Бялынічы: супраць дэпутата мясцовага райсавета ўзбуджана крымінальная справа
Супраць дэпутата Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў 27 склікання Андрэя Ярашэнкі ўзбуджана крымінальная справа. Адпаведную інфармацыю апублікавала мясцовая маланакладная незалежная газета “Паходня” (№13 (176) за верасень 2014 года).
Згодна інфармацыі журналістаў газеты “Паходня”, крымінальная справа ў адносінах да Андрэя Ярашэнкі ўзбуджана і раследуецца па падазрэнні ва злоўжыванні ўладай і службовым становішчам у перыяд працы дэпутата намеснікам старшыні Бялыніцкага райвыканкама па будаўніцтве. Пасля з’яўлення інфармацыі ў “Паходні” аб узбуджэнні крымінальнай справы Андрэй Ярашанка быў адхілены ад пасады намесніка старшыні райвыканкама, і на гэту пасаду ўжо прызначаны былы начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Бялыніцкага райвыканкама Дзмітрый Давыдаў.
Андрэй Ярашэнка абіраўся дэпутатам Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання па Ермалавіцкай выбарчай акрузе №20 і дэпутатам райсавета 27 склікання па Горкаўскай выбарчай акрузе №5 у г.п. Бялынічы. Дарэчы, выбары ў райсавет вясной гэтага года па Горкаўскай акрузе №5 праходзілі на альтэрнатыўнай аснове, супернікам Андрэя Ярашанкі быў іншы праўладны кандыдат – інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду Бялыніцкага раённага аддзела МНС Ілля Цікуноў.