Вярхоўны суд лічыць папярэджанне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі законным
Вярхоўны суд РБ не задаволіў скаргу сябра кампаніі “Гавары праўду” Аляксандра Кузьміна з Белаазёрска, які прасіў адмяніць судовыя пастановы наконт правамоцнасці пісьмовага папярэджання, вынесенага Бярозаўскай пракуратурай па арт. 193.3 Крымінальнага кодэкса – дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Нагадамем, пісьмовае папярэджанне актывіст атрымаў у сакавіку 2013 г. ад пракурора Бярозаўскага раёна. Прыцягнуць Кузьміна да крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі прасіў у сваім прадстаўленні супрацоўнікам Бярозаўскага РАУС цяпер ужо былы старшыня Белаазёрскага гарвыканкама Вячаслаў Дамброўскі. Бярозаўская міліцыя ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмовіла, не ўбачыўшы ў грамадскіх кампаніях, якія праводзіліся прыхільнікамі “Гавары праўду”, прыкмет арганізацыі. А.Кузьмін разам з белаазёрскімі актывістамі разгарнуў кампанію за паляпшэнне сацыяльна-бытавых умоваў гараджан: збіралі подпісы за рамонт дарог, рамонт пад’ездаў, упарадкаванне двароў і інш. Разам з тым, пракуратура Бярозаўскага раёна прыкметы арганізацыі ўбачыла і вынесла Аляксандру Кузьміну папярэджанне па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэкса.
Вярхоўны суд таксама прызнаў, што пракуратура Бярозаўскага раёна правільна адрэагавала на незаконныя дзеянні Кузьміна: “У арт. 27 Закона “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь” прадугледжана, у прыватнасці, што пры ўстанаўленні парушэнняў заканадаўства ў залежнасці ад іх характару пракурор мае права ўносіць абавязковыя для выканання папярэджанні”.
Далей у пастанове Вярхоўнага суда ўказваецца: “У судовым паседжанні вы не адмаўляліся, што з’яўляецеся актывістам кампаніі “Гавары праўду”, якая праводзіцца ў межах праекта “Грамадзянская дамова”. У той жа час вы не прадставілі суду доказаў таго, што сваю дзейнасць у кампаніі “Гавары праўду” ажыццяўляеце як сябра якога-небудзь зарэгістраванага ва ўстаноўленым парадку грамадскага аб’яднання.
Паколькі вы з’яўляецеся актыўным удзельнікам незарэгістраванага ва ўстаноўленым парадку грамадскага аб’яднання, а згодна з ч.2 арт 7 Закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях” дзейнасць такіх аб’яднанняў на тэрыторыі РБ забараняецца, пракуратура мела права вынесці вам афіцыйнае папярэджанне.
У сувязі з гэтым суд правамоцна адмовіў у задавальненні скаргі”.
Адказ падпісаны намеснікам старшыні Вярхоўнага суда Андрэем Забарам.