Баранавічы: гарвыканкам забараніў пікет, прысвечаны 77-х угодкам “крыштальнай ночы” беларускай культуры
Грамадская актывістка Анжаліка Камбалава 23 кастрычніка атрымала ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамляецца, што ўлада не дае згоды на правядзенне пікета, прысвечанага 77-х угодкам “крыштальнай ночы” беларускай культуры. Чыноўнік лічыць, што заяўніца адзіночнага пікету Анжаліка Камбалава парушыла абзац 5 арт. 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30.12.1997г. № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і п. 4 рашэння гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы”, не заключыўшы дамовы па абслугоўванні пікета з міліцыяй, медыкамі і камунальшчыкамі.
– У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года супрацоўнікі НКУС расстралялі ў мінскай турме 22 беларускіх пісьменнікаў і больш 80 прадстаўнікоў інтэллігенцыі нашай краіны. Але нашае грамадства мала ведае праўды пра расстрэлы сталінскіх часоў, асабліва моладзь. Таму мы хацелі ўшанаваць памяць нявінна забітых беларускіх дзеячоў культуры ў 1937 годзе, каб такія трагічныя падзеі ў нашай гісторыі больш ніколі не паўтарыліся. Артыкул 33 нашай Канстытуцыі гарантуе грамадзянам свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, таму я была ўпэўнена, што гарадскія ўлады дазволяць адзіночны пікет, які мае вялікае выхаваўчае значэнне для нашых грамадзян, – паведаміла Анжаліка Камбалава.
Нагадаем, што напрацягу 2013-2014 гг. усе запланаваныя пікеты грамадскіх актывістаў Рыгора Грыка, Сяргея Гоўшы, Вячаслава Болбата, Віктара Сырыцы і Мікалая Чарнавуса Баранавіцкі гарвыканкам таксама забараніў.