення юстыцыі ўстанавілі, што рэальная плошча памяшкання па пашпарце складае 17,3 квадратных метры і загадалі заснавальнікам арганізацыі ўнесці выпраўленні ў дакументы. Была дапушчана тэхнічная памылка, якую лёгка было б выправіць, але гаспадар памяшкання, які спачатку пагадзіўся даць прытулак няўрадавай арганізацыі, пасля вяртання дакументаў з упраўлення юстыцыі адмовіўся паўторна падпісваць дадатак да дамовы з падкарэктаванымі параметрамі офіса. Дырэктар МПЦ Уладзімір Краўчанка сцвярджае, што пазіцыя ўладальніка памяшкання змянілася пасля таго, як ён атрымаў "настойлівыя рэкамендацыі" зверху, намякаючы на ціск мясцовых уладаў. Калі ў трохмесячны тэрмін МПЦ не зможа знайсці новае памяшканне, то наступны пазоў будзе пададзены ўжо аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання.

23 верасня праваабаронца Алена Танкачова, грамадзянка Расійскай Федэрацыі, якая каля 30 гадоў пражывае ў Беларусі, атрымала апавяшчэнне аб пачатку працэдуры анулявання віду на жыхарства. Праваабаронца заявіла пра намер прадпрыняць усе неабходныя юрыдычныя дзеянні, якія могуць паўплываць на сітуацыю. А. Танкачова выказала спадзяванне на станоўчае вырашэнне праблемы і магчымасць застацца ў Беларусі. Алена Танкачова з’яўляецца старшёй праўлення асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend)».

 

30 верасня Вярхоўны суд пацвердзіў законнасць і абгрунтаванасць пазіцыі Міністэрства юстыцыі, якое адмовіла ў рэгістрацыі рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання «Рух за рэалізацыю Міжнароднага пакту па грамадзянскіх і палітычных правах» («Пакт»). Суддзя Мікалай Бабкоў не задаволіў скаргу Уладзіміра Букштынава, Леаніда Судаленкі і Міхаіла Пастухова, якія прасілі суд прызнаць неправамернай адмову ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання, паколькі гэтая адмова парушае канстытуцыйныя правы на свабоду аб’яднання 52-х грамадзян Беларусі — заснавальнікаў «Пакту». Вярхоўны суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва заяўнікаў на праверку ініцыявання адпаведнасці Канстытуцыі тых нарматыўна-прававых актаў, якія тычацца рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў.

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

3 верасня ў другой палове дня ў Мінску на пляцоўцы каля гандлёвага цэнтру «Мацярык» (раён метро “Каменная Горка”) падчас збору подпісаў супраць вяшчання ў Беларусі найбольш адыёзных расійскіх каналаў і за дазвол вяшчання ўкраінскіх
супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзяніс Лайкова і двух незалежных журналістаў, якія асвятлялі падзею. Сярод затрыманых быў журналіст "Новага часу" Вячаслаў Пяшко. Усіх даставілі ў РУУС Фрунзенскага раёна. Амаль праз тры гадзіны пасля затрымання ўсіх вызвалілі з міліцэйскага пастарунку без складання пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэнні.

11 верасня актывіст Zмены Ягор Віняцкі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў Мінску на выхадзе з капіравальнага цэнтру на вул. Няміга, дзе ён забіраў зробленыя на замову майкі з надпісамі апазіцыйнага зместу. Я. Віняцкі быў дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе на яго быў складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння па абвінавачанні ў непадпарадкавані супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). 12 верасня суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска А. Дзянкевіч прызнаў актывіста вінаватым і асудзіў на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

 

12 верасня суд Маскоўскага раёна Мінска арыштаваў на 15 сутак актывіста моладзевай ініцыятывы Zмена Паўла Вінаградава па абвінавачанні ў дробным хуліганстве. Таксама яго пакаралі штрафам у 10 базавых велічынь за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду і штрафам у 3 базавыя велічыні па абвінавачанні ў распіцці спіртных напояў у грамадскім месцы. Паводле сведак -- супрацоўнікаў міліцыі Канцавога і Вярбіцкага, Павел нібыта 11 верасня піў піва на стадыёне каля аддзялення міліцыі. Разам з тым, 11 верасня актывіст цэлы дзень знаходзіўся ў РУУС, куды ён прыйшоў зраніцы, каб адзначыцца згодна з умовамі прэвентыўнага нагляду. Нягледзячы на гэта, суддзя Тацяна Матыль прызнала яго вінаватым па ўсіх абвінавачаннях. Павел заяўляў адвод суддзі, аднак яна яго адхіліла. Актывіст прызнаў сябе вінаватым толькі ў парушэнні правіл прэвентыўнага нагляду: калі да яго прыйшлі з праверкай супрацоўнікі міліцыі, ён выйшаў з дому.

 

12 верасня перарвалася сувязь з актывістам Zмены Віталем Васільковым. 15 верасня высветлілася, што ў той дзень (пятніца) ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі па абвінавачанні ў дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП) і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт.23.34 КаАП) і дастаўлены ў РУУС Партызанскага раёна Мінска. Выходныя актывіст правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. 15 верасня суддзя суда Партызанскага раёна Наталля Дзядкова прызнала Віталя Васількова вінаватым і вынесла пастанову аб арышце тэрмінам 10 сутак.

 

12 верасня ў Мінску міліцыя затрымала 25 удзельнікаў ініцыятывы “Кіно ў пераходзе”. Прагляд мусіў адбыцца ў Парку Горкага. Усе затрыманыя былі дастаўлены ў РУУС Партызанскага раёна, але праз тры гадзіны вызваленыя. 18 верасня каля станцыі метро “Фрунзенская” , дзе павінен быў адбыцца прагляд дакументальнага фільма пра вулічнага мастака Бэнксі, былі затрыманы 20 удзельнікаў прагляду, сярод якіх -- Дзмітрый Латушкін і Наста Доль. Затрыманыя былі дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска, адкуль адпусцілі ўсіх, акрамя Дз.Латушкіна і Н.Доль. 19 верасня Наста Доль і Дзмітрый Латушкін былі дастаўлены ў суд Маскоўскага раёна. Яны былі абвінавачаны паводле двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэкса: дробнае хуліганства (арт. 17.1) і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4). Суддзя Таццяна Мотыль пакарала Насту Доль і Дзмітрыя Латушкіна арыштамі на 6 і 5 сутак адпаведна. Пры гэтым Латушкін быў асуджаны "таемна" - без удзелу адваката і сведак. 

16 верасня перад пачаткам судовага працэсу над  Юрыем Рубцовым у Мінску быў затрыманы актывіст Ілля Дабратвор. Супрацоўнікам міліцыі не спадабалася ягоная майка з надпісам “Свабоду палітвязням”, што і стала прычынай затрымання. Актывіст быў абвінавачаны ў парушэнні артыкулаў 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) КаАП. 17 верасня ў судзе Ленінскага раёна адбыўся разгляд адміністрацынай справы актывіста. Працэс праводзіў суддзя Міхаіл Хома. Сведкі-супрацоўнікі міліцыі сцвярджалі, што Дабратвор быў нападпітку, але суддзя адмовіў у задавальненні хадайніцтва аб правядзенні экспертызы на наяўнасць алкаголю. Суддзя таксама адмовіўся выклікаць у якасці сведкі журналіста Сяргея Сацука, які быў побач падчас затрымання Іллі Дабратвора, як і іншых сведак, што былі каля суду. Было адмоўлена ў далучэнні да матэрыялаў справы аператыўных відэаздымкаў. У выніку судовага разгляду Міхаіл Хома прызнаў актывіста вінаватым і вынес рашэнне аб адміністрацыйным арышце шляхам складання двух правапарушэнняў тэрмінам 20 сутак.

 

19 верасня ў Гродна міліцыя затрымала грамадскую актывістку Вольгу Крапоціну ў цэнтры горада каля гандлёвага цэнтру “Баторыя”. У Вольгі Крапоцінай забралі 17 улётак з тэкстам “Вярніце Крым Украіне”, а яе саму павезлі ў аддзяленне міліцыі па вуліцы Гараднічанскай. Туды ж неўзабаве прыехалі журналісты. Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч хацеў прайсці ў пастарунак разам з затрыманай, але яго туды не пусцілі. Вольгу Крапоціну чакалі дзве гадзіны, за гэты час міліцыянты склалі пратакол яе апытання. Адразу Крапоціну не выпусцілі, а павезлі па месцы жыхарства – там у інтэрнаце быў праведзены агляд памяшкання. Ніякай друкаванай прадукцыі выяўлена не было, але міліцыянты забралі ў пакоі ноўтбук, які не належаў Крапоцінай.

 

27 верасня ў Салігорску быў затрыманы актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Уладзімір Лемеш, які ўжо некалькі гадоў навучаецца за мяжой і таму на сваёй малой радзіме бывае нячаста. Актывіст каля 16 гадзін выйшаў у краму па хлеб. Да яго падышлі двое ў цывільным. Адзін назваўся супрацоўнікам міліцыі Жыгімонтам і паведаміў, што ім неабходна даставіць У. Лемеша ў РАУС. Там яго перадалі ўчастковаму, які склаў пратакол па абвінавачанні ў дробным хуліганстве: нібыла актывіст каля ўласнага пад’езду беспрычынна з хуліганскіх намераў гучна лаяўся матамі, на заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў. Да суда У. Лемеш двое сутак утрымліваўся ў ізалятары. 30 верасня суддзя суда Салігорскага раёна Сяргей Самуйлік прызнаў маладзёна вінаватым у парушэнні артыкула 17.1 КаАП і аштрафаваў на 2 базавыя велічыні. Пасля судовага паседжання Уладзіміра Лемеша міліцыянты павезлі да дому для правядзення так званага агляду. Агляд быў санкцыянаваны ў межах праверкі па факце вандалізму: так быў кваліфікаваны арт-перформанс невядомай групы “Партызан” па перафарбаванні 15-метровага знаку на ўездзе ў Салігорск у бел-чырвона-белы колер. Па выніках агляду ва Уладзіміра былі вынятыя копіі падпісных лістоў за кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава, кніга Алеся Бяляцкага ды бел-чырвона-белы сцяг і стужкі. Якое дачыненне ўсе гэтыя рэчы малі мець да так званага вандалізму, міліцыянты не патлумачылі.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

3 верасня стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што правы журналісткі “Народнай волі” Марыны Коктыш былі парушаны пры адмове ёй у акрэдытацыі ў Палаце прадстаўнікоў беларускага парламента. Справа з адмовай у акрэдытацыі датычыць 2008 года. Журналістка звярталася з просьбай аб акрэдытацыі пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, але без тлумачэння прычын атрымала адмову, хоць раней такую акрэдытацыю мела. Рэдакцыя “Народнай волі” накіравала зварот да старшыні Палаты прадстаўнікоў. Адказаў газеце не спікер, а старшыня Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Юрый Кулакоўскі. У вуснай форме ён патлумачыў, што журналістцы забаронены допуск у Дом ураду. Пасля гэтага Марына Коктыш некалькі разоў звярталася ў суд, але сітуацыя з акрэдытацыяй журналісткі так і не змянілася. Камітэт прыйшлў да высновы, што беларускія ўлады пры адмове ў акрэдытацыі парушылі артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе кожнаму чалавеку права на свабодны збор, пошук і распаўсюд інфармацыі.

 

4 верасня Вярхоўны суд абавязаў Польскае тэлебачанне спыніць выкарыстанне гандлёвага знаку «Белсат» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі, а таксама на старонцы сайта «Белсат» у інтэрнэце, даступным для карыстальнікаў на тэрыторыі Беларусі. Суд таксама пастанавіў спагнаць з адказчыка 9 998 800 рублёў судовых выдаткаў. Пазоў супраць кампаніі Telewizja Polska S.A., якой належыць гандлёвая марка «Белсат», быў пададзены ўладальнікам беларускай фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэем Беляковым у траўні 2013 года. Паводле Белякова, яго кампанія, якая займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання, нібыта церпіць страты з-за сугучнасці з назвай тэлеканала. 27 студзеня 2014 года калегія Вярхоўнага суда пазоў Белякова адхіліла ў сувязі з тым, што заяўнік не прадставіў доказаў парушэння ягоных выключных правоў на гандлёвы знак. Але празь пяць месяцаў Прэзідыум Вярхоўнага суда Беларусі прыняў рашэнне накіраваць пазоў Андрэя Белякова супраць тэлеканала «Белсат» на новы разгляд у сувязі з нібыта недасканалым вывучэньнем доказаў па справе.

 

16 верасня сем супрацоўнікаў міліцыі пад кіраўніцтваў маёра Уладзіміра Пугачова ўварваліся ў кватэру незалежнага журналіста Алеся Буракова. Міліцыянты падставілі пад дзверы нейкую жанчыну, якая прадставілася супрацоўніцай ЖЭК, і як толькі Алесь Буракоў адчыніў дзверы, яго ледзь не збілі з ног. Супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі агляд кватэры. Усе свае дзеянні яны фіксавалі на відэакамеру. Сказалі, што Буракоў падазраецца ў парушэнні закона “Аб СМІ”, бо нібыта супрацоўнічае з нямецкім радыё “Deutsche Welle” і не мае на тое адпаведнай акрэдытацыі. У якасці доказаў міліцыянты спасылаліся на публікацыі, якія былі размешчаны на сайце радыё і былі падпісаныя Алесем Бураковым. Пасля таго, як кватэра журналіста была агледжана, міліцыянты паехалі рабіць агляд кватэры бацькоў Алеся, дзе таксама забралі кампутары. У выніку ў журналіста забралі два стацыянарных кампутары і два ноўтбукі на экспертызу. Абяцалі вярнуць кампутары праз 1-2 тыдні, як толькі праверка кампутараў будзе скончана. Алесь Буракоў адзначыў, што ў яго на руках толькі пратакол аб аглядзе месца адміністрацыйнага правапарушэння, які яму выдалі міліцыянты. Пратакола аб канфіскацыі кампутараў яму не выдалі. 18 верасня Аляксандр Буракоў накіраваў скаргі на дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага РАУС горада Магілёва міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу і начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандру Кавальчуку. Таксама ён накіраваў скаргу на дзеянні службовых асоб Ленінскага РАУС Магілёва і невядомых намеснікаў пракурора горада Магілёва на імя пракурора Магілёўскай вобласці. Журналіст лічыць, што праведзеныя 16 верасня агляды і выняткі камп’ютарнай тэхнікі ў кватэрах яго і яго бацькоў былі здзейснены незаконна, і ўсе доказы, атрыманыя пры правядзенні гэтых працэсуальных дзеянняў, не маюць юрыдычнай сілы. 23 верасня Аляксандр Буракоў у чарговы раз сустрэўся з супрацоўнікамі міліцыі ў Ленінскім РАУС Магілёва. Разам з журналістам у пастарунак таксама завіталі праваабаронца Барыс Бухель і бацькіАляксандра Буракова. Барыс Бухель і маці Аляксандра Буракова заявілі хадайніцтва, каб іх дапусцілі ў якасці прадстаўнікоў журналіста ў кабінет, дзе праводзілася апытанне, аднак маёр міліцыі Уладзімір Пугачоў просьбу адхіліў. На гэты раз гутарка з маёрам Пугачовым праходзіла ў падкрэслена карэктнай форме, без складання пратакола. Міліцыянт ужо ведаў пра шматлікія скаргі на парушэнні заканадаўства пры правядзенні агляду ў кватэры Аляксандра Буракова і яго бацькоў, якія журналіст накіраваў у розныя інстанцыі. Ён уручыў журналісту чарговую позву ў міліцыю на 30 верасня і паведаміў, што да гэтага часу павінна быць прынята рашэнне – будзе ў дачыненні да яго складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ці перад ім выбачацца і адміністрацыйную справу спыняць. 30 верасня намеснік начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС маёр Уладзімір Пугачоў азнаёміў журналіста з падрыхтаваным загадзя пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні. Паводле дакумента, журналісту вылучаецца абвінавачанне ў парушэнні часткі 2 арт. 22.9 КаАП – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. У пратаколе названы канкрэтны прыклад такой “незаконнай прадукцыі” – размешчаны на сайце DW.de («Нямецкая хваля») 25 жніўня 2014 года артыкул «Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?» за подпісам Аляксандра Буракова. Супрацоўнікі міліцыі вярнулі Аляксандру Буракову два ноўтбукі, якія належаць яго жонцы і былі забраныя падчас “агляду” кватэры журналіста, а таксама адзін з сістэмных блокаў з кватэры яго бацькоў. Другі сістэмны блок з кватэры бацькоў журналіста па-ранейшаму застаецца ў супрацоўнікаў Ленінскага РАУС, як і флэшкі.

 

16 верасня прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч, якая 15-16 верасня знаходзілася ў Мінску з афіцыйным візітам, заявіла, што патрабаванне аб абавязковай акрэдытацыі журналістаў у Беларусі павінна быць адмененае, бо яно рэальна абмяжоўвае магчымасці СМІ. Яна падкрэсліла, што ўвесь час падымае гэтую праблему падчас кантактаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Акрамя адмены абавязковай акрэдытацыі журналістаў, у Беларусі варта рэфармаваць заканадаўства аб СМІ і доступе да інфармацыі, лічыць Дуня Міятавіч. Гэтыя законы, паводле яе слоў, «тэрмінова маюць патрэбу ў рэформах» і павінны быць «гарманізаваныя і лібералізаваныя ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі». Змены заканадаўства ў галіне СМІ неабходныя для рэальнага паляпшэння сітуацыі ў краіне, перакананая прадстаўніца АБСЕ. Важным пытаннем таксама з'яўляецца свабода ў інтэрнэце, падкрэсліла яна: «У маім парадку дня гэтае пытанне займае важнае месца ў дачыненні да ўсіх краін — удзельніц АБСЕ, каб пераканацца, што не плануюцца ніякія забароны ў інтэрнэце ці нешта падобнае».

 

24 верасня Міністэрства замежных спраў Беларусі адмовіла журналісту Беларускага Радыё Рацыя Віктару Парфёненку ў акрэдытацыі ў якасці карэспандэнта замежнага СМІ. Пра гэта журналісту паведамілі ў прэс-службе МЗС. Адпаведныя дакументы журналіст накіраваў яшчэ 16 ліпеня. Гэта была ўжо сёмая спроба Парфёненкі, усе папярэднія таксама скончыліся адмовамі. Сам журналіст лічыць дадзенае рашэнне дыскрымінацыйным, скіраваным супраць магчымасці грамадства атрымліваць праўдзівую і рознабаковую інфармацыю на хвалях “Беларускага Радыё Рацыя”.

 

25 верасня ў Бабруйску суддзя Наталля Чарапуха агучыла рашэнне па справе незалежнай журналісткі Марыны Малчанавай, якая абвінавачвалася ў супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі. Суддзя зачытала запыт супрацоўніка міліцыі Сяргея Рудзько ў Міністэрства замежных спраў, і адказ адтуль. Таксама яна зачытала запыт гэтага міліцыянта ў краснапольскую міліцыю з просьбай апытаць гераіню рэпартажа на тэлеканале «Белсат» пра дабрачынны рух. Адвакатка Марыны Малчанавай патлумачыла суду, што яе падабаронная не можа быць пакараная па артыкуле, парушэнне якога ставіцца ёй у віну. Яна адзначыла, што Малчанава - фізічная асоба, а артыкул 22.9 КаАП прадугледжвае пакаранне юрыдычных асоб. Таксама яна патлумачыла, у чым розніца паміж гатовай прадукцыяй, якая з'яўляецца ў СМІ, і зборам матэрыялаў, нагадала пра 34 артыкул Канстытуцыі, які гарантуе свабодны збор і распаўсюд інфармацыі любым грамадзянінам Беларусі. Пасля гадзіннага перапынку суддзя Наталля Чарапуха агучыла пастанову: прызнаць віну Малчанавай у парушэнні артыкула 22.9 у другой частцы даказанай і пакараць яе штрафам у 32 базавыя велічыні.  

 

26 верасня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прыняла заяву адносна неправамернасці пераследу рэпарцёраў, чые імёны і матэрыялы з'яўляюцца ў замежных СМІ. Журналісцкая арганізацыя лічыць, што ціск на такіх журналістаў мае адкрыты характар запалохвання і шантажу ​​і супярэчыць нормам нацыянальнага заканадаўства і міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь у галіне забеспячэння свабоды распаўсюду інфармацыі. ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звярнула ўвагу, што палажэнні артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі» не ў першы раз выкарыстоўваюцца неправамерна ў дачыненні да журналістаў, якія накіроўваюць свае матэрыялы ў замежныя медыя. Такая практыка парушае як ўнутранае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, так і міжнародныя абавязальніцтвы нашай дзяржавы ў сферы свабоды выказвання меркавання.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

1 верасня ў Брэсце былі забаронены пікеты ў падтрымку малога памежнага руху. Паводле словаў аднаго з ініцыятараў пікетаў Аляксандра Храпко, у заяўках падкрэслівалася, што пікеты будуць ладзіцца ў брэсцкім парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне “Лакаматыў”. Менавіта гэтыя пляцоўкі самі гарадскія ўлады сваім рашэннем выбралі ў якасці месцаў, дзе могуць адбывацца масавыя мерапрыемствы такога кшталту. Увогуле, паводле словаў Аляксандра Храпко, у Брэсцкай вобласці з усіх пададзеных заявак на правядзенне падобных акцый дазвол быў атрыманы толькі на пікет, які адбыўся ў Пружанах.

 

1 верасня намеснік старшыні аргкамітэту святкавання 500-х угодкаў бітвы пад Оршай мастак Мікола Купава атрымаў афіцыйны ліст з забаронай з Аршанскага райвыканкаму. Афіцыйная прычына забароны – гэта адсутнасць дамоў на абслугоўваньне акцыі з міліцыяй, паліклінікай і службай ЖКГ. Такія дамовы, згодна з рашэннем мясцовага выканкаму, заяўнік мусіць заключыць яшчэ да звароту па дазвол. Праз тое, што дамовіцца з гэтымі службамі немагчыма, бо гэткіх паслуг яны не аказваюць, аршанскія ўлады на працягу апошніх 4 гадоў не далі ніводнага дазволу ні на якія масавыя мерапрыемствы з ініцыятывы мясцовых актывістаў. Мікола Купава лічыць, што калі б аршанскія ўлады пагадзіліся, што бітва пад Оршай – гэта знакавая гістарычная падзея, а 500-я ўгодкі - гэта важная дата, яны напісалі б, што і ў якім парадку трэба зрабіць, каб атрымаць дазвол. Маглі б і дапамагчы ў арганізацыі – тады ніякія дамовы на абслугоўванне зусім не патрэбныя. Аднак райвыканкам цягнуў з адказам да апошняга, і за 5 дзён да мерапрыемства даслаў ліст з забаронай.

 

3 верасня праваабаронцы Тамара Шчапёткіна і Сяржук Русецкі атрымалі адказ з Брэсцкага аблвыканкама, куды яны звярталіся з праблемай неадпаведнасці рашэння Бярозаўскага райвыканкаму пастанове Савета Міністраў. Адказ дасланы за подпісам намесніка старшыні аблвыканкама Леаніда Цупрыка. У лісце паведамлялася, што райвыканкаму дадзена даручэнне прывесці іх рашэнне ў адпаведнасць з пастановай Савета Міністраў №207, згодна з якой мясцовы выканаўчы орган павінен сам звяртацца ў міліцыю наконт аховы правапарадку на масавым мерапрыемстве, атрымаўшы заяву.

 

4 верасня актывісты па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя ў Гродзенскай вобласці падвялі вынікі спробаў правядзення інфармацыйных пікетаў у розных гарадах вобласці: 13 адмоваў на 13 заявак. Тэматыка заяўленых пікетаў была наступная: інфармаванне насельніцтва пра праблемы ўсталявання малога памежнага руху. Усе заяўкі на розныя дні былі пададзеныя адным чалавекам – актывістам Анатолем Макаравым. На свае заяўкі ён атрымаў адмовы з Астравецкага, Ашмянскага, Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Воранаўскага, Іўеўскага, Лідскага, Мастоўскага, Свіслацкага, Смаргонскага, Шчучынскага раённых выканаўчых камітэтаў, а таксама Гродзенскага і Скідзельскага гарвыканкамаў. Пераважная частка адмоваў тлумачылася неадпаведнасцю ўказанага месца правядзення пікету і тым, што заяўнікам не заключаны пагадненні з адпаведнымі службамі па прыборцы тэрыторыі, ахове грамадскага парадку, забеспячэнні медыцынскага абслугоўвання. Сярод адмоваў сустракаюцца і іншыя прычыны: так, у адказе Мастоўскага выканкаму адмова тлумачыцца тым, што ў заяўлены дзень на месцы мяркуемага пікета адбудзецца мерапрыемства “Добры дзень, школа!”, а ў адказе Іўеўскага выканкаму, найбольш лаканічным, гаворыцца, што пікет немагчымы ў звязку з тым, што 6 верасня мясцовы прамысловы рынак не працуе. А Бераставіцкі і Ваўкавыскі райвыканкамы парушылі заканадаўства аб мовах Рэспублікі Беларусь, даслаўшы адказы заяўніку не на беларускай мове звароту, а на рускай. Такія адказы даслалі старшыня Бераставіцкага выканкаму Антон Кулісевіч і намеснік старшыні Ваўкавыскага выканкаму Уладзімір Захарчук. У адказе з Бераставіцы на заяўку наўпрост сказана: “Запретить Макарову А.П. проведение массового мероприятия”.

 

5 верасня суд Хойніцкага раёна прыняў рашэнне прызнаць скаргу актывіста АГП Аляксандра Процкі абгрунтаванай і адмяніць рашэнне мясцовага райвыканкаму аб адмове ў правядзенні пікету. Аляксандр Процка планаваў 27 ліпеня правесці ў Хойніках два пікеты з мэтай актуалізацыі ў грамадстве каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту, а таксама выказвання салідарнасці з украінскім народам у яго імкненні захаваць цэласнасць і незалежнасць дзяржавы. Актывіст загадзя падаў у райвыканкам адпаведную заяву на правядзенне пікетаў на двух пляцоўках – каля ўнівермагу «Юбілейны» і на плошчы Леніна райцэнтру. Але райвыканкам адмовіў яму, матывуючы гэта тым, што дадзеныя пляцоўкі можна выкарыстоўваць у мэтах масавых мерапрыемстваў толькі для сустрэч кандыдатаў у дэпутаты з грамадзянамі ці правядзення іншых сустрэч у перыяд выбараў. А для пікетаў, маўляў, дадзеныя пляцоўкі не прадугледжаныя. Аляксандр Процка не згадзіўся з дадзеным рашэннем, палічыўшы, што яно абмяжоўвае яго правы, і абскардзіў яго ў судзе Хойніцкага раёна. За апошнія дзесяць гадоў гэта першы выпадак, калі суд не пагадзіўся з рашэннем выканкаму.

 

5 верасня бярозаўскія праваабаронцы і грамадскія актывісты атрымалі адмову на правядзенне пікета 8 верасня з мэтай адзначэння 500-годдзя бітвы пад Воршай - Дня вайсковай славы, а таксама выказвання пратэсту супраць размяшчэння расійскіх вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі і наяўнасці палітычных вязняў. Адмова падпісана намеснікам старшыні Бярозаўскага райвыканкама Яўгенам Тарасюком, распараджэнне аб адмове -- старшынёй райвыканкама Юрыем Наркевічам. Адной з прычын адмовы ў правядзенні пікета стала тое, што ў дзень падачы заявы памылкова была дададзена копія дамовы з ЖКГ на пікет з іншай датай -- 25 жніўня. Нягледзячы на тое, што памылка была заяўнікамі выпраўлена, райвыканкам яе выкарыстаў для адмовы. Другой прычынай стала адсутнасць дамовы з міліцыяй, хаця райвыканкам мае даручэнне аблвыканкама аб выпраўленні свайго рашэння “Аб парадку правядзення масавых мерапремстваў” згодна з Пастановай Савета міністраў № 207, паводле якой да міліцыі павінен звяртацца па абслугоўванні пікета сам райвыканкам.

 

9 верасня праваабаронца Сяргей Гоўша накіраваў старшыні Брэсцкага аблвыканкама скаргу на рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ад 14.07.2014 года аб забароне пікета 27 ліпеня. У скарзе адзначаецца, што масавае мерапрыемства, прысвечанае гадавіне прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі, было забаронена чыноўнікамі па прычыне таго, што заяўнік нібыта не прадставіў своечасова копіі дамоў з гарадскім аддзелам унутраных спраў, паліклінікай і “Спецаўтабазай” па абслугоўванні запланаванага пікету. Сяргей Гоўша адзначыў, што праваабаронцы фактычна за месяц падалі заяву аб правядзенні пікету, а пазней данеслі і копіі дамоў з гарадскімі дзяржаўнымі структурамі па абслугоўванні мерапрыемства. У той жа час, лічыць Сяргей Гоўша, парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў рэгламентуецца не толькі законам, але і Пастановай Савета Міністраў ад 05.03.2012 г. № 207, якая не патрабуе заключэння дамовы з ГАУС. Згодна гэтай пастановы, выканаўчы камітэт на другі дзень пасля рэгістрацыі заявы на правядзенне масавага мерапрыемства павінен сам прадставіць копію заявы ў праваахоўныя органы, што якраз у Баранавічах не выконваецца. Таму Сяргей Гоўша просіць Брэсцкі аблвыканкам абавязаць Баранавіцкі гарвыканкам унесці змены ў “Рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама № 1497 ад 16.06.2009г. “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у г.Баранавічы” у сувязі з прыняццем Пастановы Савета Міністраў РБ ад 05.03.2012г. № 207 і не парушаць ў далейшым правы заяўнікаў масавых мерапрыемстваў.

 

10 верасня Салігорскі выканкам не даў дазволу на правядзенне на Цэнтральнай плошчы горада пікету па зборы подпісаў за спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Арганізатарам мерапрыемства выступаў мясцовы маладафронтавец Іван Шыла. Па яго словах, чыноўнікі не ўпадабалі абранае для правядзення пікету месца. Па ягоных словах, ініцыятары ўлічылі ўсе абмежаванні айчыннага заканадаўства, кшталту адлегласці ў 50 метраў ад будынкаў органаў дзяржаўнага кіравання. Аднак выявілася існаванне выканкамаўскага рашэння дзесяцігадовай даўніны, паводле якога на Цэнтральнай плошчы гораду пікетаваць нельга нібыта дзеля “папярэджання надзвычайных здарэнняў”.

 

19 верасня сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў, Алег Емяльянаў і Пётр Сарапеня, якія падавалі заяўкі на пікеты ў трох раёнах Віцебска, атрымалі адмовы з трох раённых адміністрацый. Мэтай меркаваных акцый было публічнае асуджэнне агрэсіі Расіі ў дачыненні да незалежнай суверэннай Украіны. Пікеты мусілі прайсці з 22 па 24 верасня ў месцах, адмыслова вызначаных уладамі для правядзення масавых акцый. Арганізатарам адмовілі на падставе таго, што яны не заключылі дамовы на абслугоўванне акцый з ЖКГ, медыкамі цэнтральнай гарадской паліклінікі і міліцыяй, якія патрабуюцца ў адпаведнасці з рашэннем Віцебскага гарвыканкаму. Аднак рашэнне гэтае невыканальнае – медыкі і міліцыя яшчэ ні разу не пагадзіліся заключыць з дамовы з заяўнікамі, таму гэтым разам актывісты вырашылі да іх не звяртацца.

 

24 верасня грамадская актывістка Таццяна Грачанікава атрымала з Мінгарвыканкаму адмову ў правядзенні адзіночнага пікета супраць вайны ва Украіне. «Пададзеная вамі заява не адпавядае арт. 9 Закона «Аб масавых мерапрыемствах»», - адзначана ў адмове на заяўку аб правядзенні пікета, падпісанай намеснікам старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту І.В. Карпенкам. У прыватнасці, чыноўнікі лічаць, што правядзенне масавага мерапрыемства «не будзе спрыяць захаванню элементаў добраўпарадкавання і зялёных насаджэнняў, можа ствараць перашкоды пешаходнаму і транспартнаму руху, адцягваць вадзіцелей транспартных сродкаў ад выканання ПДР». Акрамя таго, у заяўцы «не пазначаныя канкрэтныя меры па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры прывядзенні масавага мерапрыемства».

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

 

26 верасня ў Варшаве на штогадовай нарадзе АБСЕ па чалавечым вымярэнні адбылося паралельнае мерапрыемства “Свабода асацыяцый і прававыя ўмовы для дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”. Арганізатарамі выступілі Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі і Цэнтр прававой трансфармацыі. Мэтай мерапрыемства было азнаямленне ўдзельнікаў канферэнцыі АБСЭ са зместам альтэрнатыўнай справаздачы, якая была пададзена беларускімі арганізацыямі ў Савет па правах чалавека ААН у межах падрыхтоўкі да другога раўнду Універсальнага перыядычнага агляду па правах чалавека. У межах мерапрыемства праваабаронцы сканцэнтравалі ўвагу на выкананні беларускім урадам рэкамендацый па паляпшэнні прававых умоў для дзейнасці няўрадавых арганізацый, што былі адрасаваны нашай краіне падчас першага раўнду УПА ў 2010 годзе. У сваім выступе юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў адзначыў, што ўрад Беларусі не выканаў абсалютную большасць рэкамендацый, датычных свабоды асацыяцый. У тым ліку не выкананыя тыя рэкамендацыі, якія ў 2010 годзе былі прызнаны ўрадам Беларусі ў якасці прымальных, а значыць, нашая краіна ўзяла на сабе абавязак прыслухацца да іх. Так, рэкамэндацыя скасавання крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый (сумнавядомы артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу), так і засталася не выкананая: хоць ад 2008 года новых прысудаў па артыкуле 193-1 не было зафіксавана, сам артыкул працягвае дзейнічаць і негатыўна ўплываць на развіццё беларускай грамадзянскай супольнасці. Дырэктар Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка падкрэсліла, што тыя шматлікія змены заканадаўства пра няўрадавыя арганізацыі, якія адбыліся ў перыяд 2010-2014 гадоў, ніякім чынам не вырашылі асноўных прававых праблем і абмежаванняў для працы некамерцыйных арганізацый. Эксперт Цэнтру прававой трансфармацыі Аляксей Казлюк адзначыў, што ў параўнанні з першым раўндам Універсальнага перыядычнага агляду інтэнсіўнасць узаемадзеяння ўраду з нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі зменшылася і абмяжоўваецца збольшага фармальнымі мерапрыемствамі з тэарэтычным абмеркаваннем праваабарончых аспектаў, далёкім ад пытанняў практычнай рэалізацыі ў дзяржаўнай палітыцы.

 

30 верасня стала вядома, што беларускія ўлады адмовілі ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання «Краёвае згуртаванне літвінаў». «Спіс заснавальнікаў ГА «Краёвае згуртаванне літвінаў» утрымлівае ў сабе няпоўныя і несапраўдныя звесткі аб заснавальніках дадзенага грамадскага аб’яднання, у сувязі з чым з’яўляецца несапраўдным дакументам», — гаворыцца ў адмове з Міністэрства юстыцыі. У якасці няпоўных і несапраўдных звестак прыводзіцца адсутнасць нумароў хатніх і рабочых тэлефонаў у двух заснавальнікаў, недакладныя звесткі пра месца жыхарства ў трох заснавальнікаў. Пры гэтым прыкладам недакладных звестак прыводзіцца тое, што адрас аднаго заснавальніка пададзены наступным чынам: «г.Слаўгарад, вул.К.Маркса», тады як, заяўляюць у Мінюсце, ён мусіць выглядаць наступным чынам: «г.Слаўгарад, вул. Маркса Карла Фрыдрыхавіча». І гэта пры тым, што бацька Карла Маркса быў Генрыхам. Паводле старшыні «Краёвага згуртавання літвінаў» Аляксандра Стральцова, заснавальнікі збіраюцца абскардзіць адмоу ў Вярхоўным судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства