Салігорск: чыноўнікі “дзяржаўную ідаэлогію” атаясамляюць з “карпаратыўнай культурай”
Салігорскія праваабаронцы зафіксавалі новую прыхаваную форму насаджвання так званай “дзяржаўнай ідэалогіі” на прадпрыемствах раёна. Цяпер гэта робіцца пад маскай карпаратыўнай культуры.
Выкарыстанне такога эўфемізму ў лексіцы дзяржаўных ідэолагаў вызнаецца абсалютна адкрыта. Палітычная аглядальніца выканкамаўскай газеты “Шахцёр” Вікторыя Раманава ў адным з сваіх артыкулаў пад назвай “У ідэалагічнай пацы няма дробязяў” піша: “Чамусьці ў нашай краіне да слова “ідэалогія” некаторыя суайчыннікі ставяцца насцярожана: адбіваецца, напэўна, досвед савецкага мінулага. У той жа час ідэалагічная праца - гэта тое, што ў буйных сусветных кампаніях называюць карпаратыўнай культурай.”
Па словах рэгіянальнага прадстаўніка БХК Леаніда Мархоткі, такім чынам штатныя прапагандысты наўпрост маніпулююць грамадскай думкай.
- Мы ўжо раней звярталі ўвагу на тую акалічнасць, што ў дэмакратычнай дзяржаве не можа быць дзяржаўнай ідэалогіі. У свабодных краінах дзейнічае прынцып палітычнага плюралізму, які садзейнічае канурэнцыі розных ідэлогій. Дзяржаўная ідэалогія з’яўляецца прыкметай аўтарытарнай ці тататлітарнай краіны, - кажа праваабаронца.
Каб адбяліць панятак дзяржаўнай ідэалогіі, салігорскія чыноўнікі нават пытанні добраўпарадкавання тэрыторый, фарміравання здаровага ладу жыцця, арганізацыі спартовых мерапрыемстваў і правядзенне так званых гульняў Клубу вясёлых і знаходлівых пачалі адносіць да ідэалагічных пытанняў.
- Справа ў тым, што сучасныя палітычныя ідэалогіі -- гэта цэлыя сістэмы поглядаў. Лібералізм, кансерватызм, сацыялізм - гэта сапраўдныя вучэнні, якія маюць сваіх мысляроў і свае філасофскія прынцыпы. Прынцып жа нашай дзяржаўнай ідэалогіі - утрыманне ўлады любымі сродкамі. Адсюль усё гэтае добраўпарадкаванне тэрыторый, якое стварае для грамадзян ілюзію дабрабыту і падтрымку лідэру, - тлумачыць сітуацыю Леанід Мархотка.
Прадстаўнікі БХК з Салігорску нагадваюць, што адсутнасць у краіне свабоды слова, свабоды сродкаў масавай інфармацыі, свабодных выбараў ды сталы ціск на незалежныя ад дзяржавы грамадскія арганізацыі і з’яўляецца адначасова прычынай і следствам наяўнасці ў краіне “дзяржаўнай ідэалогіі”.