Афіцыйны Менск заклікаў ААН навесьці парадак у Радзе па правах чалавека
У рамках 69-й сэсіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку 23 кастрычніка прадстаўлены даклад спэцдакладчыка па пытаньні аб становішчы праваабаронцаў Мішэля Форста.
«У гэтым дакладзе няма ўпамінаньня пра Беларусь, а ёсьць толькі апісаньне агульных тэндэнцыяў становішча праваабаронцаў ва ўсім сьвеце.
Даклад прадстаўляўся ў фармаце інтэрактыўнага дыялёгу. Гэта значыць, што пасьля яго агучваньня прадстаўнікі дзяржаў маглі пракамэнтаваць яго і задаць свае пытаньні.
Прадстаўніца Беларусі задала пытаньне пра тое, якія спэцдакладчык зьбіраецца прыняць меры па барацьбе са злоўжываньнямі праваабаронцаў, якія спэкулятыўна пад выглядам абароны ахвяраў мірных сходаў абараняюць асобаў, якія ажыцьцяўляюць дзеяньні, накіраваныя супраць правапарадку», — апавяла карэспандэнту Свабоды прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» і Беларускага дому правоў чалавека Тацяна Равяка, якая бярэ ўдзел у імпрэзе.
Спэцдакладчык сказаў, што сваімі далейшымі дзеяньнямі зможа адказаць на ўсе пытаньні.
Тацяна Равяка так пракамэнтавала карэспандэнту Свабоды заяву афіцыйнага прадстаўніка Беларусі:
«Думаю, што прадстаўнік Беларусі кіруецца агульнай пазыцыяй беларускіх уладаў адносна людзей, якія зазнаюць перасьлед за імкненьне рэалізаваць свае правы: яны прадстаўляюцца звычайнымі злачынцамі. А калі праваабаронцы даводзяць іншае, то атрымліваецца, што, на думку ўладаў, яны проста спэкулююць, злоўжываюць. Тут можна казаць пра падмену паняцьцяў, якой кіруюцца беларускія ўлады, каб лепей выглядаць найперш перад міжнароднай супольнасьцю».
Сёньня ў Нью-Ёрку пройдзе сайд-эвэнт з удзелам спэцдакладчыка па праваабаронцах, спэцдакладчыка па Беларусі і саміх праваабаронцаў.
«Фактычна гэта для нас галоўнае мерапрыемства, дзе будзе магчымасьць прадставіць сытуацыю ня толькі з праваабаронцамі, але і з шырокай грамадзянскай супольнасьцю і ўвогуле з правамі чалавека ў Беларусі».
Даклад па сытуацыі ў Беларусі Міклаша Харасьці будзе прадстаўлены 28 кастрычніка.
Прадстаўніца дэлегацыі Беларусі заявіла, што правы чалавека выкарыстоўваюцца для спэкуляцыяў і ціску
«Падчас інтэрактыўнага дыялёгу зь Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека прадстаўніца дэлегацыі Беларусі заявіла, што правы чалавека выкарыстоўваюцца для спэкуляцыяў і ціску на краіны і заклікала камісара „навесьці парадак у Радзе па правах чалавека“. Яна абвінаваціла Раду ў адсутнасьці цікавасьці да кансэнсусных падыходаў, што, па яе словах, „падрывае аўтарытэт Рады па правах чалавека“. Яна пацьвердзіла непрызнаньне мандату краінавага спэцдакладчыка і адмову ад узаемадзеяньня», — распавяла Тацяна Равяка.
Камэнтуючы пазыцыю афіцыйнага Менску карэспандэнту Свабоды, Тацяна Равяка адзначыла:
«Гэтая пазыцыя афіцыйнага Менску ня новая, яна была агучана адразу пасьля ўвядзеньня мандату ў 2012 годзе. І яе на працягу ўсяго гэтага часу (а мандат ужо двойчы працягваўся) беларускія ўлады прытрымліваюцца. Беларускія ўлады праяўляюць пазыцыю выбарнасьці: яны самі хочуць выбіраць, з кім супрацоўнічаць, а з кім не, і стаўленьне да краінавага спэцдакладчыка якраз адлюстроўвае гэтую пазыцыю».
Міклаш Харасьці ў сваёй справаздачы заклікаў беларускія ўлады неадкладна і безь якіх-колечы ўмоваў вызваліць усіх палітвязьняў і забясьпечыць поўнае аднаўленьне іх у грамадзянскіх і палітычных правах.
У дакладзе адзначаецца, што паводле стану на ліпень 2014 году ў турмах знаходзяцца сем палітвязьняў: Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Васіль Парфянкоў.
Харашці таксама рэкамэндуе беларускаму ўраду гарантаваць незалежнасьць арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцаў, стварыць умовы для таго, каб яны маглі працаваць, не баючыся рэпрэсіяў.
Таксама ў дакладзе адзначаецца, што нягледзячы на «асобныя абмежаваныя паляпшэньні», за апошні год сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў цэлым істотна не зьмянілася.
Харасьці адзначае, што, нягледзячы на неаднаразовыя звароты, ён так і не змог атрымаць ад беларускіх уладаў дазволу прыехаць у краіну.
У чэрвені гэтага году Рада ААН па правах чалавека працягнула мандат спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі Міклаша Харасьці.