«Карусель пікетаў» працягнецца ў судах
Ніводны з 20 жадаючых правесці пікет у падтрымку Украіны, у тым ліку і намеснікі старшыні Руху «За Свабоду», так і не атрымалідазволу ад Мінгарвыканкаму. Але «Карусель пікетаў» працягнецца, бо ёсць магчымасць аспрэчыць забарону ў судах, паведамляе сайт Pyx.by
«У каруселі паўдзельнічалі каля 20 чалавек, сярод якіх паэт Славамір Адамовіч, актывіст Яўген Батура, сябры Руху «За Свабоду», у тым ліку намеснікі старшыні Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец. Ніводны з іх не атрымаў ад Мінгарвыканкаму згоду на правядзенне пікету каля расійскай амбасады», - кажа сайту Pyx.by адзін з ініцыятараў кампаніі сябра рады руху Арцём Лява.
Пры гэтым, па ягоных словах, падводзіць вынікі «каруселі» ранавата. «Мы з юрыстам падрыхтавалі вялікі ліст у суд Маскоўскага раёну, каб кожны, хто атрымаў адмову, змог яе абскардзіць у судзе», - патлумачыў Лява.
Сябра рады Руху «За Свабоду» падкрэсліў, што ўсе ўдзельнікі кампаніі атрымалі фактычна аднолькавыя, быццам бы пад капірку напісаныя адмовы.
«Мы працягнем абараняць правы беларусаў на правядзенне акцыі салідарнасці», - заключыў Арцём Лява.
Кампанію «Карусель пікетаў» актывісты Руху «За Свабоду» Арцём Лява і Алесь Марчанкараспачалі ў пачатку верасня. Яны прапануюць кожны дзень падаваць заяўкі на пікеты каля амбасады Расіі з патрабаваннем спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне. Да кампаніі далучыліся таксама іншыя актывісты, але ініцыятары прапануюць далучацца ўсіх ахвотных. Першыя заяўнікі Лява і Марчанка таксама атрымалі адмовы.
Намеснікі старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец атрымалі адмовы ў правядзенні адзіночных пікетаў з тым жа тлумачэннем, што і большасць іншых удзельнікаў: замінанне кіроўцам і шкода для зялёных насаджэнняў.