Брэст: экс-кандыдат праз суд хоча атрымаць спіс тых, хто прагаласаваў па месцы жыхарства
Старшыня брэсцкай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка спрабуе даведацца, хто насамрэч з выбаршчыкаў на ўчастку № 44 па выбарчай акрузе № 13, дзе яна балатавалася ў Брэсцкі гарадскі савет дэпутатаў сёлета ў сакавіку, галасаваў па месцы жыхарства.
Паводле слоў Людмілы Дзенісенкі, з пратаколу гэтай участковай камісіі вынікае, што 23 сакавіка па месцы жыхарства прагаласавала 168 чалавек. Прадстаўніца партыі “Справядлівы свет” лічыць, што за некалькі гадзін абыйсці такую колькасць дамоў (на тэрыторыі выбарчага ўчастку знаходзіцца шмат прыватных жылых забудоў) немагчыма, і хоча праверыць, ці сапраўды згаданыя 168 чалавек галасавалі па месцы жыхарства.
“Раней я беспаспяхова звярталася ў Брэсцкую абласную і Брэсцкую гарадскую выбарчыя камісіі з просьбай прадаставіць спіс тых, хто прагаласаваў домана гэтым ўчастку, а таксама ў пракуратуру Брэста, каб там правялі праверку і абавязалі адпаведныя структуры даць такі спіс”, - распавяла Дзенісенка. З пракуратуры адказалі, што спіс выбаршчыкаў, што галасавалі па месцы жыхарства, знаходзіцца ў адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста, аднак зварот туды былога кандыдата ў дэпутаты быў безвыніковым.
15 жніўня Людміла Дзенісенка падала скаргу ў суд Ленінскага раёна Брэста і патрабуе прызнаць адмовы выбаркамаў неправамернымі, бо яны парушаюць частку 4 артыкула 49-1 Выбарчага кодэкса, у адпаведнасці з якой заяўнік мае права знаёміцца з матэрыяламі, звязанымі з разглядам яго зваротаў, а таксама абавязаць адміністрацыю Ленінскага раёна Брэста падаць спіс выбаршчыкаў на ўчастку № 44, хто прагаласаваў па месцы жыхарства, каб мець магчымасць азнаёміцца і зрабіць копіі. Акрамя таго, у свай скарзе Дзенісенка паведамляе, што, на яе думку, службовымі асобамі парушаны канстытуцыйны прынцып адкрытасці і галоснасці выбараў. “Чыноўнікі цягнуць час, каб схаваць магчымую фальсіфікацыю вынікаў выбараў на гэтым участку, паколькі спісы прагаласаваўшых выбаршчыкаў знішчаюцца праз шэсць месяцаў пасля правядзення выбараў”, - дадае аўтар скаргі.