Беларускія жанчыны аб’ядноўваюцца ў Жаночую сетку
25 кастрычніка ў Менску прайшла сустрэча актывістак партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Беларусі, дзе была падпісаная дэклярацыя аб намеры стварэньня Жаночай сеткі.
Ініцыятаркамі стварэньня Жаночай сеткі (працоўная назва) выступілі прадстаўніцы Партыі БНФ, БСДП (Грамада), МСД-МГ, БПЛ “Справядлівы сьвет” і Цэнтра рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ.
Галоўную мэту аб’яднаньня ініцыятаркі бачаць у абмене досьведам, інфармацыяй і праяўленьні салідарнасьці паміж жанчынамі, якія маюць актыўную грамадзянскую пазыцыю. Адрозьненьне ад існуючых у Беларусі жаночых аб’яднаньняў у тым, што Жаночая сетка скіраваная ня толькі на разьвіцьцё жаночага лідэрства, але й на падтрымку актыўнасьці жанчынаў як прадстаўніцаў пэўных арганізацыяў і павелічэньне ролі жанчынаў у сфэры прыняцьця рашэньняў.
Да гэтага часу супрацоўніцтва паміж жанчынамі з вышэйзгаданых арганізацыяў разьвівалася на міжасабовым узроўні. Але яны паставілі сабе за мэту перайсьці да супрацоўніцтва міжпартыйнага і арганізацыйнага, праз аб’яднаньне ў Жаночую сетку.
На дадзены момант Жаночая сетка ня мае назвы. На сустрэчы быў створаны аргкамітэт, які ўзяў на сябе адказнасьць за распрацоўку неабходных палажэньняў і дакумэнтаў. Устаноўчы сход па стварэньні Жаночай сеткі заплянаваны на ліпень 2015 году.