viasna on patreon

Магілёўскі раённы суд прысудзіў 4,5 мільёны рублёў штрафу журналісту Ігару Барысаву

2014 2014-08-13T09:31:00+0300 2014-08-13T20:33:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/111barysauiharmahileucr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

Нагодай для гэтага стала перавозка ім у сваім аўтамабілі 11 800 асобнікаў незалежных выданняў - газеты  “НАШ Магілёў” і бюлетэня “Сацыял-дэмакрат”. 12 жніўня суддзя Магілёўскага раённага суда Станіслаў Леўчанка прызнаў вінаватым намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і журналіста Ігара Барысава вінаватым у распаўсюдзе незалежных выданняў. У адпаведнасці з пастановай суддзі ўся незалежная прэса канфіскоўваецца.

Суддзя палічыў, што Барысаў парушыў ч.2 арт.22.9 КоАП РБ і прысудзіў яму штраф у 30 базавых велічынь, што эквівалентна 4,5 мільёнам рублёў.

 Рашэнне суда каментуе Ігар Барысаў:

 -          Рашэнне суда палітычна матываванае. Судзя Леўчанка спрачыніўся да палітычнага працэса, і як былы выкладчык Беларускага Інстытута правазнаўства цудоўна гэта разумее.

Журналіст кажа, што пасля заяўленых хадайніцтваў суддзя некалькі разоў выходзіў на кансультацыю і абвесціў сваё рашэнне без перапынку. Яно ў яго ўжо было гатова, і аргументацыя ўжо не мела ніякага сэнсу – спрацавала тэлефоннае права, а не закон.

Прадстаўляла інтарэсы Ігара Барысава ў судзе яго жонка юрыстка Алена Барысава:

-          У адміністрацыйным пратаколе былі дапушчаны грубыя парушэнні, і пры падобнай сітуацыі не ў палітычнай справе звычайна пратакол адпраўляецца на дапрацоўку, аднак гэтага не адбылося. Маёр міліцыі, які складаў пратакол, назваў газеты і бюлетэні ўлёткамі, а таксама не пазначыў, які пункт арт.17 Закона аб СМІ быў парушаны.

Таксама да ўвагі не было прынята, што доказы таго, што ў машыне Ігара Барысава знаходзілася незалежная самвыдатаўская прэса былі здабыты з парушэннем – супрацоўнікі ДАІ схітравалі і сказалі, што машына, у якой усё перавозілася, здзейсніла хуліганцтва ў райцэнтры Бялынічы, і для разбіральніцтва неабходна праехаць у Магілёўскі РАУС, дзе і была дагледжана машына.

Суддзя Леўчанка не прыняў да ўвагі, што Беларусь ратыфікавала Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і падпісала Факультатыўны пратакол, у якім узялася гарантаваць свабоду думак і перакананняў, а таксама свабоду распаўсюду інфармацыі, што ўнутранае заканадаўства не можа з’яўляцца нагодай для таго, каб неяк абмяжоўваць і стрымліваць гэтыя правы.

 Трэба адзначыць, што Ігар Барысаў збіраецца абскардзіць рашэнне Магілёўскага раённага суда ў Магілёўскім абласным судзе, а таксама ў выпадку неабходнасці дайсці да Камітэта па правах чалавека ААН.

Нагадаем, што 16 ліпеня аўтамабіль Барысава,які рухаўся з боку Мінска, у 0-20 быў прыпынены інспектарамі ДАІ ў прыгарадзе Магілёва. ДАІшнікі праверылі дакументы, пасля чаго паведамілі, што на аўтамабіль атрымана арыенціроўка, што нібыта на ім здзейснена хуліганцтва, і для разбіральніцтва неабходна праехаць у РАУС. У Магілёўскім РАУСе аўтамабіль актывіста быў дагледжаны і канфіскаваны наклады двух незалежных газет. Пасля складання пратаколаў апытання і дагляду аўтамабіля, а таксама канфіскацыі выданняў журналіста адпусцілі. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства