Бастунец: Адметна, што першыя месцы ў рэйтынгу займаюць тры краіны, якія абралі шлях еўраінтэграцыі
У офісе ГА “БАЖ” 1 кастрычніка адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды выхаду пятага па ліку Індэкса свабоды медыя ў краінах Усходняга партнёрства. Другой, але не менш важнай нагодай для размовы стаў масавы пераслед беларускіх журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ.
Нягледзячы на неспрыяльныя для журналістаў падзеі ва Украіне і Азербайджане, нашай краіне не ўдалося пакінуць апошняй прыступкі ў Індэксе. (Падрабязнасці – ТУТ.)
Намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец тлумачыць гэта тым, што многія пазіцыі, паводле якіх эксперты ацэньваюць сітуацыю, з’яўляюцца стабільна “пройгрышнымі” для Беларусі: у прыватнасці, недасканалае заканадаўства аб СМІ, адсутнасць грамадскага тэлебачання ў нашай краіне і г.д.
“Адметна, што першыя месцы ў рэйтынгу займаюць тры краіны, якія абралі шлях еўраінтэграцыі, – Грузія, Малдова і Украіна. Тыя, хто абраў еўраазіяцкі шлях, – у другой палове спісу. І гэта дае падставы для пэўных высноў”, – зазначыў А. Бастунец.
Сябра Праўлення ГА “БАЖ” Міхась Янчук мяркуе, што на сёння сітуацыя са свабодай выказвання ў Азербайджане ўсё ж горшая за нашу, і заклікаў калег да ўсіх магчымых праяваў салідарнасці з прафесійнай супольнасцю гэтай краіны. Разам з тым, і беларуская сітуацыя пасля “адносна спакойнага перыяду” ў апошнія месяцы стала імкліва пагаршацца, адзначыў журналіст.
“Асабліва трэба звярнуць увагу на артыкул 22.9 ч.2 КаАП, які раптам пачаў масава прымяняцца супраць фрылансераў. Гэты артыкул, хутчэй, задумваўся для спынення незаконнага друку газет, вяшчання радыё, але ніяк не супраць асобных журналістаў. І гэта нашы калегі і іх адвакаты намагаюцца даводзіць у судах”, – кажа журналіст.
“Я б хацеў падкрэсліць небяспеку апошніх падзеяў, – адзначыў Андрэй Бастунец. – У выпадку з Аляксандрам Бураковым “агляд памяшкання” і адміністрацыйная справаўзніклі на падставе факту размяшчэння на сайце “Нямецкай хвалі” матэрыялаў за яго подпісам. Калі за размяшчэнне артыкула ў інтэрнэце можна будзе ўжываць такія санкцыі, пад гэта можа трапіць літаральна кожны журналіст!”
На думку Міхася Янчука, пра самадзейнасць міліцыі ў пэўным беларускім рэгіёне гаворкі ўжо не вядзецца: “Пасля з’яўлення доказаў таго, што матэрыялы справы гродзенца Алеся Залеўскага былі перададзеныя ў Бабруйск, каб асудзілі Марыну Маўчанаву, стала ясна, што гэта – частка агульнадзяржаўнай палітыкі. Дэ-факта гэта выглядае як увядзенне “дзяржаўнай пошліны” на права беларусаў карыстацца сваімі канстытуцыйнымі правамі атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю. Гэта жарт, але дастаткова сумны. І я спадзяюся, што ў супрацы з міжнароднымі арганізацыямі нам удасца гэтую тэндэнцыю пераламіць”.
Андрэй Бастунец нагадаў пра заяву ГА “БАЖ”, прынятую ў канцы мінулага тыдня і дасланую ў шэраг дзяржаўных ведамстваў з патрабаваннем адрэагаваць на сітуацыю. Адказаў пакуль няма.