viasna on patreon

Былы кандыдат у дэпутаты ў чарговы раз спрабуе абскардзіць сваё затрыманне на выбарчым участку

2014 2014-10-03T08:58:08+0300 2014-10-03T10:33:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karan-genpr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч 2 кастрычніка ў чарговы раз падаў скаргу ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.

У сваёй скарзе Валерый Каранкевіч скардзіцца Генеральнаму пракурору на дзеянні службовых асоб Хоцімскага РАУС, Хоцімскай пракуратуры, пракуратуры Магілёўскай вобласці, начальніка аддзела па нагляду за выкананнем праў і свабод грамадзян Генеральнай пракуратуры і просіць прызнаць незаконнымі і неабгрунітаванымі іх адказы па справе. Таксама актывіст звяртаецца з просьбай правесці расследванне ўказаных парушэнняў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці згодна закона, даць яму пісьмовы матываваны адказ ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

Валерый Каранкевіч у сваёй скарзе зноў звяртае ўвагу супрацоўнікаў Генеральнай пракуратуры на тое, што ўсе свае ранейшыя скаргі ён падаваў на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС, таму ён лічыць неабгрунтаванымі спасылкі пракурораў на артыкул 49-1 Выбарчага кодэкса, што мінуў 10-дзённы тэрмін абскарджвання парушэнняў Выбарчага кодэкса.

Грамадскі актывіст даводзіць, што ніякай неабходнасці яго тэрміновага затрымання на ўваходзе на выбарчы ўчастак і дастаўкі яго ў Хоцімскі РАУС для правядзення разбіральніцтва непасрэдна перад пачаткам працэдуры падліку галасоў не было. У парушэнне беларускага заканадаўства супрацоўнікі Хоцімскай міліцыі адмовіліся складаць пратакол затрымання ў адносінах да яго, а таксама перашкодзілі Валерыю Каранкевічу, як кандыдату ў дэпутаты мясцовых Саветаў, назіраць за працэдурай падліку галасоў выбаршчыкаў.

Да гэтага звароту ў Генеральную пракуратуру Валерый Каранкевіч неаднаразова спрабаваў абскардзіць сваё неабгрунтаванае затрыманне супрацоўнікамі міліцыі падчас мясцовых выбараў на выбарчым участку ў Хоцімску ў пракуратурах розных узроўняў, у тым ліку і ў Генеральнай, аднак станоўчага выніку гэта не дало.

“Я зноў ездзіў у Мінск 2 кастрычніка, каб асабіста падаць скаргу ў Генеральную пракуратуру, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Я для сябе асабіста вырашыў, што прайду ўсе прадугледжаныя законам інстанцыі, каб паспрабаваць адстаяць справядлівасць, бо лічу, што супрацоўнікі Хоцімскай міліцыі затрымлівалі мяне непасрэдна на выбарчым участку перад пачаткам працэдуры падліку галасоў выбаршчыкаў абсалютна незаконна і буду адстойваць гэта сваё меркаванне да канца. Ужо ў даволі хуткім часе ў нашай краіне адбудуцца чарговыя прэзідэнцкія выбары, і калі супрацоўнікаў міліцыі не прымусіць выконваць патрабаванні закона зараз, яны гэтак жа буду парушаць яго і найдалей, упэўненыя ў сваёй поўнай беспакаранасці”.

Нагадаем, што 23 сакавіка каля 20-00 кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 ад кампаніі “Гавары праўду” Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3 у Хоцімску. Двумя супрацоўнікамі мясцовай міліцыі ў чыне маёра кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэняў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства