Гомель: міліцыя пагражае сустаршыні «Маладога Фронту» Андрусю Цянюту
27 ліпеня на хатні нумар сустаршыні «Маладога Фронту» Андруся Цянюты патэлефанаваў невядомы, які прадставіўся ўчастковым інспектарам міліцыі і ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў тэрмінова прыйсці ў аддзел міліцыі. Прычым міліцыянер, калі гэта быў ён, не ўскладняў размову тлумачэннем такога раптоўнага выкліку ў міліцыю ў нядзелю, толькі сказаў, што «прыйшлі паперы з суду». Калі ж Андрусь Цянюта адмовіўся прыйсці ў аддзел без позвы, без тлумачэння прычын з боку міліцыі, чалавек, які тэлефанаваў, пачаў пагражаць сустаршыні «МФ»: «Зараз прыедзе нарад і завязе цябе ў аддзел!».
Актывіст мяркуе, што выклік у аддзел можна быць звязаны з памятнай датай 27 ліпеня – гадавінай абвяшчэнне Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі. На 27 ліпеня гомельская апазіцыя планавала правесці ў горадзе 40 пікетаў, але гарвыканкам не даў дазвол на масавыя мерапрыемствы.
Варта дадаць, што ўсе пакаранні па пастановах суда, - штрафы, адміністрацыйны арышт Андрусь Цянюта сплаціў і адбыў, таму не мае ніякіх «пазыкаў» перад судом і міліцыяй. У траўні яго затрымалі напярэдадні Чэмпіянату свету па хакею, і ён адбываў адміністрацыйны арышт нібыта за брудную лаянку і супраціў міліцыі. Пасля гэтага актывіста адлічылі з завочнага факультэта ГДУ ім.Ф.Скарыны.