Баранавічы: грамадскія актывісты напісалі скаргу на дзеянні чыноўнікаў гарвыканкама
2 ліпеня індывідуальныя прадпрымальнікі Мікалай Чарнавус і Аляксандр Вайцешык напісалі скаргу ў кнізе заўваг і прапаноў Баранавіцкага гарвыканкама на дзеянні гарадскіх чыноўнікаў. Грамадскіх актывістаў абурылі абыякавыя адносіныгарадскіх чыноўнікаў да людскіх праблем. Яны напісалі ў кнізе скаргаў, што 1 ліпеня каля 300 індывідуальных прадпрымальнікаў прыйшлі ў гарвыканкам, каб абмеркаваць з кіраўніцтвам горада праблемы горада і малога бізнеса. Але ніхто з чыноўнікаў да іх не выйшаў, нягледзячы на тое, што старшыня гарвыканкама Юрый Грамакоўскі, яго намеснікі, а таксама начальнік упраўлення эканомікі Раіса Уласевіч былі на працоўных месцах і добра ведалі, што поўная зала людзей чакае іх, каб разам пагаварыць пра набалелае.
– Чыноўнікі ўсіх узроўняў любяць пахваліцца, што яны служаць найперш народу, і інтарэсы людзей ў іх стаяць на першым месцы. Вось мы на практыцы і пераканаліся, як яны цікавяцца нашымі праблемамі, – паведаміў Аляксандр Вайцешык.
Мікалай Чарнавус і Аляксандр Вайцешык папрасілі кіраўніцтва горада правесці праверку па гэтаму факту і адказаць: чаму ніхто з чыноўнікаў не выйшаў да людзей?
фота: Мікалай Чарнавус і Аляксандр Вайцешык перад будынкам Баранавіцкага гарвыканкама