Брэст: у гарвыканкам пададзена заяўка на пікет супраць росту коштаў на тавары і паслугі
Ініцыятыва правядзення такой акцыі належыць мясцовай суполцы Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, а сам пікет плануецца правесці 17 ліпеня ўвызначаным для гэтага гарадскімі ўладамі месцы – парку воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Паводле кіраўніка Брэсцкай гарадской арганізацыі партыі “Справядлівы свет” Людмілы Дзенісенкі, мэтай пікету будзе выказванне пратэсту супраць неўтаймаванага росту коштаў, што ў першую чаргу адбіваецца на пенсіянерах і маламаёмасных катэгорыях насельніцтва. Пры гэтым, на думку партыйнай актывісткі, людзей больш за ўсё абурае, што ўлады нават не лічаць неабходным тлумачыць, чаму ў чарговы раз узрастаюць кошты на той ці іншы тавар – асабліва калі гэта тычыцца прадуктаў харчавання, якія вырабляюцца ў Беларусі. “Раней нам казалі, што падвышэнне звязана з тым, што даражэюць расійская нафта ці газ, ёсць праблемы з курсам беларускага рубля адносна іншых валют, але зараз нават такія тлумачэнні ніхто з кіраўнікаў дзяржавы не робіць”, - звяртае ўвагу Людміла Дзенісенка, распавядаючы пра неабходнасць праз пікетаванне даць людзям мажлівасць выказаць сваё стаўленне да набалелых пытанняў, што хвалююць грамадства.