viasna on patreon

Правы чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2014 года

2014 2014-07-10T17:35:00+0300 2014-07-16T17:37:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У чэрвені захоўваўся сістэмны і сістэматычны характар парушэнняў правоў чалавека. Магчымасці рэалізацыі грамадзянскіх і палітычных, сацыяльных і эканамічных правоў, гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі нормамі, па-ранейшаму насілі скрайне лімітаваны характар. Іншадумцы падвяргаліся ціску, запалохванням і пераследу.

 

У турмах краіны працягвалі ўтрымлівацца палітвязні, але ў гэтай сферы быў зафіксаваны пазітыўны зрух. 21 чэрвеня з бабруйскай калоніі быў вызвалены праваабаронца Алесь Бяляцкі, у адносінах да якога была ўжыта амністыя. Тое, што дадзены крок з боку ўладаў уяўляе сабой праяву палітычнай волі, сведчыць той факт, што згодна з законам аб амністыі яна не распаўсюджваецца на асобаў, якія маюць статус «злосных парушальнікаў рэжыму адбыцця пакарання», а зняволены праваабаронца такі статус меў. Пры гэтым пры вызваленні Алеся Бяляцкага не праінфармавалі, ці былі скасаваныя накладзеныя на яго спагнанні, якія рабілі немагчымым ужыванне да яго амністыі. Таксама пра палітычны характар рашэння аб вызваленні палітвязня сведчыць тое, што ў абсалютна ідэнтычнай сітуацыі амністыя 2012 года на яго не распаўсюджвалася.

Пры гэтым улады настойліва даводзілі, што вызваленне палітвязняў знаходзіцца выключна ў прававой плоскасці і ніякім чынам на дадзены працэс не ўплывае знешнепалітычны фактар, у тым ліку – пазіцыя Еўрапейскага Саюза, які па-ранейшаму настойваў на вызваленні палітвязняў як перадумовы наладжвання супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам. Так, у інтэрвью агенцтву БелаПАН 11 чэрвеня міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў: «Для нас пытанне ляжыць выключна ў прававой плоскасці. Будуць выкананы адпаведныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, якія дазволілі б гэтым асобам выйсці на волю – Бог з імі. Але гэта залежыць ад саміх гэтых асоб. Дзяржава, я лічу, робіць абсалютна правільна ў гэтай сітуацыі, што не мае намеру ладзіць «таргі» і «размен» з ЕС з нагоды гэтай катэгорыі асоб. Гэта абсалютна, выключна прававая праблема”. Аднак наступныя ягоныя словы сведчаць, што пытанне вызвалення палітвязняў беларускімі ўладамі наўпрост увязваецца з вырашэннем знешнепалітычных пытанняў, у прыватнасці -- па санкцыях з боку ЕС: “Я лічу, што мы тут павінны разумець, што ў нашых адносінах існуюць прынцыповыя праблемы: для Беларусі - гэта санкцыі, абсалютна неабгрунтаваныя санкцыі з боку ЕС, а для Еўрасаюза - гэта прэтэнзіі адносна таго, што ў нас нібыта прысутнічае пэўная колькасць палітвязняў. Мы разумеем, што гэтыя праблемы прысутнічаюць у нашых адносінах, мы павінны гэтыя праблемы вырашаць”.
Адразу пасля вызвалення Алеся Бяляцкага Уладзімір Макей таксама паспяшаўся заявіць, што ягонае вызваленне не з'яўляецца вынікам пэўных палітычных працэсаў. Так, 29 чэрвеня ў інтэрвью праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» ён сказаў, што «тэма палітзняволеных ужо набіла аскоміну» і што «мы рэальна глядзім на сітуацыю, і мы ведаем, што нават калі б мы вызвалілі тых, каго яны (ЕС – рэд.) называюць «палітычнымі зняволенымі», то да Беларусі заўтра будуць прад'яўлены новыя прэтэнзіі». Нягледзячы на агучаную пазіцыю, відавочна, што вызваленне Алеся Бяляцкага адбылося не згодна прававой працэдуры, а сыходзячы з замоўчваемай палітычнай мэтазгоднасцю, а публічныя заявы маюць на мэце «захаванне твару» і дэманстрацыю адсутнасці знешняга фактару ў прыняцці рашэння па палітвязнях.

Вызваленне Алеся Бяляцкага стала станоўчым крокам, але праблема наяўнасці палітычных зняволеных у Беларусі заставалася прынцыпова нявырашанай. У месцах пазбаўлення волі працягвалі ўтрымлівацца 7 палітвязняў: Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Васіль Парфянкоў. Ужыванне да іх той жа працэдуры вызвалення, як амністыя, заставалася па-за межамі правога поля, аднак прыклад выхаду на волю Алеся Бяляцкага дакладна прадэманстраваў, што па справах палітвязняў прымаюцца выключна палітычныя рашэнні. Адмаўляючы знешні ўплыў у пытанні палітвязняў, міністр замежных спраў Уладзімір Макей тым не менш прагаворваўся пра тыя працэсы, якія адбываюцца ў дадзенай сферы, а таксама праблемы, якія ў сувязі з гэтым дыскутуюцца паміж афіцыйным Мінскам і Еўрапейскім Саюзам. У інтэрвью БелаПАН ён адзначыў: «І да гэтага часу Еўрасаюз не вызначыўся з колькасцю гэтых асоб. Спачатку была лічба 11, потым восем, дзевяць, пяць ... Цяпер мы так і не ведаем, аб якой колькасці ідзе гаворка”. Хаця ў выказваннях У. Макея пазіцыя ЕС выглядае нібыта непаслядоўнай, нестабільнасць гэтай лічбы тлумачыцца тым, што перамовы па праблеме палітвязняў маюць зацяжны характар, і за гэты час частка палітвязняў выходзіла на волю ў сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання. Яшчэ адна праблема, якая, сыходзячы са слоў міністра МЗС, абмяркоўваецца паміж беларускім бокам і ЕС – няўзгодненасць персанальнага спісу палітычных зняволеных. “І, напрыклад, здзіўляе крывадушны падыход нашых еўрапейскіх партнёраў: тыя асобы, якія на ўсходзе, напрыклад, Украіны праводзяць баявыя дзеянні, змагаюцца з уладамі - гэта тэрарысты. Тут жа, у нас, асобы, якія кідаюць кактэйлі Молатава ў будынак замежнай амбасады - гэта ўжо палітвязні (…) Па апошніх дадзеных, два чалавекі з іх знаходзяцца ў спісе асобаў, якіх ЕС лічыць палітвязнямі. Таму трэба вызначыцца з канчатковай колькасцю ,” – адзначыў У. Макей. Пазіцыя ЕС па персанальным спісе палітычных зняволеных, адносна вызвалення якіх вядуцца перамовы аб вызваленні, заставалася невядомай і для беларускіх праваабаронцаў.

 

На міжнародным узроўні найважнейшай падзеяй у справе ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стала прэзентацыя 18 чэрвеня ў межах 26 сесіі Савета па правах чалавека ААН даклада Спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Белрусі Міклаша Харашці. Спецдакладчык адзначыў, што за апошні год не адбылося ніякіх пазітыўных зрухаў, і ўрад не прадпрыняў неабходных крокаў для прасоўвання і абароны правоў беларускіх грамадзян. Спецдакладчык ацаніў парушэнні правоў чалавека ў краіне як сістэмныя і сістэматычныя. “Сістэматычныя – паколькі яны здзяйсняюцца кожны дзень ва ўсіх сферах жыцця. Сістэмныя – таму што практыка парушэнняў правоў чалавека з самога пачатку закладзена ў заканадаўства, у сістэму дзяржаўных органаў”. Прадстаўнік Беларусі ў Жэневе Міхаіл Хвастоў, выступаючы падчас абмеркавання даклада, заявіў, што Беларусь па-ранейшаму не прызнае мандата Спецдакладчыка, лічачы яго “палітычным праектам Еўрасоюза”, які не мае адносінаў да правоў чалавека. М. Хвастоў дадаў, што афіцыйны Мінск не разглядае Спецдакладчыка як інструмент супрацоўніцтва ў сферы правоў чалавека і патрабуе яго скасавання. Шэраг краін-членаў Савета заявілі, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не патрабуе асаблівай увагі Савета ААН. Пра гэта было сказана ў заяве, з якой выступіла Расія ад імя такіх краін, як Балівія, Венесуэла, Зімбабвэ, Іран, Куба, Мьянма, Нікарагуа, Судан, Туркменістан і Шры-Ланка. Аднак большасць членаў Савета падтрымала даклад Міклаша Харашці, што прадэмантравалі вынікі галасавання па рэзалюцыі «Сітуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі», прынятай 27 чэрвеня. Згодна з дадзенай рэзалюцыяй, мандат Спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Белрусі быў працягнуты яшчэ на адзін год. «Савет пастанаўляе працягнуць на адзін год мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і просіць Спецыяльнага дакладчыка прадставіць даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Савету па правах чалавека на яго дваццаць дзевятай сесіі і Генеральнай Асамблеі на яе сямідзесятай сесіі», - было адзначана ў рэзалюцыі, якую падтрымалі 24 дэлегацыі, 7 членаў Савета выступілі супраць і 16 - устрымаліся. У якасці Спецыяльнага дакладчыка будзе працягваць працу Міклаш Харашці. Беларускія праваабаронцы віталі падтрымку даклада і працягненне мандату Спецдакладчыка, лічачы гэта дзейснай магчымасцю аб’ектыўнай ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і данясення гэтай ацэнкі да міжнароднай супольнасці, а таксама заклікаюць беларускія ўлады да супрацоўніцтва з Міклашам Харашці, якое можа прывесці да станоўчых зрухаў у сферы правоў чалавека ў краіне.

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

1 чэрвеня Валерыя Хоціна, жонка палітвязня Мікалая Дзядка, паведаміла, што яе мужу адмянілі дыетычнае харчаванне, якое ўвялі ўсяго на месяц. У вязня хвароба страўніка, якая ў турме абвастрылася. Летась Мікалая Дзядка абследавалі ў турэмным шпіталі ў Мінску, але дзейснага лячэння яму так і не прапанавалі. М. Дзядок вымушаны змагацца з болямі ў страўніку, самастойна выключаючы пэўныя прадукты з рацыёну. У камеры Магілёўскай турмы, дзе адбывае пакаранне палітвязень, у спякотныя дні тэмпература дасягае 30 градусаў, але праветрываць памяшканне немагчыма.    

 

2 чэрвеня Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, са спасылкай на ліст ад мужа паведаміла, што палітвязень прызнаны "схільным да нападу і ўцёкаў", што яшчэ больш пагоршыла ягонае становішча. Над ім усталяваны дадатковы нагляд, штомесяц з ім павінны праводзіць выхаваўчыя размовы. Падставай для прызнання М. Статкевіча схільным да ўцёкаў стала ўбачаная ахоўнікамі прычэпленая ў камеры на сцяне газета, якой, па іх меркаванні, можна схаваць лаз. Пры гэтым камера, дзе ўтрымліваецца палітвязень, выходзіць ва ўнутраны двор турмы, куды зняволеных водзяць на шпацыры. Мікалай Статкевіч паведаміў, што ў сувязі з пераходам Магілёўскай вобласці з аналагавага тэлебачання на лічбавае ў магілёўскай турме пакінулі толькі тры тэлеканалы — АНТ і БТ-1, і расійскі канал РТР, ахвяраваўшы беларускімі каналамі СТВ і БТ-2. 28 чэрвеня ў магілёўскай турме адбылася першая ў 2014 годзе сустрэча Мікалая Статкевіча з жонкай Марынай Адамовіч. Напярэдадні сустрэчы падчас прагулкі яму прынеслі лагерную газету „Трудавы шлях“, каб палітвязень азнаёміўся з тэкстам закону аб амністыі і ўпэўніўся, што на яго гэта не распаўсюджваецца. Па словах Марыны Адамовіч, на амністыю ён не разлічвае.

 

7 чэрвеня Марына Лобава, маці палітвязня Эдуарда Лобава, паведаміла, што яе сын заканчвае навучанне на зваршчыка ў калоніі ў Івацэвічах. Паводле Марыны Лобавай, яе сын захапляецца ваеннай гісторыяй і марыць атрымаць вышэйшую адукацыю. Але яна не выключае, што Эдуарду прыдасца і атрыманая ў калоніі прафесія. 21 чэрвеня, пасля апошняга доўгатэрміновага спаткання з роднымі, Эдуард Лобаў паведаміў маці, што за ім пасля вызвалення плануецца ўсталяванне прэвентыўнага нагляду.

 

9 чэрвеня з палітвязнем Ігарам Аліневічам ў Наваполацкай калоніі сустрэлася маці Валянціна Аліневіч. Паколькі прынята рашэнне пра расфарміраванне гэтай калоніі, Валянціна Аліневіч не выключыла, што бачылася з сынам там апошні раз. 28 чэрвеня Валянціна Алііневіч паведаміла, што 3 тыдні не атрымлівае ад сына ні лістоў, ні тэлефанаванняў. Гэта яна звязвае з пераводам І. Аліневіча ў іншую калонію. Да канца чэрвеня так і не з’явілася інфармацыя пра новае месца адбыцця пакарання палітвязня.

 

13 чэрвеня аўтары індывідуальнага паведамлення, пададзенага ў Камітэт па правах чалавека ААН ад імя Алеся Бяляцкага, звярнуліся ў Камітэт па правах чалавека з адкрытым лістом. Антуан Бернар, Генеральны дырэктар Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH), і Наталля Пінчук, жонка палітвязня Алеся Бяляцкага, просяць аб больш хуткім разглядзе Камітэтам пададзенай два гады таму скаргі. Зварот звязаны з тым, што ў ліпені 2012 года пастаянная місія Рэспублікі Беларусь пры офісе ААН у Жэневе накіравала ў КПЧ ноту, у якой адназначна заявіла аб адмове дзяржавы супрацоўнічаць з Камітэтам па гэтай справе і аб спыненні далейшых камунікацый у гэтай сувязі. З тых часоў дзяржава кіруецца гэтай пазіцыяй, не падаючы ніякіх паведамленняў па справе, хоць КПЧ накіраваў Беларусі ўжо два напамінанні з прапановай даць каментары па сутнасці. У сувязі з гэтым, адзначылі заяўляльнікі, няма ніякіх падстаў чакаць адказу дзяржавы па справе Бяляцкага і адкладаць па гэтай прычыне яго разгляд у КПЧ ўжо больш за два гады. Той факт, што дзяржава адмовілася ад камунікацый з Камітэтам, не з'яўляецца перашкодай да разгляду скаргі, і прадстаўнікі Бяляцкага звяртаюцца да Камітэта з просьбай паскорыць гэты працэс. 21 чэрвеня Алесь Бяляцкі быў нечакана вызвалены з Бабруйскай калоніі. У 9 гадзін раніцы ён быў выкліканы з вытворчасці да начальніка калоніі, дзе пракурорскі работнік паведаміў яму пра вызваленне згодна з законам аб амністыі, які з гэтага дня ўступіў у сілу. Яму загадалі за гадзіну сабраць рэчы, пасадзілі ў “хуткую дапамогу”, завезлі на вакзал, пасадзілі ў электрычку і адправілі ў Мінск. А. Бяляцкі адзначыў, што не спадзяваўся на ўжыванне адносна яго амністыі, паколькі мае статус “злоснага парушальніка рэжыму адбыцця пакарання”, на якіх яна не распаўсюджваецца. Адносна ўмоваў утрымання ён паведаміў, што ўжывалася поўная ізаляцыя ад іншых асуджаных, за кантакты з ім іншыя вязні неслі пакаранне ці пераводзіліся ў іншыя атрады. Афіцыйна яму двойчы прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні: у верасні 2011 (на той час былі вызвалены некалькі палітвязняў па справе Плошчы-2010) і ў студзені 2014 пасля прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, дзе кіраўніком дзяржавы была агучана інфармацыя аб магчымай амністыі А. Бяляцкага. За кратамі праваабаронца правёў 1 052 дні. Ягонае вызваленне віталі ЗША, Вялікабрытанія, вярхоўны прадстаўнік ЕЗ ў замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Ан Брасер, спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), Civil Rights Defenders, Human Rights Watch і іншыя. 23 чэрвеня Алесь Бяляцкі наведаўся ў Крымінальна-выканаўчую інспекцыю Першамайскага РУУС Мінска, дзе быў пастаўлены на прафілактычны ўлік. У дачыненні да яго ўстаноўленыя “прафілактычныя” абмежаванні і абавязкі, згодна з якімі праваабаронцу раз на месяц павінен правяраць участковы, у выпадку выезду ў любы пункт Беларусі і за межы краіны на тэрмін больш за месяц неабходна пра гэта паведамляць у інспекцыю. 

 

20 чэрвеня грамадская актывістка і рэжысёр Вольга Мікалайчык паведаміла са спасылкай на ліст палітвязня Яўгена Васьковіча, што яго ў чарговы раз змясцілі ў карцэр. В.Мікалайчык сказала, што адміністрацыя Магілёўскай турмы забараніла дасылаць палітвязню часопісы і газеты, адзначаючы, што ён можа аформіць падпіску толькі за свае грошы.

 

26 чэрвеня 68-гадовая грамадская актывістка Кацярына Садоўская атрымала копію пастановы аб узбуджэнні ў адносінах да яе крымінальнай справы па ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Паводле пастановы, справу распачаў 19 чэрвеня начальнік Савецкага раённага аддзела г. Мінска Следчага камітэта Беларусі, маёр юстыцыі Агафонаў А.Д. Падставай для крымінальнай справы стаў запіс, які Садоўская пакінула 28 красавіка 2014 г. у кнізе заўваг Савецкага раённага суда Мінска. На яго думку, у допісе Садоўскай утрымліваліся “ў дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зневажальныя выразы і заведама ілжывыя, ганебныя, спалучаныя з абвінавачаннем у здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў звесткі(…). «Так яна, загадзя пасягаючы на гонар, годнасць і аўтарытэт кіраўніка дзяржавы ў сувязі з ажыццяўленнем Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь паўнамоцтваў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй і законамі, публічна зняважыла Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сваім пісьмовым звароце ў органы правасуддзя, ужыўшы зневажальныя словы, словазлучэнні і фразы, якія ўтрымліваюць непрыстойную, прыніжальную ацэнку Прэзідэнта РБ, наносяць урон гонару, годнасці, прыніжаюць аўтарытэт Кіраўніка дзяржавы ў вачах атачэння”, – гаворыцца ў пастанове.


27 чэрвеня праваабаронца Наста Лойка атрымала ліст ад палітвязня Васіля Парфянкова. Палітвязень, які адбывае пакаранне ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) папраўчай калоніі №9 ў Горках, паведаміў, што нядаўна яго ў чарговы раз выклікалі і прапанавалі падпісаць абавязальніцтва пра законапаслухмяныя паводзіны і выкананне “законных” патрабаванняў адміністрацыі. В. Парфянкоў у чарговы раз адмовіўся гэта зрабіць, бо лічыць сваё зняволенне незаконным. Васіль Парфянкоў таксама паведаміў, што яго хвалюе тое, што з-за “парушэнняў” яму зноў пагражае нагляд, а ў яго ўжо болей за 20 парушэнняў.

 

Смяротнае пакаранне

 

17 чэрвеня ў клубе «Графіці» ў Мінску адбылася прэзентацыя праекта беларускіх музыкантаў «Апошні золак», прысвечанага праблеме смяротнага пакарання. У праекце ўзялі ўдзел шэраг вядомых музыкаў,  сярод якіх  Ганна Хітрык, Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч, Наста Шпакоўская, Віктар Рудэнка, Лявон Вольскі. У межах праекту сем беларускіх выканаўцаў прадставілі свае песні, у якіх распавялі пра найбольш распаўсюджаныя спосабы прывядзення ў выкананне выключнай меры пакарання. Палова з 14 песень праекта – новыя кампазіцыі, напісаныя адмыслова для «Апошняга золку». Другая палова – вядомыя песні, але ў новых версіях.Рэалізацыяй праекта займалася творчая каманда Tuzin.fm, а ініцыятарам выступіў Праваабарончы цэнтр «Вясна». Праект "Апошні Золак" накіраваны ў першую чаргу на тое, каб звярнуць увагу саміх беларусаў на праблему, паколькі  многія з іх да гэтага часу не ведаюць аб практыцы ўжывання ў Беларусі такога віду пакарання, як смяротнае.

 

Ужыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

 

У пачатку чэрвеня жонка асуджанага Пятра Кучуры – Людміла Кучура, паведаміла, што ў канцы траўня атрымала з Упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці паведамленне аб тым, што прызначана праверка для ўстанаўлення факту атручвання хлорам зняволенага мужа і наступстваў гэтага атручвання, з гэтай мэтай будзе праведзена судова-медыцынская экспертыза. Таксама па скаргах Людмілы Кучура будзе праведзена праверка згодна з артыкулам 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ, паколькі яна прасіла распачаць крымінальную справу супраць асобаў, вінаватых у прычыненні шкоды здароўю яе мужа. Для Людмілы Кучуры дадзенае паведамленне стала поўнай нечаканасцю, бо з моманту здзекаў з яе мужа ў ШЫЗА ПК-15 прайшло амаль дзевяць месяцаў. Яна не выключае, што ўздзеянне на сітуацыю магла аказаць яе скарга ў Камітэт па правах чалавека ААН, пададзеная ў сакавіку бягучага года, калі былі вычарпаны ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны па факце атручвання П. Кучуры хлоркавай вапнай, якая магла быць прыменена наўмысна як сродак катавання.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

5 чэрвеня суд Першамайскага раёна Мінска працягнуў прэвентыўны нагляд за Дзмітрыем Дашкевічам на 3 месяцы. Прычынай суддзя Леанід Ярмоленка назваў тое, што Дашкевіч некалькі разоў парушаў правілы прэвентыўнага нагляду. Пра працягненне тэрміну нагляду хадайнічала міліцыя Першамайскага раёна Мінска.

10 чэрвеня ў Гродна павінен быў пачацца адміністрацыйны працэс у дачыненні да 83-гадовай актывісткі польскага грамадскага руху Веранікі Себасцяновіч. Аднак працэс так і не пачаўся. Адвакатка Юлія Юргелевіч паведаміла прысутным, што працэс пераносіцца ў сувязі з тым, што суддзя Таццяна Гергель толькі выйшла з адпачынку і не паспела дэталёва азнаёміцца з матэрыяламі справы. Пенсіянерку і камбатантку Вераніку Себасцяновіч вінавацяць нібыта за кантрабанду гуманітарнай дапамогі для сябраў ветэранскай арганізацыі – Звязу жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі. Справу ў дачыненні да Себасцяновіч у суд накіравала гарадзенская мытня, якая 2 красавіка бягучага года канфіскавала больш чым 70 скрынак з гуманітарнай дапамогай для ветэранаў АК ад польскай асацыяцыі “Одра-Нёман”. 20 чэрвеня матэрыялы справы на Вераніку Себасцяновіч суд накіраваў «для ўхіленьня недахопаў» у Гродзенскую рэгіянальную мытню. Суддзя Тацяна Гергель дапытала двух сведак – Юрыя Аляксеева, які дапамагаў разгрузіць скрынкі з гуманітарнай дапамогай у пусты хлеў, а таксама аператыўнага ўпаўнаважанага рэгіянальнай мытні Максіма Качкоўскага, які ўдзельнічаў у групе, што канфіскоўвала скрынкі 2 красавіка. Пры тым Максім Качкоўскі не мог адказаць на пытанне суддзі, калі была выпісана санкцыя транспартнай пракуратуры на затрыманне і канфіскацыю згаданага грузу. Суддзя паводле матэрыялаў справы і сведчанняў так і не змагла ўстанавіць, калі ўсё ж была выпісана і атрымана гэтая санкцыя. Урэшце прадстаўнік гродзенскай мытні Уладзімір Дзмітрыеў заявіў хадайніцтва пра адкліканне пратаколу і яго дапрацоўку. Пасля невялікага перапынку суддзя Тацяна Гергель задаволіла гэтае хадайніцтва.

 

У ноч з 12-га на 13-га чэрвеня пры перасячэнні польска-беларускай мяжы для правядзення мытнага дагляду на две з паловай гадзіны быў затрыманы салігорскі маладафронтавец Іван Шыла. Па прыбыцці цягніка з Тэрэспаля ў Брэст беларускія памежнікі забралі ў маладзёна пашпарт. Паўтары гадзіны салігорац знаходзіўся ў невядомасці, пасля чаго яго накіравалі на поўны мытны дагляд, падчас якога прымусілі зняць майку, абутак і нават шкарпэткі. Пасля дагляду пачалі пытацца пра наяўнасць у ноўтбуку матэрыялаў, якія супярэчаць дзяржаўнай ідэалогіі і нацыянальнай палітыцы. Такую ўвагу да сваёй персоны маладафронтавец лічыць рэхам мінулага чэмпіянату свету па хакеі. Тады, як і многіх іншых беларускіх грамадска-палітычных актывістаў, праваахоўныя органы расшуквалі Івана для прывентыўнага затрымання.

 

17 чэрвеня былі затрыманы чатыры графіцісты з Віцебску, якія ў двары на плошчы Перамогі ў Мінску пачалі маляваць партрэт Васіля Быкава на трансфарматарнай будцы. Затрыманыя Ільля, Сяргей, Арцём і Алег (прозвішчы прасілі не называць), якія належаць да каманды вулічных мастакоў HoodGraff,былі дастаўлены ў РУУС Партызанскага раёна, дзе на іх былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па абвінавачанні ў нанясенні шкоды гарадской маёмасці. Алег Ларычаў, прадстаўнік суполкі Signal, якая запрасіла віцяблян правесці акцыю ў гонар 80-годдзя Васіля Быкава, напісаў у РУУС тлумачальную, аднак на справу гэта не паўплывала, і затрыманыя графіцісты былі дастаўлены ў суд Партызанскага раёна, які аштрафаваў кожнага з іх на 30 базавых велічынь.

17 чэрвеня вечарам супрацоўнікі міліцыі затрымалі і адвезлі ў аддзяленне бабруйскую актывістку кампаніі "Гавары праўду" Яніну Аўсянік, якая збірала подпісы за правядзенне "Народнага рэферэндума". Нечаканая сустрэча з супрацоўнікамі міліцыі адбылася ў доме №187 па вуліцы Гогаля. Як мяркуе Яніна Аўсянік, іх выклікала мясцовая жыхарка, якая перад гэтым паведаміла зборшчыцы подпісаў, што яе сын працуе ў міліцыі. Яніна паспела сабраць 34 подпісы, іх у аддзяленні забралі і не вярнулі. На жанчыну склалі пратакол, але Яна адмовілася яго падпісваць. Яе пратрымалі ў аддзяленні тры гадзіны, адпусцілі каля 22.00 гадзін вечара.

 

24 чэрвеня калегія Мінскага абласнога суда разгледзела касацыйную скаргу актывісткі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Наталлі Бордак на рашэнне суда Нясвіжскага раёна, згодна з якім 20 траўня яна была аштрафавана на 30 базавых велічынь. Мінскі абласны суд знайшоў шмат супярэчнасцяў і адмяніў судовую пастанову. У прыватнасці, у матэрыялах адміністратыўнай справы адсутнічалі звесткі пра тое, ці была гэтая акцыя дазволеная гарадскімі ўладамі, ці не. Справа накіравана ў той жа суд на новы разгляд. 20 траўня Наталлю Бордак асудзілі да штрафу ў памеры 30 базавых велічынь за несанкцыянаваны пікет, які суд угледзеў у тым, што 9 траўня жанчына выйшла ў гарадскі парк з плакатам "Не пуцінскай вайне ва Украіне». Яна патлумачыла свой учынак жаданнем выказаць пратэст агрэсіі Расіі супраць суседняй дзяржавы.

 

25 чэрвеня ў першай палове дня ў Мікашэвічах ва ўласным доме быў затрыманы актывіст кампаніі “Гавары праўду” Леанід Дубаносаў. Прычынай затрымання супрацоўнікі міліцыі назвалі лаянку матам і даставілі Леаніда ў мясцовае аддзяленне. У кабінеце маёр крымінальнага вышуку паводзіў сябе ветліва. У час затрымання актывіста яму паступіла некалькі званкоў ад журналістаў. Такія ж званкі паступалі і ў дзяжурную частку, дзе не ведалі, як каментаваць сітуацыю. Маёр прапанаваў Леаніду змову, што складзе пратакол за лаянку, але ў суд не накіруе, нібы таму, што Дубаносаў выбачыўся. Але актывіст на змову не пайшоў. Тады маёр перадумаў складаць пратакол, адзначыўшы, што лаянка яму падалася, “толькі, каб  у прэсе больш нічога не было”. Праз паўгадзіны пасля затрымання Леанід Дубаносаў быў вызвалены без складання пратакола. У знак кампенсацыі актывіста дадому адправілі на службовай машыне.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

2 чэрвеня рэдакцыя баранавіцкага выдання «Intex-press» атрымала ад арганізацый сістэм распаўсюду адмову ў супрацоўніцтве на другое паўгоддзе 2014 года. Ад усіх прыйшлі нічым не матываваныя адмовы. «Белпошта» адзначыла, што фармаванне падпіснога каталогу друкаваных СМІ з'яўляецца правам РУП «Белпошта», што ўдзельнікі грамадзянскіх праваадносін «вольныя ва ўсталяванні сваіх правоў» і «на падставе вышэйзгаданага ўключэнне ў каталог «Intex-press» не падаецца магчымым». Брэсцкі філіял «Белпошта» і «Брэстаблсаюздрук» адказалі прыкладна тое ж, папярэдзіўшы рэдакцыю, што «прымус да заключэння дамоваў не дапускаецца». Баранавіцкае выданне «Intex-press» было выключана з дзяржаўных сістэм распаўсюду ў 2006 годзе і з таго часу неаднаразова спрабавала аднавіць супрацоўніцтва, але кожны раз беспаспяхова.

9 чэрвеня журналістка з Бабруйска Марына Малчанава позвай была выклікана да маёра міліцыі Сяргея Рудзько ў мясцовы РУУС "для правядзення размовы". Размова прайшла без пратаколаў і нейкіх запісаў, яе сутнасць засталася для журналісткі незразумелай. Маёр паказаў ёй фотаздымкі з нейкай акцыі, якую яна бачыла ўпершыню, і прасіў назваць імёны людзей, якія ў ёй удзельнічалі. Сяргей Рудзько не паверыў у тое, што яна не з'яўляецца аўтарам вышэйзгаданых фотаздымкаў. А пасля пачаў выпытваць, дзе яна працуе, якім імем падпісвае свае матэрыялы і т.п. Пасля гадзіны падобных размоваў Марына Малчанага сказала, што калі гэта проста "размова", якая не прывязана ні да якіх артыкулаў і заведзеных спраў, яна намерана сысці. У журналісткі склалася ўражанне, што супрацоўнік міліцыі хацеў зрабіць з яе ўласнага інфарматара. Марына Малчанава выказала намер абскардзіць дзеянні Сяргея Рудзько ў пракуратуру.

 

11 чэрвеня Брэсцкая абласная пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне незалежнаму журналісту Максіму Хлябцу аб недапушчальнасці супрацоўніцтва з замежнымі CМІ без акрэдытацыі. Падставай для папярэджання сталі два артыкулы, якія з’явіліся на сайце “Беларускага радыё Рацыя”: “У Горадзе над Бугам будуць гукаць вясну” і “У Берасці адзначылі сусветны Дзень паэзіі”, якія з’явіліся ў сакавіку мінулага года. Афіцыйнае папярэджанне ўручыла пракурор Бахарава.

 

16 чэрвеня гродзенскага журналіста Андрэя Мялешку суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ і аштрафаваў на 30 базавых велічынь. Суд прыйшоў да высновы, што, рыхтуючы матэрыял для “Беларускага Радыё Рацыя” (Беласток, Польшча), Андрэй Мялешка дзейнічаў без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі і парушаў артыкул 22.9 Адміністратыўнага кодэкса. Падставай для завядзення справы супраць журналіста стала публікацыя, размешчаная 17 красавіка на інтэрнэт-старонцы “Беларускага Радыё Рацыя” і падпісаная псеўданімам Ігар Мікалаеў. Супрацоўнікі міліцыі на падставе сабраных сведчанняў сцвярджалі, што гэтая публікацыя была падрыхтаваная менавіта Андрэем Мялешкам, які не меў права працаваць без акрэдытацыі МЗС Беларусі. На папярэдніх пасяджэннях 4 і 11 чэрвеня суддзя Дзмітрый Кедаль спачатку выклікаў для ўдзелу ў працэсе дадатковых сведак, а пасля зрабіў запыт адносна вынесеных Андрэю Мялешку папярэджанняў пракуратуры за працу без акрэдытацыі.

 

17 чэрвеня прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч выказала занепакоенасць з нагоды павелічэння колькасці штрафаў беларускім журналістам за працу без акрэдытацыі. “Я занепакоеная, бо гэтая практыка можа эфектыўна забараніць журналістам выконваць сваю працу (…). Акрэдытацыя не павiнна быць ліцэнзіяй на дзейнасць, і яе адсутнасць не павінна абмяжоўваць журналістаў у іх праве працаваць і свабодна выказваць сваё меркаванне, – адзначыла спн. Міятавіч. – Усе журналісты павінны мець тыя ж прафесійныя правы, што і журналісты зарэгістраваных СМІ, – у тым ліку права на пошук і распаўсюд інфармацыі”. Дуня Міятавіч таксама паведаміла, што 5 чэрвеня яна напісала міністру замежных спраў Уладзіміру Макею пра неабходнасць перагледзець патрабаванні акрэдытацыі журналістаў.

 

24 чэрвеня прэзідыум Вярхоўнага суда прыняў рашэнне накіраваць зыск уладальніка фірмы “БЕЛСАТплюс” Андрэя Белякова супраць тэлеканалу “Белсат” на новы разгляд у сувязі з нібыта недасканалым вывучэннем доказаў па справе. Хадайніцтва пра гэта было накіравана ў Прэзідыум ВС намеснікам старшыні Вярхоўнага суда Аляксандрам Федарцовым. Афіцыйны прадстаўнік тэлеканалу “Белсат” Міхась Янчук падчас пасяджэння даводзіў, што назва і лагатып тэлеканалу зарэгістраваны ў Польшчы ў 2006-м годзе ў адпаведнасці з усімі еўрапейскімі юрыдычнымі нормамі і ніякім чынам не могуць парушаць правы Андрэя Белякова. Па словах жа Белякова, яго кампанія “БЕЛСАТплюс”, што займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання, нібыта церпіць страты з-за сугучнасці з назвай тэлеканала. Нагадаем, што зыск супраць тэлеканалу быў пададзены Беляковым яшчэ ў траўні 2013 года, а 27 студзеня 2014-га калегія Вярхоўнага суда зыск адхіліла ў сувязі з тым, што Белякоў не прадставіў доказаў парушэння яго выключных правоў на гандлёвы знак. Цяпер жа, паводле рашэння Прэзідыума ВС, зыск Белякова супраць “Белсата” будзе слухацца наноў.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

5 чэрвеня некалькі дзесяткаў жыхароў Віцебска накіравалі калектыўны ліст у Савет Міністраў з просьбай паспрыяць змяненню рашэння Віцебскага гарвыканкама №881 ад 10.07.2009 г., якое рэгламентуе правілы звароту да ўладаў з заяўкамі на вулічныя акцыі. Віцябляне просяць таксама, каб Саўмін ініцыяваў зварот у Канстытуцыйны суд дзеля праверкі адпаведнасці гэтага дакумента Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Зварот ініцыяваў каардынатар Руху "За Свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў. Ён тлумачыць неабходнасць гэткіх захадаў поўнай немагчымасцю правесці масавыя акцыі з ініцыятывы грамадскіх актывістаў, паколькі ўлады патрабуюць, каб разам з заяўкай на акцыю ініцыятары прыкладалі дамовы на абслугоўванне супрацоўнікамі міліцыі, ЖКГ і медыкамі, а гэтыя структуры ўхіляюцца ад заключэння дамоў любымі магчымымі шляхамі. Змусіць да заключэння дамоў праз суды таксама не ўдавалася ні разу.

 

10 чэрвеня мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун атрымаў адказ з сакратарыяту Канстытуцыйнага суду на свой зварот. Пытанні і прапановы праваабаронца агучыў на прыёме грамадзян старшынёй КС, які праходзіў у Мазыры 28 траўня. Праваабаронца паставіў перад старшынёй КС некалькі пытанняў. У прыватнасці, прасіў праверыць на адпаведнасць Канстытуцыі рашэння Мазырскага райвыканкаму аб масавых мерапрыемствах, выканаць якое на практыцы немагчыма. Згодна рашэнню, заяўнік мітынгу ці пікету павінен заключыць дамовы са спецыяльнымі службамі да атрымання дазволу з выканкаму. Службы ж дамовы не заключаюць, спасылаючыся на адсутнасць дазволу на правядзенне мерапрыемства з боку выканкаму. Як вырашыць дадзенае пытанне, якія механізмы выканання рашэння выканкаму – адказ на гэтыя пытанні праваабаронца не атрымаў ні ў мясцовых улад, ні ў абласных, ні ў судах. У адказе з сакратарыяту Канстытуцыйнага суду замест разгляду звароту па сутнасці гаворыцца, што «нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем заканадаўства ў сферы мясцовага кіравання і самакіравання ажыццяўляць Генеральны пракурор і падначаленыя яму пракуратуры». Грамадзяне ж, згодна адказу з сакратарыяту КС, «звяртаюцца з ініцыятывай аб унясенні прапаноў, разгляд якіх падведамны КС, да прэзідэнта і органаў, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны суд прапаноў».

 

12 чэрвеня пенсіянеру Васілю Хадзькову чыноўнікі Мінскага гарвыканкама ў пяты раз за апошнія паўгода адмовілі ў пікетаванні. Акцыя была запланавана на 15 чэрвеня каля слупа з асвятляльным ліхтаром, што пасярод скверу “Палянка” паміж вуліцамі Лібкнехта, Карпава і Люксембург ў Маскоўскім раёне сталіцы. Прычым заяўнік звярнуў увагу чынавенства на тое, што прапанаванае месца пікетавання адпавядае нормам Закону Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Пад час акцыі з удзелам заяўніка і на ягоныя сродкі меркавалася выкарыстаць плакаты наступнага зместу: “Дом знеслі (2009 год), метро пусцілі (2012 год), а кватэру дать забылі!”, “У Канстытуцыi правы i свабоды – на паперы, а мне яны патрэбныя у жыццi!” і “На выснове якой нормы права мне – уласніку знесенага дома адмоўлена ў новай кватэры?”. Аднак чыноўнікі адмовілі пенсіянеру ў правядзенні акцыі на падставе таго, што 15 чэрвеня УП “Зяленбуд Маскоўскага раёна горада Мінска” з удзелам грамадскасці будзе праводзіць працы па добраўпарадкаванню сквера “Палянка”. Трэба адзначыць, што ранейшыя адмовы на правядзенне акцыі ў гэтым жа месцы матываваліся таксама неабходнасцю добраўпарадкавання тэрыторыі скверу і пакосам травы. 

 

13 чэрвеня чатыры дзясяткі жыхароў Глыбокага падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў, дзе выкладзена просьба аб ініцыяванні звароту ў Канстытуцыйны суд з мэтай ацэнкі рашэння Глыбоцкага райвыканкаму №167 "Аб вызначэнні месцаў для правядзення мітынгаў і пікетавання" на адпаведнасць Асноўнаму закону. Глыбоцкі актывіст Зміцер Лупач мэту звароту тлумачыць тым, што пасля прыняцця рашэння райвыканкаму ў цяперашнім ягоным выглядзе не было дазволена ніводнай масавай акцыі. У рашэнні ёсць пункт, згодна з якім трэба разам з заяўкай падаваць копіі дамоваў на абслугоўванне акцыі службамі ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай, але без дазволу на правядзенне мерапрыемства ніхто не бярэцца заключаць такія дамовы -- атрымліваецца зачараванае кола.

 

15 і 17 чэрвеня Гомельская абласная арганізацыя партыі левых «Справядлівы свет» планавала правесці пікеты, але атрымала адмову з гарвыканкама. Мэтай пікета 15 чэрвеня была «падтрымка дзеянняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па барацьбе са злоўжываннямі і карупцыяй сярод чыноўнікаў», пікет, планаваны на 17 чэрвеня, меў мэту папулярызацыі сярод жыхароў Гомеля кампаніі партыі «Справядлівы свет» «Стоп кошты». Прычына адмовы - невыкананне пунктаў рашэння гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах», а дакладней – адсутнасць платных дамоў на медыцынскае абслугоўванне падчас правядзення пікетаў і ўборку тэрыторыі пасля іх правядзення. Старшыня абласной арганізацыі партыі Уладзімір Сякерка адзначыў, што заяўнікі пікетаў своечасова падалі заявы на заключэнне дагавораў з прадпрыемствам «ГОРСАП» і цэнтральнай паліклінікай, аднак і камунальныя службы, і «хуткая дапамога» па надуманых прычынах адмовіліся заключаць дамовы. Станцыя хуткай дапамогі спаслалася на «загружанасць станцыі ў летні час», а «ГОРСАП» - на «востры недахоп прыбіральшчыкаў вулічнай тэрыторыі». Гомельская цэнтральная гарадская паліклініка, да якой і належыць станцыя хуткай дапамогі, на заяву наогул адказу не дала. У адрас Гомельскага гарвыканкаму накіраваны ліст з просьбай прыняць меры па безумоўным выкананні з боку прадпрыемства «ГОРСАП» і Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі рашэння гарвыканкаму, а таксама даць інфармацыю: з якімі юрыдычнымі асобамі можна заключыць дагавор на медыцынскае абслугоўванне падчас правядзення масавага мерапрыемства. У адрас «ГОРСАП» і цэнтральнай паліклінікі таксама накіраваныя лісты з просьбай вызначыць даты, калі яны змогуць аказаць паслугі, вызначаныя рашэннем гарвыканкаму. Адначасова 23 чэрвеня ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля накіравана скарга на дзеянні службовых асоб дзяржаўных органаў, якія ўшчамляюць канстытуцыйнае права на свабоду правядзення масавых мерапрыемстваў і як следства - на свабоду выказвання свайго меркавання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства