Брэст: з экс-кандыдатам у дэпутаты гарадскога Савета не працягнулі працоўны кантракт
Былы выкладчык мясцовага медычнага каледжа Аляксандр Мельнік перекананы, што ён быў звольнены з працы менавіта за ўдзел у выбарчай кампаніі, аднак суд Маскоўскага раёна Брэста адхіліў яго пазоў да кіраўніцтва вучэльні.
Як распавёў Аляксандр Мельнік, у Брэсцкім медычным каледжы ён працаваў тры апошнія гады, дзе выкладаў тры прадметы і арганізоўваў факультатыўныя заняткі. За гэты час ніякіх пярэчанняў і заўваг з боку адміністрацыі ўстановы не было, пакуль Мельнік не вырашыў браць удзел у мясцовых выбарах. “Яшчэ падчас самой выбарчай кампаніі кіраўніцтва каледжа рабіла ўсё, каб я не мог паўнавартасна займацца агітацыяй, - узгадвае былы выкладчык. – Урэшце гэты ціск змяніўся пагрозамі не працягнуць кантракт, і ў выніку з 10 верасня мяне звольнілі”.
Свой пазоў у суд Аляксандр Мельнік патлумачыў нават не столькі мэтай аднавіць месца працы, колькі жаданнем дамагчыся дакладнай фармулёўкі: чаму быў скасаваны кантракт. “Але дырэктар каледжа ў суд не з’явіўся, а загадчык вучэбнай часткі распавёў, што не ведае пра прычыны майго звальнення, - кажа Мельнік. – Я заявіў хадайніцтва, каб суд выклікаў дырэктара для тлумачэнняў, аднак яно было адхілена”.
У выніку суддзя Таццяна Ласковіч пазоў не задаволіла, і зараз экс-кандыдат у дэпутаты рыхтуе скаргу на гэтае рашэнне ў вышэйшыя судовыя інстанцыі.