viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Адна з найважнейшых задач беларускага грамадства — дамагчыся справядлівых выбараў

2014 2014-06-26T13:55:25+0300 2016-05-26T21:32:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-online-naviny.by.jpg
Алесь Бяляцкі падчас анлайн-канферэнцыі на сайце інтэрнэт-газеты Naviny.by

Алесь Бяляцкі падчас анлайн-канферэнцыі на сайце інтэрнэт-газеты Naviny.by

Былы палітвязень Алесь Бяляцкі, які вызваліўся па амністыі 21 чэрвеня, збіраецца браць удзел у прэзідэнцкай кампаніі 2015 года выключна як праваабаронца. Пра гэта ён заявіў 25 чэрвеня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Бяляцкі зазначыў, што паводле беларускіх законаў ён не мае права балаціравацца на пасаду прэзідэнта, таму што нарадзіўся ў іншай краіне — Расіі.

На думку Бяляцкага, адна з самых галоўных задач беларускага грамадства — дамагчыся справядлівых выбараў. "Удасца гэта нам ці не, ад гэтага залежыць наша будучае жыццё", — дадаў ён.

"Працэс выбараў у нас суправаджаецца масавымі парушэннямі заканадаўства, і наша задача — адсочваць гэтыя парушэнні, прыцягваць увагу беларускіх улад, нашай і міжнароднай грамадскасці, дабівацца справядлівасці", — сказаў былы палітвязень.

Паводле слоў Бяляцкага, працы для праваабаронцаў у Беларусі шмат, таму што "асноўныя праблемы — з захаваннем дзяржаўнасці, незалежнасці, развітай эканомікай, дэмакратыяй і правамі чалавека — не вырашаныя". Галоўным кірункам сваёй праваабарончай дзейнасці былы палітвязень бачыць "абарону грамадзянскіх і палітычных правоў".

Каментуючы спрэчкі аб мэтазгоднасці ўдзелу апазіцыі ў выбарах, Бяляцкі зазначыў: "З аднаго боку, выбараў, як самой працэдуры, не існуе. Браць удзел у гэтым шоу і наіўна спадзявацца на тое, што ты можаш дамагчыся нейкіх сапраўдных лічбаў на гэтых выбарах, не даводзіцца. Але разглядаць выбарчую кампанію як грамадскую, каб данесці сваё слова да людзей, можа, сэнс і ёсць".

На думку праваабаронцы, магчымы ўдзел або няўдзел у выбарах "трэба абмяркоўваць мірам, зыходзячы з канкрэтных рэалій, канкрэтнай сітуацыі". "На сёння, як мне бачыцца, кампанія 2015 года не дае перспектыў для беларускага грамадства, каб пераламаць гэту сітуацыю ў нейкае справядлівае рэчышча", — мяркуе Бяляцкі.

Адказваючы на пытанні пра свой арышт, праваабаронца заявіў, што не вінаваціць Польшчу і Літву за перадачу беларускім уладам звестак, якія сталі прычынай для яго крымінальнага пераследу. "Да гэтага мелі дачыненне асобныя чыноўнікі Літвы і Польшчы, а не ўлады гэтых краін. Улады ж якраз паслядоўна падтрымліваюць дэмакратычныя перамены ў Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што ўсе ў гэтай сітуацыі зрабілі патрэбныя высновы", — сказаў Бяляцкі.

На пытанне, чаму ў 2011 годзе ён не застаўся за мяжой, калі ўжо было вядома аб яго магчымым арышце ў Беларусі, Бяляцкі адказаў: "За мяжой я не знаходзіўся, але ў той перыяд, сапраўды, я некалькі разоў выязджаў з Беларусі на кароткі час для выкладання ў вільнюскім Доме правоў чалавека. Улады і хацелі, каб я застаўся за мяжой, гэта была б цудоўная магчымасць для кампраметацыі мяне як праваабаронцы і як чалавека. Таму я прыняў рашэнне адстойваць сваю невінаватасць тут, у Беларусі".

Праваабаронца нагадаў, што не прызнаў сваю віну ў судзе, не пісаў ніякіх просьбаў аб памілаванні і працягвае лічыць сябе невінаватым. "Такія ж сродкі націску на праваабаронцаў за нібыта няўплату падаткаў прымяняюць і іншыя аўтарытарныя рэжымы, у прыватнасці, за гэта мае калегі ў Азербайджане і Іране сядзяць у турме", — зазначыў Алесь Бяляцкі.

Прычынай свайго арышту ён лічыць "палітычны разлік". "І прычынай вызвалення стаў таксама пэўны палітычны разлік. Перш за ўсё рэжым зараз думае аб нармалізацыі адносін з Еўрапейскім саюзам, які якраз і настойвае на вызваленні ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі", — сказаў праваабаронца, нагадаўшы, што ў краіне "застаюцца яшчэ сем палітвязняў".

"Ні нам, ні беларускім уладам, ні Еўрасаюзу, ні міжнароднай супольнасці нельга забываць пра гэта ні ў якім выпадку", — падкрэсліў Бяляцкі.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры.

Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо праваабарончы цэнтр "Вясна" працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што ўрон, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, быў поўнасцю кампенсаваны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Бяляцкі быў вызвалены па амністыі 21 чэрвеня пасля таго, як адбыў у калоніі больш за дзве траціны свайго тэрміну, сумарна — 1.050 дзён.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства