Пікет Ігара Пастнава да дня народзінаў Аляксандра Лукашэнкі – пад пытаннем
Гэтае пытанне паставіла перад арганізатарам адміністрацыя Кастрычніцкага раёну, запатрабаваўшы дамовы на абслугоўванне акцыі са службы ЖКГ. Незразумела, чаму, але дамоваў з міліцыяй і медыкамі, неабходных паводле закону аб масавых мерапрыемствах і ў адпаведнасці з адмысловым рашэннем Віцебскага гарвыканкаму, чыноўнікі не патрабуюць.
Ігар Пастноў падаваў заяўку на пікет да 60-годдзя Аляксандра Лукашэнкі, плануючы 30 жніўня або ў бліжэйшы пасля гэтай даты выходны дзень выйсці з плакатам "Спасибо Батьке за нашу счастливую жизнь!"Апрача гэтага, на плакаце ён гатовы размясціць фотаздымак свайго разліковага квітка з сумай заробку, а таксама фотаздымкі палат у віцебскіх шпіталях.
Віцебскі урач-праўдаруб хоча правесці пікет у афіцыйна вызначаным месцы – Парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі. З адміністрацыі Кастрычніцкага раёну, да якога тэрытарыяльна належыць парк, Ігар Пастноў атрымаў даволі нечаканы адказ. Яму параілі звярнуцца ў гарадскую службу ЖКХ па дамову на прыборку месца пікета, спаслаўшыся на рашэнне Віцебскага гарвыканкама №881 "Аб правядзенні масавых акцый у г.Віцебску".
Дзівіцца такому адказу ёсць некалькі прычын. Першая – тая, што прадпрыемства "Віцебская гарадская камунальная гаспадарка "не займаецца прыборкай горада”. Гэта ўжо неаднойчы было высветлена падчас судовых працэсаў, ініцыяваных віцебскімі актывістамі, з якімі падобныя дамовы служба ЖКГ заключаць адмаўлялася – якраз таму, што гэта абавязкі іншай структуры. Тым не менш, у згаданым рашэнні гарвыканкаму згадана менавіта гэтае прадпрыемства.
Як, дарэчы, і віцебская гарадская паліклініка- туды чыноўнікі патрабуюць звяртацца па дамовы на медычнае абслугоўванне акцый. Але – і гэта другая падстава здзівіцца – згэтай установы Ігару Пастнову напісалі, што паліклініка "не займаецца арганізацыяй масавых мерапрыемстваў", і што звяртацца арганізатарам трэба ў мясцовую раённую адміністрацыю…
Раней арганізатары акцый атрымлівалі з гэтай медычнай установы не менш дзіўныя адказы: прыкладам, што дзяжурства на нейкай акцыі нельга наладзіць таму, што чакаецца ўспышка захворванняў, і таму няма вольных медработнікаў. Але каб паліклініка адмовілася абслугоўваць акцыю, бо яна яе не арганізуе – такога яшчэ не было.
У адказе Ігару Пастнову з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі пра неабходнасць заключыць дамовы з медыкамі і супрацоўнікамі міліцыі не згадваецца ўвогуле. Чаму чыноўнікі пра гэта "забыліся" і "накіравалі" арганізатара толькі ў службу ЖКГ – таксама загадка. Але цягам мінулых 5 гадоў ні гэтая раённая адміністрацыя, ні дзьве іншыя не далі віцебскім актывістам ніводнага дазволу на масавыя акцыі. Апелявалі да таго ж рашэння Віцебскага гарвыканкама №881 "Аб правядзенні масавых акцый у г.Віцебску", якое немагчыма выканаць. Хаця б таму, што ні паліклініка, ні міліцыя не займаюцца паслугамі на замову прыватных грамадзян, і заключыць дамовы гэтыя ўстановы не пагаджаюцца. У тым ліку і па іншых, надуманых прычынах.
Ігар Пастноў кажа, што нават калі не атрымае дазволу на пікет да ўгодкаў Аляксандра Лукашэнкі, то ўсё адно правядзе акцыю – у нейкім малалюдным месцы, але потым абавязкова выкладзе ў інтэрнэт фотаздымкі.